Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд апраўдаў праваабаронцу Шчукіна


Альгерд Невяроўскі, Менск Суд Цэнтральнага раёну Менску спыніў супраць Валер Шчукіна адміністратыўную справу. Было прызнана, што ў ягоных дзеяньнях няма правапарушэньня, якое яму інкрымінавалі міліцыянты. Шчукін быў затрыманы ўвечары 30 траўня на менскім праспэкце Пераможцаў, былым Машэрава, падчас акцыі пратэсту супраць яго перайменаваньня.

Судовае разьбіральніцтва па абвінавачваньні Валер Шчукіна ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыянтакм працягвалася ў судзе Цэнтральнага раёну Менску прыкладна дзьве гадзіны. Сьведкі-амонаўцы Лелеш і Васількоў, што затрымалі спадара Шчукіна ўвечары 30 траўня на былым праспэкце Машэрава падчас акцыі пратэсту, сьцьвярджалі, што ён нецэнзурна лаяўся, чапляўся да пасажыраў грамадзкага транспарту і ўвогуле паводзіў сябе “асацыяльна”. Да ўсяго, паводле сьведчньняў міліцыянтаў, Шчукін адмаўляўся праехаць зь імі ў пастарунак, і яны вымушаныя былі ўжыць супраць яго сілу.

Валер Шчукін наадварот, казаў, што стаяў на праспэкце спакойна і нікога не чапаў. Да яго падыйшлі некалькі невядомых асобаў у цывільным, парвалі партрэты Пятра Машэрава, якія Шчукін трымаў у руках, і запатрабавалі, каб праваабаронца сеў у іхную машыну. Валер Шчукін адмовіўся, бо незнаёмцы не прадставіліся. Тады людзі ў цывільным зацягнулі яго ў аўто сілай. Ва ўправе міліцыі Цэнтральнага раёну, куды адвезьлі Шчукіна, на яго склалі пратаколы за хуліганства і за непадпарадкаваньне міліцыянтам.

Пасьля таго, як Валер Шчукін азнаёміўся з пратаколамі і падпісаў іх, міліцыянты ўпісалі ў іх паказаньні “амонаўцаў”. Гэта ёсьць парушэньнем закону і Шчукін напісаў адпаведную скаргу ў пракуратуру.

У судзе амонаўцы давалі даволі блытаныя й супярэчлівыя паказаньні. У выніку, судзьдзя Аляксей Бычко прызнаў, што ў дзеяньнях Валерыя Шчукіна не было складу адміністратыўнага правапарушэньня і пастанавіў спыніць супраць яго справу.

Валер Шчукін так пракамэнтаваў гэтае рашэньне судзьдзі:

(Шчукін: ) “Тут рэдкі выпадак, калі судзьдзя паступіў паводле закону. Акрамя таго, я думаю, што паўплываў і мой зварот у пракуратуру”.

А вось меркаваньне абароны Валерыя Шчукіна адваката Паўла Сапелкі:

(Сапелка: ) “Гэта было адзінае законнае рашэньне, якое мог вынесьці суд у гэтай справе. Я быў у гэтым упэўнены зь першай хвіліны гэтага паседжаньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG