Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народную волю” можа змыць іракская нафта


Галіна Абакунчык, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы – 6 чэрвеня.

У артыкуле пад назваю “Эўранонсэнс” “Белорусская газета” заяўляе, што рэфэрэндумы ў Францыі й Галяндыі 29 траўня й 1 чэрвеня вырашылі лёс ня толькі эўрапейская Канстытуцыі. Не прагаласаваўшы за эўраканстытуцыю, грамадзяне гэтых краінаў ускосна падтрымалі Аляксандра Лукашэнку – піша газэта. Беларускаму прэзыдэнту чарговы раз пашанцавала: бліжэйшымі месяцамі ня толькі Эўропе, але й усяму сьвету будзе крыху не да нас – піша "Белорусская газета". Артыкул называецца “Францыя й Галяндыя дапамаглі гаранту”.

Яшчэ адзін тыднёвік “Беларускі рынак” сёньня друкуе артыкул пад назваю “Народную волю” можа “змыць” іракская нафта”. Гаворка вядзецца пра судовы працэс у дачыненьні рэдакцыі газэты з боку старшыні ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча. Колішні кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду патрабуе спагнаць з незалежнага выданьня 200 тысячаў рублёў у якасьці маральнай кампэнсацыі за распаўсюджваньне, нібыта, ілжывых зьвестак пра супрацоўніцтва спадара Гайдукевіча з рэжымам ірацкага дыктатара Садама Хусэйна.

Тыднёвік “Брэсцкая газэта” паведамляе, што берасьцейскаму абласному ліцэю прысвоенае імя Пятра Машэрава. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што такое рашэньне чыноўнікі аблвыканкаму Берасьця прынялі 5 траўня. А 7 траўня Аляксандр Лукашэнка загадаў перайменаваць праспэкт Машэрава ў Менску, што паспрыяла большай папулярызацыі гэта камуністычнага лідэра – піша газэта”.

Акрамя таго, “Брэсцкая газэта” паведамляе, што ў Баранвіцкім раёне праводзіцца масавы адстрэл лісаў. Прычынай таму ёсьць прыклады больш частых кантактаў людзей з хворым на шаленства жывёламі. Так, у адной зь вёсак ліса прыбегла на падворак і пакусала сабаку. Гаспадарам сабакі давялося праходзіць курс лячэньня. Гэткім чынам, егеры зьнішчаюць лісаў, каб папярэдзіць выпадкі шаленства ў жывёлаў і перадачы хваробы людзям. Толькі сёлета тут было застрэлена 70 лісаў, а за год ад рук людзей гіне каля 200 жывёлінаў.
XS
SM
MD
LG