Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Зубры” атрымалі буйныя штрафы за пікет у памяць Захаранкі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве судзяць удзельнікаў акцыі, якая адбылася ў абласным цэнтры 7 траўня і была прымеркаваная да гадавіны зьнікненьня Юрыя Захаранкі.

Акцыю, прысьвечаную зьніклым апазыцыйным палітыкам, 7 траўня правялі магілёўскія сябры незарэгістраванага руху “Зубр”. Яны сталі насупраць будынку Магілёўскай управы КДБ з партрэтамі Юрыя Захаранкі і іншых, аднак міліцыянты разагналі пікет і затрымалі 12 чалавек.

Цяпер у Магілёве праходзяць суды над магілёўскімі “зуброўцамі”.

Ленінскі раённы суд аштрафаваў Валадара Цурпанава за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаваньне міліцыянтам на 30 базавых велічыняў, гэта 765 тысяч рублёў. Гаворыць Валадар Цурпанаў:

(Цурпанаў: ) “Што тычыцца законнасьці і справядлівасьці з майго боку, то, канечне, гэта ўсё незаконна і несправядліва, бо наўпрост парушаныя мае канстытуцыйныя правы”.

Між тым, Валадар Цурпанаў заявіў, што зьбіраецца і далей браць удзел у акцыях руху “Зубр”.

(Цурпанаў: ) “Што б ні здарылася праз год-паўтара, які б вынік нас не напаткае, я не хачу, каб потым праз пэўны час, далёкі ці блізкі, я сябе спытаў, ці мае дзеці і ўнукі спытаюць: “А што ты рабіў у 2005—2006 гады дзеля зьмены нашае будучыні?”

Сярод затрыманых міліцыянтамі ўдзельнікаў магілёўскай акцыі ёсьць навучэнка сярэдняй школы №22 Ганна Петраковіч. Разам з бацькамі яе выклікалі на паседжаньне камісіі ў справах непаўналетніх адміністрацыі Ленінскага раёну. Камісія вырашыла спагнаць з бацькоў Ганны 51 тысячу рублёў штрафу за тое, што яны, як лічыць камісія, злосна ўхіляюцца ад выхаваньня дачкі.

За ўдзел у “зуброўскай” акцыі таксама пакараныя вялікімі штрафамі ад 20 да 25 базавых велічыняў Іван Шаўчэнка, Адрэй Разумкоў і Яўген Сувораў. Сёньня ў Ленінскім раённым судзе разглядаюць справу Мікалая Ільліна. Суды над іншымі ўдзельнікамі акцыі працягнуцца на наступным тыдні ў панядзелак.
XS
SM
MD
LG