Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат гарсавету судзіцца з кіраўніцтвам краязнаўчага музэю


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня суд Цэнтральнага раёну Гомеля разглядаў пазоў дэпутата гарсавету Юрася Глушакова да дырэкцыі абласнога краязнаўчага музэю. Спадар Глушакоў дамагаецца адмены шматлікіх пакаранняў, вынесеных яму як старшаму навуковаму супрацоўніку музэю. З Гомеля перадае наш карэспандэнт.

За тыя некалькі месяцаў, што новы дырэктар абласнога краязнаўчага музэю Аляксандр Алейнік правёў на сваёй пасадзе (прыйшоўшы на пасаду з управы ідэалёгіі аблвыканкаму), ён пасьпеў пакараць старэйшага навуковага супрацоўніка Юрася Глушакова трыма вымовамі і заўвагай.

У судзе спадар Глушакоў патлумачыў, што спагнаньні яму выносяць найперш з прычыны ягонай актыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьці. Пра гэта ён распавёў і Радыё Свабода:

(Глушакоў: ) “Я зьяўляюся актыўным удзельнікам грамадзкага руху “Разам” – руху, які вельмі крытычна ставіцца да існуючага ў Беларусі рэжыму. Апошнім часам, калі ў музэі зьмянілася кіраўніцтва – кажуць, што наш былы дырэктар таксама быў звольнены з прычыны палітычных меркаваньняў, бо зьяўляўся сябрам Партыі камуністаў Беларускай, – наша новае кіраўніцтва распачало моцны ўціск на ўсіх нас, супрацоўнікаў музэю, каб мы сталі поўнасьцю лаяльнымі да існуючай улады і існуючай адміністрацыі. Зразумела, гэта адно цэлае. Мы з гэтым не пагадзіліся. Такім чынам, я атрымаў тры вымовы і адну заўвагу”.

Дырэктар музэю спадар Алейнік ад камэнтару Радыё Свабода адмовіўся.

У судзе ён імкнуўся даказаць, што Юрась Глушакоў сыстэматычна спазьняецца на працу. У якасьці сьведак прывёў некалькі супрацоўнікаў. Як высьветлілася, адна з вымоваў спадару Глушакову вынесена за 1-хвіліннае спазьненьне.

За судом назіраў прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Віктар Адзіночанка. З нагоды ўціску дырэкцыі музэю на спадара Глушакова ён сказаў наступнае:

(Адзіночанка: ) “Я ведаю прычыны такога стаўленьня да Юрася Гушакова. Ён зьяўляецца дэпутатам гарсавету. Ён некалькі разоў спрабаваў разам са сваімі выбарцамі правесьці мітынг пратэсту супраць камунальных плацяжоў. Менавіта пасьля гэтага ў яго пачаліся ўсе непрыемнасьці. Абвінавачваньні ў тым, што ён спазьніўся на адну хвіліну, прычым, адміністрацыя не адмаўляе гэта, я лічу, абсалютнае глупства.

Таксама факт, што ў гэтым жа музэі гэты ж чалавек, дырэктар Аляксандр Людвігавіч Алейнік, звольніў Марыю Багдановіч. І таксама няма ніякага сумневу ў тым, што яна звольнена з прычыны палітычнай дзейнасьці”.

Судзьдзя Віктар Казачок, які разглядае пазоў дэпутата Глушакова да дырэкцыі музэя наконт скасаваньня спагнаньняў, паведаміў, што рашэньне абвесьціць у будучы панядзелак.
XS
SM
MD
LG