Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі прысуды кардыёхірургам рэспубліканскага цэнтру “Кардыялёгія”


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Маскоўскім судзе Менску завяршыўся працэс над пяцьцю кардыёхірургамі рэспубліканскага цэнтру “Кардыялёгія” і адным з супрацоўнікаў прадпрыемства “Мультымэдыцына”. Суд палічыў даказанай віну дактароў, якія падманвалі хворых напярэдадні ўнікальных апэрацыяў на сэрцы: бралі грошы за бясплатныя хірургічныя матэрыялы альбо выкарыстоўвалі танныя айчынныя прылады замест дарагіх замежных.

Усіх шасьцёх суд прызнаў вінаватымі і адначасова ўжыў адносна іх амністыю. У выніку хірургі Ўладзімер Макееў, Барыс Туміловіч і Алег Каваленка пакараныя абмежаваньнем волі на розныя тэрміны — ад 3 да 4 гадоў. Дактары Аляксей Лучанок і Сяргей Скачок таксама з улікам аднаго году, зьнятага паводле амністыі, атрымалі па два гады калёніі. Намесьнік дырэктара СП “Мультымэдыцына” Ігар Васюкевіч пакараны двума гадамі зьняволеньня.

Паводле некаторых артыкулаў абвінавачаныя апраўданыя. Суд абавязаў асуджаных кампэнсаваць матэрыяльныя страты, якія яны нанесьлі хворым. Гэта некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў кожнаму.

Асуджаныя хірургі рэспубліканскага цэнтру “Кардыялёгія” лічацца ўнікальнымі адмыслоўцамі, якіх няма кім замяніць. Ці змогуць яны па-ранейшаму рабіць апэрацыі?

Хірургі Лучанок і Скачок, якія адбылі ў сьледчым ізалятары ўжо каля двух гадоў, змогуць вярнуцца да працы ўжо празь некалькі месяцаў. Вядомыя адмыслоўцы Макееў, Туміловіч і Каваленка спадзяюцца, што будуць адбываць пакараньне, зьвязанае з абмежаваньнем волі, на месцы ранейшай працы. Адвакаты не выключаюць, што да іх можа быць ўжытая норма пра датэрміновае вызваленьне ад пакараньня.

Былы загадчык лябараторыі цэнтру “Кардыялёгія” Ўладзімер Макееў гэтак пракамэнтаваў для Радыё Свабода вынесены яму прысуд:

(Макееў: ) “Канечне, непрыемна, што так ўсё атрымалася. Мы прызнаем прысуд і будзем працай загладжваць сваю віну, рабіць усё, каб прынесьці людзям карысьць сваёй працай”.

Працэс над хірургамі рэспубліканскага цэнтру “Кардыялёгія” стаў самым гучным працэсам над дактарамі ў сучаснай гісторыі Беларусі. У справе фігуравала больш за пяцьдзясят пацярпелых, нанесеныя ім страты вымяраюцца дзясяткамі мільёнаў рублёў. Пры гэтым падчас працэсу пацярпелыя не выказвалі маральных прэтэнзіяў да дактароў, большасьць дзякавалі хірургам за апэрацыі і кваліфікаванае лячэньне. На працэсе высьветлілася, што афіцыйны заробак унікальных хірургаў цэнтру “Кардыялёгія” складае ад 300 да 500 тысяч рублёў. Вядома, што за мяжой такія адмыслоўцы зарабляюць штомесяц дзясяткі тысяч даляраў.
XS
SM
MD
LG