Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вучні ў Вільні зрабілі дакумэнтальны фільм, атрымалі прыз за лепшую апэратарскую працу


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму пра Скарынаўскую школу і беларускія асьветніцкія традыцыі Віленшчыны. Фільм, які стварылі беларускія старшаклясьнікі, быў уганараваны прызам за лепшую апэратарскую працу.

Самі стваральнікі называюць свой твор міні-фільмам, але у ім зьмясьціўся аповед пра сучасную беларускамоўную школу у Вільні, пра беларускія традыцыі і гісторыю, у ім узялі удзел і сказалі сваё слова і цяперашнія вучні і настаўнікі, і былая вучаніца Віленскай беларускай гімназіі Галіна Войцік, і нават сам Скарына.

Зрабілі фільм вучні 9-й, 10-й і 11-й клясаў Віленскай беларускамоўнай школы імя Ф.Скарыны, якія бяруць удзел у працы “Моладзевай студыі” („Jaunimo studija“), тэлеперадачы пра моладзь і для моладзі, якую ствараюць, фільмуюць і мантуюць не прафэсіяналы, а вучні.

У Літве фільм паказалі кабэльныя тэлеканалы “Вініта”, “Рыгведа”, “Полсат”, а цяпер ён быў прадстаўлены на узроўні гораду у адным з найбуйнейшых віленскіх кіназалаў “Летува”.

Магчымасьць стварыць фільм пра сябе самім беларускія вучні мелі дзякуючы адмысловыму праекту, які прыдумала і зьдзейсьніла рэжысэр-дакумэнталіст Натальля Юхневіч разам зь Віленскай гімназіяй імя Васіля Качалава. Ідэя адлюстроўвала віленскія рэаліі, дзе стагодзьдзямі разьвіваюцца і узаемадзейнічаюць розныя нацыянальныя культуры, гучаць розныя мовы: разам працавалі творчыя групы зь пяці школаў – беларускай, гэбрайскай, літоўскай, рускай і польскай, – кожная стварыла па фільму пра саміх сябе і сваіх сяброў на роднай мове.

(К. Скалдзіна: ) “Гэта быў фільм, кожная школа рабіла як-бы рэклямны фільм, каб запрасіць вучняў у сваю школу. Кожная школа рабіла па пяць хвілінаў, мы – таксама. Наш фільм атрымаўся вельмі добра, усім больш за ўсё спадабаўся.”

У беларускай творчай моладзевай групе Крыстына Скалдзіна была рэдактарам і чытала закадравы тэкст.

Каардынатар беларускай моладзевай тэлегрупы, настаўніца Віленскай скарынаўскай школы Эдзіта Шукевіч распавяла пра першы прыз, якім адзначаны фільм беларускіх школьнікаў:

(Шукевіч: ) “Наш фільм быў ужо прадстаўлены на фэстывалі дзіцячых і юнацкіх фільмаў – на фэстывалі “Алітаус канканы”, у гэтым годзе. І зь пяці намінацыяў мы атрымалі прыз за адну – наш фільм ацанілі як лепшую апэратарскую работу.”

У якасьці апэратараў свае сілы спрабавалі Натальля Вераценьнікава і Канстанцін Сарокін. Сам Канстанцін адзначае найперш тое, што яго працу ацаніла адна з лепшых апэратараў на Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі, якая стала фільмуе для беларускай тэлеперадачы “Віленскі сшытак”, Натальля Калесьнік.

(Сарокін: ) “Апэратарка, якая працуе на ЛТВ і фільмуе для “Віленскага сшытку”, паціснула мне руку і запрасіла супрацоўнічаць!”

Юліяна Жыровіч, якая спрабавала сябе у якасьці сцэнарыста, рэжысэра, кажа, што наперадзе – праца для рэгіянальных тэлеканалаў.

(Жыровіч: ) “У наступным годзе мы будзем яшчэ далей працаваць і можа будзем працаваць на “Вільняус ТВ” ці на “Пятым канале””.

Каардынатарка беларускай групы, Эдзіта Шукевіч, мае шматгадовы досьвед журналісцкай і рэдактарскай працы ў беларускіх праграмах на літоўскім нацыянальным радыё.

(Шукевіч: ) “Мне, як каарданатыру з нашай школы гэтага праекту, трэба, можа быць, толькі вучыцца у тых людзей, якія працуюць на тэлебачаньні. Мы толькі прыйшлі у гэтую прафэсію, калі можна так сказаць. Але, я думаю, мы маглі бы прапанаваць менавіта тыя тэмы, якія цікавыя юнацтву, маладым людзям, якія пачынаюць жыць. Яны бачаць сьвет па-іншаму, з іншага ракурсу, і у Беларусі, думаю, цікава было б паглядзець, чым жывуць віленскія маладыя беларусы.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG