Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партрэт на Свабодзе: Чырвоны беларус з Будкі-Шыбенкі


Віталь Сямашка, Талачынскі раён (эфір 2 чэрвеня). Новая перадача сэрыі “Партрэт на Свабодзе”.

(Галіна: ) “Мой муж заўжды гаворыць: калі памру, каб пахавала без папа і пад “Інтэрнацыянал”. А я кажу: з папом. І ў труну пакладу тамы Сталіна і Леніна ўсе…”

Тое, што паўжартам сказала ягоная жонка Галіна, мой герой у часе нашай шматгадзіннай размовы прамовіць усур’ёз. Ён уражвае іншых усё жыцьцё. Да прыкладу, напачатку 1990-х, калі разам з дэпутатамі Віктарам Алксьнісам ды Сажы Ўмалатавай быў сустаршынём фракцыі “Саюз” у Вярхоўным Савеце СССР, дзе іх адкрыта называлі “бацькамі” ГКЧП. Сталыя слухачы “Свабоды” мусяць памятаць гэтага, як называла яго прэса, “чорнага палкоўніка” з выразным беларускім акцэнтам, які з ваеннай рашучасьцю даказваў неабходнасьць вяртаньня да жорсткага адміністрацыйна-каманднага кіраваньня. І… больш чым на дзесяцігодзьдзе раптоўна зьнік з грамадзкага полю зроку, пакінуўшы ў памяці свой адмысловы выраз, які пачую таксама неаднаразова…

(Петрушэнка: ) “З палітычнай барацьбы мяне прыбяруць толькі наперад нагамі”.

Для мяне ягонае імя ўсплыло летась, калі каляжанка з “Народнай Волі” расказала пра палкага змагара за фэрмэрства на Талачыншчыне, што, маўляў, як на амбразуру, кідаўся ва ўсе інстанцыі. І я быў нямала ўражаны, калі даведаўся, што гэта ўсё той жа Мікалай Петрушэнка.

Прызнаюся адразу, ад ранейшага камуніста-палкоўніка пачуў хіба ўспаміны ды згадкі пра вернасьць старым ідэалам, што, нібыта, пацьвярджаў поўны збор тамоў Маркса-Леніна-Сталіна, якія, маўляў, дагэтуль вывучае з алоўкам у руцэ. Мяне сустрэў па-сялянску апрануты 55-гадовы мужчына, які загаварыў па-беларуску. Па дарозе дахаты перабіраем старонкі ягонай біяграфіі. Малая радзіма ў вёсцы Будка-Шыбенка, што ў Рэчыцкім раёне. Аўтадарожны тэхнікум. Танкавая камандная ды ваенна-палітычная вучэльні. Гістфак унівэрсытэту. Дванаццаць гадоў дэпутацтва. І, нарэшце, вызначальнае для яго 19 жніўня 1991, якое сустрэў у Казахстане, дзе з тэлежурналістам Аляксандрам Няўзоравым адстойваў неабходнасьць захаваньня Сяміпалацінскага ядзернага палігону.

(Петрушэнка: ) “Калі я вярнуўся з палігону, па радыё перадавалі “Лебядзінае возера”. У 8 раніцы быў у Паўднёва-Казахстанскім абкаме. Я сказаў, што, як прадстаўнік вышэйшай улады, патрабую выкананьня загадаў ГКЧП. Заўважыў, як змоўклі усе, а потым пачалі крытыкаваць Назарбаева. Першым жа рэйсам паляцеў у Маскву, дзе адбылася сустрэча з Лук’янавым ды сябрамі ГКЧП. Мы патрабавалі больш рашучых дзеяньняў — ісьці не на прэсавую канфэрэнцыю, а ў цэхі да рабочых, арышту Ельцына і тых, хто пазьней паставіў подпісы пад Белавескім пагадненьнем”.

Петрушэнка сам жадаў апынуцца за кратамі разам з гэкачэпістамі ды, па ягоных словах, даць бой ельцынаўскай уладзе на плянаваным судзе. Тым ня менш, пасьля допыту ў пракуратуры яго вызвалілі — казалі, такога падарунка яму не дадуць, маўляў, у Маскву з Казахстану-такі ён спазьніўся. Але ў Маскве пасьля ўсяго ў яго не было аніякіх пэрспэктываў і, узяўшы ў гатэлі, як ён кажа, сто грамаў з прычэпам, вярнуўся ў Беларусь.

(Карэспандэнт: ) “У вас ацэнкі памяняліся празь пятнаццаць гадоў?”

(Петрушэнка: ) “Цяпер я добра разумею, што праблема была куды глыбейшая, і цяпер не заклікаю да аднаўленьня СССР, бо такі СССР не сацыялістычны і не савецкі. І таму крытычна стаўлюся да аб’яднаньня Беларусі і Расеі, бо саюз патрэбны Лукашэнку, як дымавая заслона, за якой можна прыкрыць той клін, які сам Лукашэнка ўбівае паміж двума народамі. Гітлер пачынаў з барацьбы супраць спэкулянтаў, прадпрымальнікаў, карупцыі. Рэжым Лукашэнкі такі ж аўтарытарны, як у Мусаліні ды Гітлера. Многія ў Беларусі не разумеюць, што калі ў нас няма прадстаўнічай улады, прынцыповага дэпутацкага корпусу, выканаўчая ўлада не падкантрольная нікому, акрамя самога Лукашэнкі”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня ў расейскіх тэлевізійных палітшоў мільгацяць і Сажы Ўмалатава, і Віктар Алксьніс. Відавочна, што іх запрашаюць дзеля “затраўкі” дыскусіі і трымаюць, аж пакуль яны паўтораць учорашнія тэзы пра вяртаньне ў СССР, пасьля чаго пра іх тут жа забываюць, як пра тых “рэліктаў савецкай эпохі”. Вас у рэлікты яўна не запішаш. Калі ў вас адбыўся гэты пералом?”

(Петрушэнка: ) “Я думаю, гэта было эвалюцыйна. На любую справу трэба глядзець у разьвіцьці. Я не адношу сябе да тых, хто “ў Эўропу”, але ж заўжды задаю пытаньне. Цывілізацыя ідзе з Захаду на Ўсход, і вось мы чамусьці палохаемся дэмакратыі, канкурэнтнай барацьбы. Мы ў становішчы, калі 150 гадоў таму паны гаварылі мужыку: капіталізм ня пройдзе!”

(Карэспандэнт: ) “Вы за незалежнасьць Беларусі?”

(Петрушэнка: ) “Я за незалежнасьць Беларусі — ад прэзыдэнта Лукашэнкі!”

Пры гэтым камуніст-незалежнік Петрушэнка выступае за роўнааддаленасьць, балянсаваньне паміж Захадам і Ўсходам. Лукашэнку ж мой суразмоўца добра ведаў асабіста, у 1994-м той прапаноўваў Мікалаю Сямёнавічу ўвайсьці ў каманду. Але Петрушэнка тут жа адмовіўся пасьля ўваходжаньня туды братоў Ціцянковых, да якіх ён страціў давер, назіраючы іх працу з чарнобыльскімі праграмамі. Чысьціня абранай веры, пазыцыя для Петрушэнкі — не пусты гук. У свае часы яму прапаноўвалі адкрыць крэдытную лінію для будаўніцтва жыльля на 26 тысяч даляраў. Ведалі, што вярнуўся у Беларусь, як кажуць, з пустой торбай, жонкай ды трыма дзецьмі. Умова — перайсьці з Партыі камуністаў Беларусі Калякіна ў КПБ Чыкіна. Адказ Петрушэнкі быў ужо вам вядомы.

(Петрушэнка: ) “З палітычнай барацьбы мяне прыбяруць толькі наперад нагамі!”

У 1992-м у гатэлі “Масква” адмерыў адлегласьць па чыгунцы паміж Масквой ды Берасьцем пасярэдзіне і патрапіў на станцыю Коханава, што на Талачыншчыне. Туды і прыехаў. Атрымаў зямельны надзел. Зьняў камізэльку ды… Згадвае жонка Галіна:

(Галіна: ) “Мы ў такіх цяжкіх умовах жылі два гады! Далі два пакоі, усё цякло… За год пабудавалі ўсё, вокны ўстаўляў сам, усе прафэсіі засвоіў — праз год увайшлі ў хату, сьцены вывелі, дах”.

Разам з Галінай яны 24 гады. Дайце веры — хутка залатое вясельле.

(Карэспандэнт: ) “Залатыя гады былі?”

(Галіна: ) “Канечне. Разумееце, ён не дае нудзіцца. Хоць іншы раз цісьне з гэтай палітыкай, але ёсьць стрыжань, што прымушае жыць. Хочацца жыць! Калі зьяжджае, усё згасае, прападае. Гэта сьвет у маім акне”.

Пэўны час Мікалай Сямёнавіч аддаў хатняй гаспадарцы ды, як ён вызначае, працы над сабой. Завяліся тры дзясяткі кур, па пяцёрцы індыкоў ды качак. Кароўка ды ўлюбёны бычок Пэнтыюм, мянушка якога, між іншым, сьведчыць аб добрым знаёмстве гаспадара з кампутарам. Пабудаваў пяць вульляў з пчоламі ды высадзіў адмысловыя зімовыя грыбы ля паркана, зь якіх, аказваецца, можна ня толькі супы варыць.

(Петрушэнка: ) “Майце на ўвазе: пасьля гэтага грыба ніводная жанчына не гаворыць “не” — толькі “так”. Усе сьмяюцца: ну як, Сямёнавіч, твае грыбы? А пасьля некаторыя мужчыны падыходзяць і просяць гэтага грыба. Я кажу: я б ня супраць, але ты, мярзотнік, гучней за ўсіх сьмяяўся, а просіш чамусьці ціхенька”.

У Коханаве Петрушэнка тут жа ўцягнуўся ў двухгадовую гучную цяжбу разам з фэрмэрам Уладзімерам Камаровым, у якога, кажуць, першым у Беларусі забралі ягоныя 46 гектараў з фармулёўкай “за неэфэктыўнае карыстаньне зямлёй”. Ягоны ўчастак, засеяны канюшынай, стаў аазай пасярод узаранага поля і, як аказалася, замінаў інтарэсам мясцовых вэртыкальшчыкаў, якія жадалі яго ўзараць. Згадвае Ўладзімер:

(Камароў: ) “Калі ваявалі, Сямёнавіч дапамагаў з папяровымі пытаньнямі ў змаганьні за зямлю. Мы ж ліст напісалі Лукашэнку — зьехаліся тыя сюды. Такія людзі трэба, ён уладу бударажыць!”

І хоць справа не абярнулася посьпехам, павагу месьцічаў Петрушэнка набыў. У Коханаве ж я зразумеў: ягоная галоўная дыялектыка ня ў Марксавых тамах, але ў прыроджанай празе справядлівасьці. Мо таму ў гэтага, як лічыцца, зацятага камуніста, вось ужо дванаццаць гадоў найлепшым сябрам і галоўным палітычным апанэнтам зьяўляецца кіраўнік мясцовай філіі БНФ Леанід Цімашкоў.

(Цімашкоў: ) “Ён заўжды возьме ўдзел у лёсе любога чалавека. Вось зьвярталіся да яго жыхары тэрыторыі Коханаўскага льнозаводу. Цяжка было пераходзіць рэчку. А якраз меркаваўся прыезд Лукашэнкі. Ён надрукаваў артыкул: маўляў, парканы пафарбавалі, а пра людзей ня думаюць — трэба было там літаральна перапаўзаць, даўно было зламанае кладаўе. Пасьля артыкула знайшліся грошы, зрабілі мост. Ведае прававыя асновы — дапамагае аргумэнтавана, прафэсійна. Ён ня любіць пахваляцца”.

(Карэспандэнт: ) “Але, я ведаю, у Коханаве яго многія баяцца”.

(Цімашкоў: ) “Баяцца, што — ага! —– ён будзе дабівацца чагосьці, а непрыемнасьці будуць для іх. Бо ён ідзе да канца. Калі былі выбары ў абласны савет, у Коханаве ўсё-такі большасьць падтрымала яго. Але адміністрацыйны рэсурс…”

Але і зь ім Петрушэнка навучыўся змагацца. Ці, дакладней, скарыстоўваць на сваю карысьць. Вось якія цікавосткі распавялі мне рэдактар апазыцыйнай камуністычнай газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк ды ягоны намесьнік Зьміцер Яненка. Дарэчы, Мікалай Петрушэнка — актыўны аўтар, сябра рэдкалегіі, сябра ЦК ПКБ.

(Яненка: ) “У Талачынскім раёне кіраўнікі вэртыкалі запатрабавалі з пошты сьпісы ўсіх падпісчыкаў газэты “Товарищ” дзеля наступнага адміністрацыйнага ўціску. Людзі, спалохаўшыся, пачалі адмаўляцца ад падпіскі. Мікалай Петрушэнка што робіць: ідзе на пошту і за свае грошы падпісвае на газэту ўсіх галоўных вэртыкальшчыкаў Талачыншчыны. Было вельмі цікава, калі старшыня райвыканкаму ўбачыў у ліку падпісчыкаў на апазыцыйныя выданьні сваё прозьвішча і прозьвішчы сваіх намесьнікаў”.

(Вазьняк: ) “Гэта вельмі нязручны чалавек ня толькі для улады, апанэнтаў, але і сяброў па партыі. Яго ня вельмі любяць у партыйнай арганізацыі Талачынскага раёну. Ён прымушае працаваць. Часьцяком нашы камуністы любяць змагацца з Джорджам Бушам, Ельцыным, Гарбачовым. А Петрушэнка ставіць пытаньні, якія хвалююць жыхароў і заўжды адбываюцца сутыкненьні зь мясцовай вэртыкальлю”.

Але, мабыць, найгалоўнейшую перамогу Петрушэнкі я ўбачыў у вачах ягонага малодшага сына Аляксандра. Саша хоча стаць журналістам, ужо друкуецца, піша беларускія вершы.

(Аляксандар: ) “Ён зрабіў мяне такім, які я ёсьць. Ён надрукаваў памфлет “Тыгры і трусы” і спытаў у мяне, хто ёсьць хто. Я сказаў, тыгры — гэта Лукашэнка, а трусы — мы з табой, твая газэта. Ён мяне ўхваліў. З таго моманту я зразумеў, што мой тата апазыцыянэр”.

(Карэспандэнт: ) “А якія каштоўнасьці ты стаў цаніць?”

(Аляксандар: ) “Свабоду! Лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях. Пра гэта ўсё дзяцінства размовы бацькі зь сябрамі, са мной. Гэта ўсё перадалося”.

Пільнуючыся партыйнай дысцыпліны, Мікалай Сямёнавіч папрасіў у часе падрыхтоўкі матэрыялу зьвярнуцца да першага сакратара ПКБ Сяргея Калякіна. Я зьвярнуўся. Сяргей найперш зазначыў нявытрыманасьць майго героя.

(Калякін: ) “Мікалай Петрушэнка часьцяком патрабуе немагчымага. Ён можа запытацца, чаму вы не атрымалі на тэлевізіі час, каб выкласьці, што лідэр дзяржавы хлусіць. І ён гэтага шчыра, з абурэньнем патрабуе”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Сяргей, тым ня менш, Петрушэнка — камуністычны Дон Кіхот, альбо змагар?”

(Калякін: ) “Ён змагар. Уздымае пытаньні, дзе ён бачыць несправядлівасьць, нягледзячы на тое, што яму за гэта будзе. Усе змагары крыху дон кіхоты. Бо калі адносна сёньняшняга рэжыму аналізаваць, што можна, што нельга, дык можна прыйсьці да высновы, што нічога нельга. І няма сэнсу змагацца. Не было б дон кіхотаў, не было б ніякага прагрэсу і людзі б не здабылі лепшае жыцьцё. Вельмі шмат грунтуецца на дон-кіхоцтве”.

Пры канцы Петрушэнка чытаў мне свае вершы, ён захапляецца і гэтым. Але ў мікрафон — толькі самы ўлюбёны радок:

(Петрушэнка: ) “Замоўкні лепей, маладушны, калі патраціў веру ты… Гэтыя словы нашага паэта-земляка Івана Батрака я адрасую тым, хто страціў веру ў перамогу над рэжымам. Дык вось гэта — абы, братка, ціха — самае страшнае, што ёсьць у майго беларускага народу!”

(Карэспандэнт: ) “Што, на ваш погляд, можа абудзіць беларусаў?”

(Петрушэнка: ) “Толькі час. І актыўная праца ўсіх нас, каб людзям адкрыць вочы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG