Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны рэдактар “Народнай Волі” заяўляе ў судзе, што Гайдукевіч супрацоўнічаў з Хусэйнам (абноўлены)


Ганна Соусь, Менск Cуд Ленінскага раёну Менску пачаў разгляд пазову дэпутата Палаты прадстаўнікоў, лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Гайдукевіча да незалежнай газэты “Народная Воля”. Выступаючы ў судзе, галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч заявіў пра супрацоўніцтва лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі з рэжымам Садама Хусэйна і атрыманьне ад яго фінансавай дапамогі, што супярэчыць беларускаму заканадаўству.

Выступаючы на судовым працэсе, галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч прывёў пісьмовае сьведчаньне афіцыйнага перакладчыка МЗС Іраку Лэйта Нуры Хасана, які ў 2002 годзе браў удзел ў перамовах беларускай дэлегацыі ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі з кіраўніком Бюро замежных сувязяў партыі БААС Харысам Эль-Хамалі, а таксама прысутнічаў пры падпісаньні кантрактаў спадара Гайдукевіча непасрэдна ў дзяржаўнай камісіі па продажу нафты.

Лэйт Нуры Хасан сьведчыць, што “ў 2002 годзе на дні народзінаў Садама Хусэйна адбылася чарговая сустрэча спадара Гайдукевіча і ўдзельнікаў яго дэлегацыі ў Бюро замежных сувязяў БААС, на якой Гайдукевічу задавалі пытаньні, калі ён верне грошы Іраку ў адпаведнасьці з дамоўленасьцямі за атрыманьне 2 мільёнаў барэляў нафты ў 2002 годзе”. Сума доўгу складала, паводле Лэйта Нуры, 600 тысяч даляраў. Пра гэта заявіў у судзе Іосіф Сярэдзіч.

Нагадаю, што Сяргей Гайдукевіч праз суд патрабуе абвергнуць наступную фразу з артыкулу “Ліст Гайдукевіча. І факс Гайдукевічу”:

“Мы ўсё яшчэ чакаем Вашых дзеяньняў ў выкананьні Вашага забавязаньня ў адпаведнасьці з указаным вышэй кантрактам. Мы настойліва просім Вас вярнуць нам суму ў памеры 996798 даляраў 60 цэнтаў ЗША, якую Вы завінаваціліся”.

Сяргей Гайдукевіч заявіў у судзе, што надрукаваны “Народнай Воляй” факс з рэквізытамі амбасады Іраку ў Беларусі — сфабрыкаваны.

(Гайдукевіч: ) “Ліст, датаваны 2002 годам, быў зроблены праз мантаж. Ён не адпавядае афіцыйным блянкам. Канечне, маральная шкода была нанесеная вялізная. Паўсюль уздымаліся пытаньні па гэтым лісьце і па гэтым факсе. Зь нецярплівасьцю чакаў гэтага суду, каб апраўдаць свае гонар і годнасьць”.

Лідэр ЛДП патрабуе ад “Народнай Волі” выплаціць яму 200 мільёнаў рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі. А вось што заявіў у судзе Іосіф Сярэдзіч:

(Сярэдзіч: ) “З пазовам Гайдукевіча рэдакцыя газэты “Народная Воля” катэгарычна ня згодная. Як заснавальнік, выдавец і галоўны рэдактар, цалкам адказна заяўляю: рэдакцыя мае ўсе доказы сваёй невінаватасьці”.

Галоўны рэдактар таксама спасылаецца на “Комплексную справаздачу Адмысловага дарадцы па ірацкай зброі масавага зьнішчэньня ў DCI”, зьмешчаную на ўрадавым сайце ЗША. Дакладнасьць гэтага сайту пацьвердзіла для суду ў пісьмовым выглядзе амбасада ЗША ў Беларусі.

Суд далучыў да справы фатаздымак Гайдукевіча з адным з прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва Іраку.

На думку лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, які прысутнічаў на судзе, “выступ Сярэдзіча быў вельмі аргумэнтаваны, але суд, хутчэй за ўсё, будзе глухі да фактаў”.

(Лябедзька: ) “Відаць, за ўсім гэтым усё ж стаіць выкарыстаньне Гайдукевіча як “іржавага кухоннага нажа”, якім будуць “рэзаць” “Народную Волю”. У любой іншай сытуацыі пасьля гэтага судовага працэсу пракуратура павінна была завесьці крымінальную справу па фігурантах артыкулу, які быў надрукаваны ў “Народнай Волі”, а Міністэрства юстыцыі — падрыхтаваць дакумэнты для перадачы іх у Вярхоўны суд для ліквідацыі гэтай структуры. А будзе ўсё наадварот… Гайдукевіч прэтэндуе на тое, каб стаць чарговым фігурантам сьпісу асобаў, неўязных у краіны Эўразьвязу”.

Міжнародная арганізацыя “Артыкул 19” накіравала адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім выказала вялікую заклапочанасьць паведамленьнямі пра апошнія падзеі вакол газэты “Народная Воля”: у прыватнасьці, пра апошнюю судовую справу паводле пазову Сяргея Гайдукевіча, якая, на думку арганізацыі, можа прывесьці да банкруцтва выданьня.

Арганізацыя прыгадвае і іншыя падзеі вакол “Народнай Волі”, якія адбываліся ў апошні час: у прыватнасьці, зварот намесьніка галоўнага рэдактара выданьня Аляксандра Сіліча па палітычны прытулак у Бэльгіі; папярэджаньне за публікацыю пра грамадзкі рух “Воля народу”; дзевяць практычна ідэнтычных пазоваў ад грамадзянаў, якія патрабуюць кампэнсацыі на агульную суму каля 125 тысяч даляраў. “Артыкул 19” заклікаў беларускае кіраўніцтва забясьпечыць свабодны і справядлівы суд над “Народнай Воляй”, строгую прапарцыйнасьць матэрыяльнага спагнаньня (калі яно будзе) нанесенай шкодзе, абарону “Народнай Волі” ад любых формаў палітычнага прэсінгу, адмену тых пунктаў заканадаўства, якія дазваляюць закрыць выданьне на падставе двух папярэджаньняў.
XS
SM
MD
LG