Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка вырашыў не пераводзіць бярозаўскую авіябазу пад Менск


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка, наведваючы сёньня 927-ю вайсковую авіябазу ў Бярозе, скасаваў ранейшае рашэньне камандаваньня аб пераводзе яе ў Мачулішчы, дзеля ўмацаваньня паветранай абароны Менску. Сем’і вайскоўцаў, а таксама цывільны пэрсанал часткі выказваліся супраць пераводу. Пасьля сустрэчы з авіятарамі і іх сем’ямі А.Лукашэнка вырашыў не абвастраць сацыяльнай абстаноўкі перад выбарамі.

Авіябаза “Асаўцы” ў Бярозе існуе з 1951 году, і за савецкім часам лічылася элітнай. Пасьля вываду савецкіх войск зь Нямеччыны ў Бярозе за грошы нямецкага бюджэту быў пабудаваны гарадок для вайскоўцаў, аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Пераезд часткі ў Мачулішчы пакідае авіятараў без жыльля, а іх жонак без працоўных месцаў. Сотні цывільных супрацоўнікаў часткі таксама страцяць працу. Пацерпіць і мясцовы бюджэт. Усе гэтыя акалічнасьці выклікалі ў Бярозе незадавальненьне і звароты ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, хаця самі вайскоўцы пярэчыць загадам ня могуць.

(Афіцэр: ) “Вельмі многія жонкі працуюць у частцы, ці дзесьці яшчэ, тут на месцы. Дзеці вучацца ў школе, куды ім падацца, хто паклапоціцца… Так што былі супраць і жонкі, і афіцэры. Афіцэрам проста падзецца няма куды, яны людзі паднявольныя”.

Частка павінна была пераехаць у Мачулішчы яшчэ летась. Выдаткоўваліся грошы на абсталяваньне новай базы, аднак выкарыстаныя яны былі неэфэктыўна. Ідэя пераводу гэтай часткі пад Менск у кіраўніцтве Беларусі ўзьнікла неўзабаве пасьля югаслаўскай вайны і аб’яднаньня падразьдзяленьняў Вайскова-паветраных сілаў і Супрацьпаветранай абароны. Новы галоўнакамандуючы Алег Пафераў пра гэта казаў яшчэ ў 2001 годзе. Мэта пераводу — абараніць Менск з поўначы. І авіятары разумелі гэта.

(Афіцэр: ) “Усе вайскоўцы гатовыя выканаць загад камандаваньня і выконваць задачу аховы паветраных межаў нашай краіны на любым аэрадроме. Там, дзе патрабуе апэратыўная ці палітычная абстаноўка”.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі мяркуе, што прапанова пераводу бярозаўскіх зьнішчальнікаў у Мачулішчы, дзе ўжо стаіць траспартная авіяцыя, была стратэгічна апраўданай — адну базу ўтрымліваць выгадней. Аднак шматмільённыя затраты на яе перавод не апраўдваць будучых выгадаў.

(Казлоўскі: ) “Тут спрацоўвае палітычны фактар, той жа фактар, які стала бударажыць Лукашэнку: што Беларусі пагражае НАТО, і з гэтай нагоды трэба прыкрываць Менск. Маўляў, нам пагражаюць, вось як страшна, трэба рыхтавацца да вайны… Але да Менску падлётны час зь Бярозы для зьнішчальніка — дзесьці шэсьць хвілін. Ды і яго хутчэй пад Менскам зьнішчыць, чым у Бярозе”.

Паводле Паўла Казлоўскага, каля 80% беларускіх самалётаў небаяздольная, таму замест іх перамяшчэньняў на новыя месцы мільёны даляраў можна было б выдаткаваць на больш надзённыя патрэбы:

(Казлоўскі: ) “Сёньня трэба ня так ставіць пытаньне: ці перамяшчаць тую базу пад Менск, а трэба думаць, як скараціць тую колькасьць самалётаў, якая ўжо сёньня непад’ёмная для дзяржавы эканамічна”.

Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчаў у Бярозе заявіў, што прыняў канчатковае рашэньне цягам трох гадоў да тэмы перадысьлякацыі авіябазы не вяртацца, каб не ствараць сацыяльнай напружанасьці — асабліва для людзей, якія выконваюць важныя вайсковыя задачы. Ён зазначыў, што бярозаўская авіябаза будзе ўмацоўвацца тэхнікай і абсталяваньнем і можа быць пераведзеная пад Менск, калі гэтага запатрабуюць дзяржаўныя інтарэсы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG