Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія палітыкі асудзілі палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскія палітыкі і парлямэнтары, як прадстаўнікі кіруючай бальшыні, так і апазыцыі, асудзілі рашэньне Менскага раённага суду адносна лідэра “Народнай Грамады” Міколы Статкевіча і лідэра апазыцыйнай моладзі Паўла Севярынца. Літоўскія сацыял-дэмакраты будуць ініцыяваць адпаведныя заявы ў Эўрапарлямэнце і Сацыялістычным Інтэрнацыянале.

“Гэта цалкам неадэкватнае пакараньне, якое паказвае адчай беларускага рэжыму!” – заявіла сёньня кіраўніца парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”, сябра фракцыі кансэрватараў Раса Юкнявічэне. – “Ад імя парлямэнцкай групы выказваю ім (Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу) падтрымку і зычу цьвёрдасьці”.

Парлямэнцакя група “За дэмакратычную Беларусь” аб''ядноўвае каля 20 дэпутатаў з розных фракцыяў, як прадстаўнікоў парлямэнцкай бальшыні, так і апазыцыю.

Рэзкі пратэст супраць прысуду беларускім апазыцыйным палітыкам выказаў і віцэ-старшыня кіруючай у Літве Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Віцяніс Андрукайціс. Ён заявіў: “Рашэньне Менскага раённага суду зьяўляецца грубым парушэньнем правоў чалавека, усіх палітычных і дэмакратычных правоў, зробленым паводле ініцыятывы цяперашняй беларускай улады. Гэта – відавочны доказ, што судовая сыстэма ў Беларусі выкарыстоўваецца дзеля барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.”

Віцяніс Андрукайціс дадаў, што “Літоўскія сацыял-дэмакраты рэзка асуджаюць такія крокі ўладаў Беларусі і заклікаюць Эўрапейскую партыю сацыялістаў ініцыяваць у Эўрапарлямэнце адпаведную заяву.”

Паводле В. Андрукайціса, літоўскія сацыял-дэмакраты заклікаюць і Сацыялістычны Інтэрнацыянал выказаць рэзкі пратэст супраць прысуду М. Статкевічу і П. Севярынцу.

Заявы палітыкаў распаўсюдзіла найбуйнейшае ў Балтыйскіх краінах інфармацыйнае агенцтва BNS, многія іншыя сродкі масавай інфармацыі.
XS
SM
MD
LG