Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец 23-ты дзень галадуе за кратамі (дапоўнены)


Уладзімер Глод, Менск Адзін з актывістаў беларускай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец 23-ты дзень трымае галадоўку ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары. Пра гэта нашаму радыё паведаміў адвакат былога парлямэнтара Міхаіл Хоміч.

6 чэрвеня Міхаіл Хоміч паведаміў, што экс-дэпутат па-ранейшаму трымае галадоўку. Як і раней, ён п’е толькі ваду. Апошні час Сяргей Скрабец скардзіцца на галаўны боль, бяссоньніцу. Але спыняць галадоўкі ён пакуль намеру ня мае. Паводле адваката, спадар Скрабец, які ў свой час вывучаў мэтады галадаваньня ў Тыбэце, гаворыць, што бязь ежы можна абыходзіцца да сарака дзён:

(Хоміч: ) “Ён мне казаў, што мяжа галадаваньня, за якой становіцца надзвычай рызыкоўна, дзесьці 40—41 дзень. Аднак гэта вельмі-вельмі рызыкоўна”.

(Карэспандэнт: ) “Але ён двойчы быў у Тыбэце...”

(Хоміч: ) “У Тыбэце адны ўмовы, а ў Берасьці іншыя”.

Памочнік экс-дэпутата Сяргей Галаганюк хвалюецца за стан яго здароўя, але чарговы раз нагадвае пра ўпартасьць і рашучасьць Сяргея Скрабца:

(Галаганюк: ) “Ён ніколі не адступае, будзе ісьці да канца”

Справу Сяргея Скрабца вядзе берасьцейскі сьледчы Андрэй Ліванаў. Спадар Ліванаў гаворыць, што былы парлямэнтар па-ранейшаму адмаўляецца даваць паказаньні:

(Ліванаў: ) “Пакуль ён знаходзіцца пад вартай. Галадоўку, паводле маіх зьвестак, пакуль не спыніў. Ад паказаньняў адмаўляецца. Таму ў лёсе Сяргея Мікалаевіча Скрабца на сёняшні дзень няма ніякіх зьмяненьняў”.

Сьледчы нагадаў, што экс-дэпутата можна трымаць пад вартай цягам двух месяцаў, але закон дазваляе пры неабходнасьці працягнуць гэты тэрмін. Таму казаць пра тое, калі завершыцца сьледзтва, сёньня яшчэ рана.

Спадар Ліванаў пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што малодшы брат Сяргея Скрабца — Аляксандар, які быў затрыманы па гэтай жа справе на трое сутак, вызвалены на волю пад падпіску пра нявыезд:

(Ліванаў: ) “Арыштоўваць яго пакуль падставаў няма. Ён патлумачыў сытуацыю. У прынцыпе, ёсьць падставы яму верыць, да таго ж, тое-сёе мы праверылі. Таму падставаў для арышту яго сёньня пакуль няма”.

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Летам 2004 году ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ.

Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG