Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкан факультэту журналістыкі: “Давайце ў дзяржаўнай ВНУ паводзіць сябе прыстойна!”


Ігар Карней, Менск Працягваецца супрацьстаяньне паміж шэрагам студэнтаў і кіраўніцтвам факультэту журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту. Нейкі час таму з журфаку за “акадэмічную непасьпяховасьць” была адлічаная студэнтка Вольга Класкоўская, якая ў якасьці карэспандэнта працавала для “Народнай Волі”. Аднакурсьнікі палічылі адлічэньне палітычна матываваным, пра што і напісалі ў заяве на імя нядаўна прызначанага дэкана Сяргея Дубовіка. Днямі ініцыятарка збору подпісаў, студэнтка 3 курсу Алена Андрэева, была выкліканая на размову да кіраўніцтва факультэту, дзе ёй сказалі пра “недапушчальнасьць палітызаваць” звычайную зьяву. А напярэдадні дэкан адмовіўся паставіць залік некаторым падпісантам на той падставе, што яны, як выказаўся пэдагог, “маральна не гатовыя” да іспытаў.

13 студэнтаў 3 курсу факультэта журналістыкі перакананыя, што ў дачыненні да Вольгі Класкоўскай ужытыя больш жорсткія захады, чым тыя, якія звычайна практыкуюцца ў выпадках акадэмічнай запазычанасьці: у прыватнасьці, ёй не далі нават магчымасьці пераздачы іспытаў. Сама Вольга Класкоўская кажа, што ў адзін і той жа дзень дэкан спачатку распарадзіўся працягнуць ёй тэрмін пераздачы запазычанасьці, а затым падпісаў загад на адлічэньне. Аднакурсьнікі стварылі камітэт у абарону Класкоўскай, патрабуючы аднаўленьня журналісткі на факультэце. Але цяпер ініцыятарка збору подпісаў, Алена Андрэева, перакананая: пасьля Класкоўскай кіраўніцтва журфаку свой гнеў пераарыентуе на падпісантаў.

Чарговыя непрыемнасьці, паводле Андрэевай, пачаліся ўчора, у часе лекцыі “Сацыяльна-палітычная праблематыка СМІ”, якую чытаў сам дэкан Сяргей Дубовік.

(Андрэева: ) “На першай пары ён даваў пад запіс штогадовы выступ Аляксандра Лукашэнкі з цытатамі, прычым, настойваў на тым, каб кавалак, які тычыцца СМІ, усе вывучылі на памяць. Замест другой пары ён зрабіў залік. Але мне сказаў: “З вамі я буду размаўляць пазьней”. Далей за мной “выставіў” такім жа чынам дзяўчыну зь ліку падпісантаў заявы на імя дэкана, якая тычыцца палітычна матываванага адлічэньня Вольгі Класкоўскай. Увогуле ж залік ставіў паводле прынцыпу: дзе працуеце, хто рэдактар. Наш залік з Ганнай Кавалёвай заключаўся ў тым, што ён задаў пытаньне: вашая пазыцыя не зьмянілася? Мы адказалі — не. І тады прагучала вельмі дзіўная фармулёўка: вы ня можаце здаваць залік, бо, прынамсі, я, Андрэева, не гатовая здаваць залік. Якім чынам ён гэта вызначыў, ён не патлумачыў”.

Сам дэкан факультэту журналістыкі БДУ Сяргей Дубовік перакананы, што ніякай палітыкі ні ў дачыненьні да Класкоўскай, ні да іншых студэнтаў няма. Затое, паводле дэкана, ёсьць спроба дэстабілізаваць сытуацыю з боку той жа Алены Андрэевай. Гаворыць Сяргей Дубовік:

(Дубовік: ) “Я заходжу — сядзіць Андрэева. Прыйшла на заняткі ў майцы “Марыніч. Беларусь будзе вольнай”. І кожны дзень мяняе такія майкі. Вось такая пазыцыя выкліку ў студэнткі. Якая рэакцыя павінна быць у дэкана? Я адэкватна стаўлюся да любой пазыцыі, але ж давайце ў дзяржаўнай ВНУ прыстойна сябе паводзіць. Чыста нават з журналісцкай пазыцыі (нават не з пазыцыі дэкана) я бачу штосьці кшталту правакацыі, спробы выклікаць канфрантацыю: маўляў, я на вас пляваць хацела, я на вушы вас усіх пастаўлю. І ніякай тут палітыкі!”

Тым часам, аднакурсьнікі адлічанай Вольгі Класкоўскай працягваюць патрабаваць ейнага аднаўленьня на факультэце і спыненьня практыкі перасьледу студэнтаў за іх грамадзянскую актыўнасць. Аднак дэкан журфаку сёньня пацьвердзіў мне, што пытаньне з Класкоўскай ужо вырашанае: вучыцца на факультэце яна ня будзе.

Стала вядома, што сёньня шэрагу падпісантаў заявы патэлефанавалі з дэканату факультэту журналістыкі і папярэдзілі, каб тыя кінулі “займацца не сваімі справамі”.
XS
SM
MD
LG