Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лінію Сталіна” здадуць у “эксплюатацыю” 22 чэрвеня


Ігар Карней, Менск Адзін з участкаў так званай “лініі Сталіна” недалёка ад Заслаўя будзе ўрачыста адчынены 22 чэрвеня. Раней плянавалася, што прэзэнтацыя музэйнага комплексу, адбудова якога ўжо выклікала ў грамадзтве неадназначную рэакцыю, здарыцца 9 траўня, аднак незадоўга да акрэсьленай даты вайскоўцы Міністэрства абароны, задзейнічаныя на аб’екце, натрапілі на масавае пахаваньне. Працы былі прыпыненыя, і цяпер абвешчана, што “лінію Сталіна” здадуць у “эксплюатацыю” 22 чэрвеня – у дзень уступленьня ў Другую ўсясьветную вайну Савецкага Саюзу.

Цяпер на “лініі Сталіна” ідуць збольшага касмэтычныя працы. Адкапаныя доты ўжо расфарбаваныя ў зялёны з карычневым колеры, па пэрымэтры ў зямлю ўкапаныя бэтонныя ды жалезныя слупы, якія імітуюць так званыя супрацьтанкавыя “яжовыя рагаціны”, выкапаныя сотні мэтраў траншэяў...

Зь вялікіх аб’ектаў недабудаваныя яшчэ прыбіральня і паркінг, завершыць якія зьбіраюцца да сярэдзіны чэрвеня. Ініцыятары аднаўленьня гэтага аб’екту з фонду “Памяць Аўгану” пакуль не гавораць, як будзе выглядаць адкрыцьцё комплексу, “каб не сурочыць”. Прынамсі, ад пачатку плянавалася, што для вэтэранаў тут наладзяць тэатралізаванае шоў з удзелам пераапранутых чырвонаармейцаў і немцаў, аднак з шэрагу прычынаў спэктакль у стылі “мілітары” давялося адтэрмінаваць.

У прадстаўніка фонду Аляксандра Базарнава я запытаўся: ці варта ўвогуле казаць пра асаблівыя заслугі “лініі Сталіна”, якая, паводле гістарычных фактаў, ніяк не паўплывала на хаду вайны? Нагадаю, што комплекс умацавальных раёнаў будаваўся на загад Сталіна ўздоўж былой заходняй мяжы СССР у сярэдзіне 1930-х гадоў.

(Базарнаў: ) “Перамога ж пачыналася не ў 1945-м, а ў 1941-м. І гэтыя ўмацаваньні таксама ўнёсак у перамогу зрабілі. Канкрэтна тут немцаў трымалі ад 2 да 4 дзён. Ня было б іх – можа, усё склалася б інакш, бо немцы часам удзень па 100 км праходзілі. Сваю ролю адыгралі полацкі ўмацавальны раён, кіеўскі; мозырскі ўвогуле толькі 26 жніўня быў эвакуяваны. Баі бог ведае дзе ўжо ішлі, а мозырскі ўмацавальны раён працягваў супраціўляцца. Іншымі словамі, перамога была закладзеная ў 1941-м. Таму непасрэдны ўнёсак, самы непасрэдны”.

На пачатку траўня на тэрыторыі комплексу вайскоўцы знайшлі вялікае пахаваньне – некалькі дзесяткаў парэшткаў чалавечых целаў.

Паводле Аляксандра Базарнава, гэтыя фрагмэнты чалавечых рэштак накіраваныя на адмысловую экспэртызу, але, паводле яго меркаваньня, гэта зусім не парэшткі будаўнікоў “лініі Сталіна”, як мяркуюць многія, а жаўнеры арміі Напалеона, якія трымалі ў гэтым раёне абарону. Тым часам, спадар Базарнаў скардзіцца, што дагэтуль даводзіцца выслухоўваць крытычныя водгукі адносна самой ідэі рэанімацыі “лініі Сталіна”. У сваю чаргу, запытваю: ці не было б у такім выпадку больш лягічна (калі сапраўды хацелася стварыць музэй фартыфікацыі) скарыстаць нейкую іншую назву?

(Базарнаў: ) “Былі пляны розныя і, натуральна, абмяркоўваліся ўсялякія варыянты. Можна было назваць “Менскі ўмацавальны раён”, скарочана МУР. Але злучэньне “УР” у расейскай мове асацыююцца з “уголовным розыском”, ці крымінальным вышукам. Назваць інакш? А навошта нешта прыдумваць? Калі б, наадварот, гэта нехта прыдумаў, камусьці загадалі так назваць – “лінія Сталіна”! Але ж гэта ёсьць ва ўсёй літаратуры. У мэмуарах Манштэйна, Гальдэра змаганьню на “лініі Сталіна” адведзеныя цэлыя часткі. Дзясяткі працаў зараз друкуюцца, і там таксама ўздымаюцца праблемы пераадоленьня “лініі Сталіна”. Дык навошта нешта прыдумваць?”

Паводле зьвесткаў, на адкрыцьцё “лініі Сталіна” будзе запрошаная вялікая колькасьць вэтэранаў, вышэйшае кіраўніцтва Міністэрства абароны і дзяржаўныя чыноўнікі, якія паспрыялі аднаўленьню помніка сталінскіх часоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG