Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школьную праграму прапануюць увесьці курс рэлігіязнаўства


Галіна Абакунчык, Менск Дзяржаўны камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў прапануе ўвесьці ў праграму агульнаадукацыйнай школы курс рэлігіязнаўства. Кіраўніцтва камітэту сваю ініцыятыву тлумачыць запатрабаванасьцю з боку ўладных структураў і бацькоў школьнікаў. Прадстаўнікі грамадзкасьці вітаюць прапанову, але асьцерагаюцца праяваў дыскрымінацыі паводле веравызнаньня.

Кіраўніцтва камітэту прапануе распрацаваць праграму вывучэньня найбуйнейшых рэлігіяў сьвету і веравучэньняў, распаўсюджаных у Беларусі. Асаблівая ўвага таксама мусіць быць нададзеная дзейнасьці так званых дэструктыўных сэктаў і псэўдарэлігійных вучэньняў. Сёньня гэтага патрабуе грамадзтва, кажа старшыня камітэту Станіслаў Буко.

(Буко: ) “У нас ёсьць прапановы і з аблвыканкамаў, і ад бацькоў — мы ж не на голым месцы гэта прапаноўваем. Мы сёньня ведаем такія прыклады, калі маладыя людзі патрапляюць у дэструктыўныя рэлігійныя арганізацыі. А калі дзяўчынка ці хлопчык зможа разабрацца сам у той ці іншай рэлігіі, то гэта ж вельмі добра”.

Факт запатрабаванасьці вывучэньня асноваў рэлігіі ў асяродку настаўнікаў прызнаюць. Але адначасна асьцерагаюцца, што будзе зроблены ўхіл у вывучэньне адной рэлігіі, у той час як Беларусь шматканфэсійная краіна. Гаворыць настаўніца беларускай мовы са Слуцку Сьвятлана Вярбіцкая:

(Вярбіцкая: ) “Напрыклад, у Слуцку ёсьць такі сьвятар, Аляксандар Вейга, якога вельмі ўсе паважаюць і слухаюць. І былі прапановы і ад бацькоў і ад настаўнікаў, каб увесьці такі прадмет у школах. Але, калі ўсё будзе рабіцца толькі для праваслаўных, то будуць узьнікаць непаразуменьні. Бо ў горадзе існуе ня толькі праваслаўная вера, але і каталіцкая і мусульманская. Напрыклад, у нас быў хлопчык татарын, і мы сутыкнуліся з тым, што нават некаторыя настаўнікі не прымалі таго, што ён прытрымліваўся сваіх традыцыяў”.

Прадстаўнікі так званых нетрадыцыйных канфэсіяў таксама не спадзяюцца, што ў выпадку выкладаньня ў школах навукі веравызнаньня ўсім рэлігійным плыням будзе нададзеная аднолькавая ўвага. Гаворыць адзін зь лідэраў пратэстанцкіх цэркваў Беларусі Генадзь Брудзкі:

(Брудзкі: ) “Пры цяперашнім рэжыме гэта немагчыма, бо ў нас адзіная ідэялёгія абраная. І замест КПСС цяпер праваслаўная царква. Таму для пратэстантаў там ня будзе месца, а калі і будзе, дык толькі нэгатыўнае стаўленьне”.

Нагадаю, што сёлета шэраг пратэстанцкіх цэркваў зьвярнуліся да вышэйшых уладаў краіны з пратэстам супраць таго, што ў некаторых школьных падручніках пратэстантаў называюць дэструктыўнымі сэктамі. Раней адбыліся судовыя працэсы ў справе аналягічных публікацыяў на старонках дзяржаўных газэтаў. Дырэктар зачыненага Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас прапанову Камітэту ў справах рэлігіяў вітае. Але асьцерагаецца, што выкладаньне рэлігійнай навукі пры сёняшняй уладзе для школьнікаў можа прынесьці шкоду. Гаворыць Уладзімер Колас:

(Колас: ) “Рэлігіязнаўства ў нашым ліцэі выкладаецца ад заснаваньня, бо гэта абсалютна неабходны прадмет. Зь іншага боку, ведаючы, хто за гэта бярэцца і што гэта за людзі, можна прадказаць, што гэта будзе маніпуляваньне ў каньюнктурных палітычных інтарэсах групоўкі, якая выкарыстоўвае ўсё, што падлягае гэтай ідэалягічнай сфэры дзеля захаваньня і ўтрыманьня ўлады. І гэта будзе толькі ўзмацняць працэс маральнага калецтва душ нашага новага маладога пакаленьня”.

Як паведамілі ў Камітэце ў справах рэлігіяў, прапановы ў справе распрацоўкі курсу рэлігіязнаўства накіраваныя Міністэрству адукацыі. Ня выключана, што новая дысцыпліна пачне выкладацца ў школах з наступнага навучальнага году.
XS
SM
MD
LG