Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч супраць газэты “Народная Воля” (абноўлены)


Ганна Соусь, Менск У Ленінскім судзе Менску працягваўся разгляд пазову старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі С.Гайдукевіча да газэты “Народная Воля”. Сёньня вырашаўся шэраг працэдурных пытаньняў, якія папярэднічаюць рашэньню суду аб прызначаэньні экспэртна-крыміналістычнай экспэртызы арыгіналу факса, надрукаванага ў “Народнай Волі”.

Прадстаўнікі Сяргея Гайдукевіча склалі шэраг пытаньняў для правядзеньня судовай экспэртызы і перадалі іх галоўнаму рэдактару “Народнай Волі” Іосіфу Сярэдзічу. Паводле Сяргея Гайдукевіча, факс, у якім гаварылася аб запазычанасьці лідэра ЛДП ірацкаму боку, быў дасьледаваны на яго ініцыятыву экспэртамі-крыміналістамі Міністэрства ўнутраных справаў, і тыя пастанавілі, што гэта фальшыўка.

(Гайдукевіч: ) “Канечне, зрабіў, таму што я ведаю, што гэта фальшыўка. Пра гэта потым будзе паведамлена суду. І даведка адпаведная прадстаўленая суду пра тое, што гэта мантаж. Калі вы возьмеце “Народную Волю”, то ўбачыце… Прыйшоў факс у партыю, а там пячатка амбасады Іраку. Што ў мяне, амбасадар Іраку ў офісе сядзеў? Атрыбуты амбасады цалкам не адпавядаюць. Нават арабская вязь не з правага, а зь левага боку. Дакумэнт фальшывы”.

На мінулым судовым паседжаньні прадстаўнікі Гайдукевіча падалі хадайніцтва аб правядзенні экспэртызы на прадмет высьвятленьня сапраўднасьці апублікаванага ў “Народнай Волі” факсу. Заўтра судзьдзя Любоў Валевіч прыме рашэньне, прызначаць ці не прызначаць экспэртна-крыміналістычную экспэртызу арыгіналу факса.

Нагадаю, што лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч патрабуе абвергнуць інфармацыю, апублікаваную ў газэце, у адпаведнасьці зь якой Лібэральна-дэмакратычная партыя мела фінансавыя кантакты з рэжымам Хусэйна і запазычыла каля 1 мільёну даляраў у выніку ўгодаў з ірацкай нафтай. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукеквіч патрабуе ад газэты 200 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за зьнявагу ягонага гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Сёньня ў перапынку паміж паседжаньнямі я зьвярнулася да былога намесьніка старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Аляксандра Рабатая, які на судовым працэсе распавядаў пра сувязі Сяргея Гайдукевіча з рэжымам Садама Хусэйна:

(Рабатай: ) “Лібэральна-дэмакратычная партыя мела афіцыйнае пагадненьне з партыяй БААС. Што тычыцца сяброўства ня толькі ЛДП, але шэрагу палітычных арганізацыяў і рухаў, у тым ліку з Расеі, то гэта не сакрэт, што яны ўваходзілі ў “багдадзкі клюб” палітычных сяброў рэжыму Садама Хусэйна. Што тычыцца надрукаванага дакумэнта ў “Народнай Волі”, у якім сказана, што Сяргей Гайдукевіч не вярнуў доўгу… Я не юрыст, не крыміналіст, але наколькі мне вядома, там ёсьць доля праўды, нават вельмі вялікая. Таму што напярэдадні вайны ў сакавіку 2003 году многія ўдзельнікі гэтага “клюбу” не разьлічыліся з садамаўскім рэжымам па тых канфідэнцыйных, юрыдычна аформленых пагадненьнях”.

Судовыя слуханьні на пазоў Сяргея Гайдукевіча працягнуцца заўтра а 9 раніцы. Заўтра ж на 12 гадзіну ў гарадзкім судзе Менску прызначаная перадсудовая гутарка бакоў, зьвязаная з падачай у суд пазоваў ад чатырох жыхароў Салігорску, якія сьцьвярджаюць, што яны не падпісваліся пад зваротам руху “Воля народу”, які быў надрукаваны ў “Народнай Волі”, і патрабуюць кожны па 50 мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG