Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі ўзмацняюцца палітычныя рэпрэсіі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 1 чэрвеня). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: старшыня незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і намесьнік галоўнага рэдактара “Белорусской газеты” Віктар Марціновіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Мікола Статкевіч і Павал Севярынец атрымалі па тры гады пазбаўленьня волі за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля скандальнага рэфэрэндуму 17 кастрычніка мінулага году. Можна лічыць, што на сёньняшні дзень у Беларусі сем палітычных зьняволеных: Леванеўскі, Васільеў, Марыніч, Клімаў, Скрабец, і вось Статкевіч і Севярынец. Што тычыцца апошняга прысуду ў аўторак, то зьвяртае на сябе ўвагу некалькі фактаў. Найперш, акцыі, якія ладзіла апазыцыя пасьля рэфэрэндуму, былі, мусіць, ня самымі масавымі апошнім часам. Але крымінальную справу завялі менавіта адносна гэтых падзеяў.

Па-другое, упершыню прадстаўнікі апазыцыі асуджаныя да пазбаўленьня волі за мірную акцыю. Там не было нейкіх сутыкненьняў зь міліцыянтамі, боек, перакуленых аўтамабіляў. Па-трэцяе, можна было б чакаць, што расправа над арганізатарамі акцыяў адбудзецца хутка, адразу пасьля падзеяў. Аднак справе далі ход толькі празь некалькі месяцаў пасьля рэфэрэндуму і толькі празь сем месяцаў вынесьлі прысуд. Чаму так? Што такога адбылося за гэты час, які прымусіў улады фарсіраваць гэтую крымінальную справу?”

(Алесь Бяляцкі: ) “Нашая арганізацыя лічыць гэты прысуд нематывавана жорсткім. Таму што, сапраўды, не было ніякіх парушэньняў падчас гэтых акцыяў, якія маглі б быць пакараныя такім жорсткім чынам. Трэба нагадаць, што і Севярынец, і Статкевіч пасьля гэтых акцыяў ужо былі асуджаныя адміністратыўным судом. Тым ня менш, улады не зьвярнулі ўвагі на тое, што яны ўжо адзін раз былі пакараныя за гэтую акцыю. Улады другі раз распачалі гэты суд, фактычна парушаючы беларускае заканадаўства.

Акцыі пасьля рэфэрэндуму сапраўды былі мірныя. Хачу нагадаць, што яшчэ адзін палітзьняволены, Андрэй Клімаў, які таксама браў удзел у мірнай акцыі 25 сакавіка, знаходзіцца за кратамі. Гэта перадае той нэрвозны і гістэрычны стан, які пачынае панаваць у кіроўных колах Беларусі. Яшчэ хачу адзначыць, што да тых сямі палітзьняволеных, якіх вы пералічылі, варта дадаць і прафэсара Бандажэўскага, які знаходзяцца цяпер на пасяленьні. Бо міжнароднымі і беларускімі праваабарончымі арганізацыямі ён прызнаецца як палітычны зьняволены”.

(Віктар Марціновіч: ) “Я таксама лічу, што гэта вельмі жорсткі прысуд, з улікам таго, што ставіцца ім у віну. Я ніяк не магу ўцяміць, якая віна ў тым, што людзі выйшлі на вуліцу, каб выказаць грамадзкі пратэст. Але ж можна, відаць, зразумець і ўладу. Наперадзе прэзыдэнцкія выбары 2006 году. Ёй трэба рыхтавацца да чарговай “элегантнай перамогі”. І адзіная пагроза для яе — гэта грамадзкі пратэст, кшталту таго, што пачаўся пасьля рэфэрэндуму. Таму гэтая “хімія” ня толькі сыгнал Севярынцу і Статкевічу, а ўсім, хто зьбіраецца выходзіць на вуліцу ў 2006 годзе”.

(Бяляцкі: ) “Вяртаючыся да рэфэрэндуму і выбараў 17 кастрычніка 2004 году, хацеў бы нагадаць, што асноўныя міжнародныя структуры, якія сачылі за гэтай кампаніяй (гэта такія паважаныя арганізацыі ў галіне выбарчага заканадаўства, як Вэнэцыянская камісія, АБСЭ, Эўразьвяз), прызналі, што рэфэрэндум і выбары насілі неканстытуцыйны характар, іхныя вынікі былі груба сфальсыфікаваныя. Таму грамадзянская пазыцыя Статкевіча і Севярынца была цалкам апраўданая. І з нашага гледзішча, іхныя паводзіны ніяк не падпадалі пад крымінальную адказнасьць”.

(Карбалевіч: ) “Падаецца, што калі б ня шэраг тых каляровых рэвалюцыяў, якія адбыліся апошнімі месяцамі, то справа абмежавалася б тым адміністратыўным пакараньнем, якое ўжо атрымалі Севярынец і Статкевіч. А падзеі ва Ўкраіне, Кыргызстане напужалі ўлады. І яны вырашылі пакараньне за акцыі пратэсту пасьля рэфэрэндуму зрабіць такім урокам, каб паказаць праціўнікам рэжыму, што зь імі будзе, калі яны адважацца пратэставаць супраць вынікаў нейкай буйной электаральнай кампаніі.

Апошнім часам палітычныя рэпрэсіі супраць людзей і структураў. якія ўлады лічаць сваімі апанэнтамі, відавочна ўзмацняюцца. Яшчэ ніколі не было адначасова сямі ці васьмі палітычных зьняволеных. Апазыцыйна настроеным грамадзянам практычна стала немагчыма правесьці легальным чынам нейкі вялікі сход людзей нават зарэгістраваных арганізацыяў. Нават у лесе міліцыянты іх разганяюць. Стала немагчыма зарэгістраваць новую партыю альбо арганізацыю, правесьці навуковую канфэрэнцыю грамадзкай арганізацыі. Наадварот, зачыняюць дзейныя арганізацыі. Зачынілі НІСЭПД прафэсара Манаева. Узмацняецца перасьлед людзей за ўдзел у апазыцыйнай акцыі, прыналежнасьць да арганізацыяў, якія ўлады лічаць апазыцыйнымі. Іх звальняюць з працы, выключаюць з навучальных установаў. Пачынаюць здымаць з рэгістрацыі партыйныя арганізацыі, якія не перарэгістраваліся ў офісных памяшканьнях. Можна прыводзіць шмат і іншых прыкладаў. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?”

(Бяляцкі: ) “Сапраўды, ідзе кампанія зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Яна ідзе некалькі апошніх гадоў, але апошнія 1,5—2 гады актывізавалася, калі ўлады пачалі рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў. Такое адчуваньне, што яны хочуць прыйсьці да гэтых выбараў зь мінімальным супрацівам, мінімальнай легальнай апазыцыяй, дзе б яна ні была: у грамадзкіх арганізацыях, прафсаюзах, палітычных партыях. Ідзе такое закручваньне гаек. Прычым улады гэтага не хаваюць. Гэта дастаткова проста зразумець, паслухаўшы выступы Лукашэнкі ці апошні выступ новага старшыні КДБ Сухарэнкі, у якім ён адкрыты гаворыць, якім чынам яны будуць змагацца з актыўнасьцю беларускага грамадзтва.

Безумоўна, актывізацыі гэтых плянаў паспрыялі, найперш, падзеі ва Ўкраіне. Гэта страшна напалохала, нават давяло да гістэрычнага стану беларускія ўлады. І таму справа Статкевіча і Севярынца напачатку ледзь курэла, разьвівалася вельмі вяла. Потым апошнімі месяцамі яна пайшла шпаркімі тэмпамі і прывяла да такога выраку. Гэта ёсьць папярэджаньнем для ўсіх актывістаў беларускай апазыцыі, што такое можа зрабіцца з кожным, хто возьме ўдзел нават у мірнай акцыі”.

(Марціновіч: ) “Апошнія паўгоду назіраўся такі выбітны ўздым грамадзкай барацьбы. З 1999 году я ня памятаю такіх падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі апошнія 6—7 месяцаў. Пачалося ўсё з акцыяў пратэсту на вынікі рэфэрэндуму. На вуліцах апынулася каля 4—5 тысяч чалавек. Яны былі вельмі дрэнна арганізаваныя, але даволі рашуча настроеныя. Пасьля гэтага быў бунт прадпрымальнікаў, якіх шмат сабралася на плошчы ў Менску. А потым была “рэвалюцыя” Клімава. На ўсё гэта трэба было неяк рэагаваць. Нашая ўлада здольная рэагаваць толькі адным чынам: арыштамі і судамі. Але жорсткасьць пакараньня наўрад ці прывядзе да таго, што спыніцца ўздым грамадзкай барацьбы. Грамадзтва будзе працягваць рэагаваць стыхійна”.

(Беляцкі: ) “Я хацеў бы адзначыць той спакой, чалавечую годнасьць, зь якой асуджаныя трымаліся на судзе”.

(Карбалевіч: ) “Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што дзяржаўныя СМІ спрабуюць замаўчаць прысуд Статкевічу і Севярынцу. То бок, улады імкнуцца схаваць ад грамадзтва маштаб рэпрэсіяў. На рэакцыю міжнароднай грамадзкасьці беларускія ўлады амаль не рэагуюць. Што грамадзтва можа супрацьпаставіць гэтым рэпрэсіям? Ці ёсьць у яго такія сілы? Вось апошнім часам шмат выкарыстоўваецца такой формы пратэсту, як галадоўкі. Галадаюць маладыя людзі ў Жодзіне, якіх выключаюць з навучальных установаў. Галадаюць палітычныя зьняволеныя Скрабец і Статкевіч. Гэта прыкмета чаго: сілы, бясьсільля, зацятасьці, адсутнасьці іншых сродкаў абароны ці чаго іншага?”

(Бяляцкі: ) “На самай справе інструмэнтаў супрацьстаяньня рэпрэсіям і працягу актыўнай грамадзкай дзейнасьці ў беларускага грамадзтва засталося дастаткова шмат. Некаторыя зь іх могуць быць ужытыя з дапамогаю міжнароднай супольнасьці. Гэта і пашырэньне інфармацыйнага поля, стварэньне крыніцаў інфармацыі за межамі Беларусі, што цяпер актыўна абмяркоўваецца. Праваабарончы цэнтар “Вясна” ўчора зьвярнуўся з заяваю да кіраўніцтва Эўразьвязу, каб быў забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу тым дзеячам (у дадзеным выпадку судзьдзям і пракурору, якія датычныя да прысуду Статкевічу і Севярынцу), што ўдзельнічаюць у рэпрэсіях супраць палітычных апанэнтаў. Што тычыцца галадовак, то гэта інструмэнт вельмі небясьпечны, і яго трэба ўжываць толькі ў самых крайніх і безвыходных сытуацыях”.

(Марціновіч: ) “Трэба зьмяніць мэтады барацьбы. Найперш, эфэктыўныя захады па дэлегітымізацыі органаў улады, якія пачатыя яшчэ Клімавым, калі той адмовіўся ад абароны на судзе. Гэтую ж лінію праводзіў і Статкевіч. Па-другое, трэба больш увагі зьвяртаць на працу з насельніцтвам. Гэта тое, за што цяжка пакараць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, па меры набліжэньня прэзыдэнцкіх выбараў улады ўзмацняюць палітычныя рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Маштабы гэтых рэпрэсіяў надалей будуць залежаць як ад адчуваньня ўладамі небясьпекі, так і ад грамадзкай салідарнасьці, памераў супраціву брутальным дзеяньняў уладаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG