Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны за паклёп на Лукашэнку Валер Леванеўскі трэці дзень трымае галадоўку ў турме


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пра намер абвясьціць з 1 чэрвеня галадоўку Валер Леванеўскі паведаміў сыну Ўладзімеру яшчэ ў сярэдзіне траўня. Вязень патрабаваў адстаўкі начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімера Коўчура, які, паводле Леванеўскага, вінаваты ў парушэньні ягоных правоў.

Яшчэ ў першай палове дня 3 чэрвеня афіцыйнага пацьверджаньня пачатку галадоўкі Валера Леванеўскага не было: у дэпартамэнце выкананьня пакараньняў адказвалі, што нічога пра гэта ня ведаюць, а дзяжурны Івацэвіцкай калёніі паведаміў толькі, што “зь Леванеўскім усё добра”. На пытаньні пра галадоўку сувязь абарвалася.

Толькі ў другой палове дня 3 чэрвеня пракурор Івацэвіцкага раёну Тамара Стасевіч пацьвердзіла факт галадоўкі Валера Леванеўскага. Пракурор зачытала ліст з калёніі, якім яе паінфармавалі пра галадоўку.

(Стасевіч: ) “Паведамляем, што вязень Леванеўскі катэгарычна адмовіўся ад прыёму харчаваньня 2 чэрвеня. Ня згодны зь дзеяньнямі службовых асобаў”.

Зь ліста вынікала, што галадоўку Леванеўскі пачаў не 1, а 2 чэрвеня. У лісьце нічога не было сказана пра патрабаваньне адстаўкі начальніка дэпартамэнту Ўладзімера Коўчура.

(Стасевіч: ) “Ён адны і тыя ж патрабаваньні высоўвае, як і на мінулым тыдні: што не адпраўляюць усіх ягоных заяваў, як ён хацеў бы, што не даюць выходнага нумару ягоных заяваў. Такім чынам, сустрэнемся зь ім на наступным тыдні”.

Валер Леванеўскі знаходзіцца ў зьняволеньні паводле рашэньня гарадзенскага суду, які палічыў яго вінаватым у паклёпе на прэзыдэнта. З двух гадоў, на якія быў асуджаны, Валер Леванеўскі адседзеў больш за год і таму разьлічваў на амністыю. У калёніі Леванеўскі быў неаднойчы пакараны за парушэньні дысцыпліны, што ёсьць фармальнай прычынай у адмове ў амністыі. Валер Леванеўскі спрабаваў аспрэчыць гэтыя пакараньні, аднак безвынікова. Адносна патрабаваньняў Леванеўскага адстаўкі Ўладзімера Коўчура той заявіў Радыё Свабода, што ў адстаўку не зьбіраецца. Паводле Ўладзімера Коўчура, Леванеўскаму былі дадзеныя адказы на ўсе ягоныя скаргі.

Пра стан здароўя Валера Леванеўскага афіцыйна нічога не паведамляюць. Сваякі вязьня спадзяюцца даведацца пра падрабязнасьці галадоўкі зь ягонага ліста. Гэта ўжо трэцяя галадоўка Валера Леванеўскага ў месцах зьняволеньня. Раней лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў пратэставаў супраць парушэньня сваіх правоў і правоў іншых вязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG