Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны рэдактар "Народнай Волі" заяўляе ў судзе, што Гайдукевіч супрацоўнічаў з Хусэйнам


Ганна Соусь, Менск Выступаючы ў судзе, галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Срэдзіч казаў пра фінансавыя сувязі лідэра ЛДП Сяргея Гайдукевіча з рэжымам Садама Хусэйна, спасылаючыся на “Комплексную справаздачу адмысловага дарадцы па ірацкай зброі масавага зьнішчэньня в DCI”, апублікаваны на ўрадавым вэбсайце ЗША.

У якасьці доказу супрацоўніцтва Сяргея Гайдукевіча з Садамам Хусэйнам галоўны рэдактар "Народнай волі" таксама спаслаўся на пісьмовае сьведчаньне афіцыйнага перакладчыка МЗС Іраку Лэйта Нурі Хасана, які ў 2002 годзе браў удзел ў перамовах дэлегацыі ЛДП з кіраўніком Бюро зьнешніх сувязей партыі БААС Харысам Эль-Хамалі, а таксама прысутнічаў пры падпісаньні кантрактаў спадара Гайдукевіча непасрэдна ў дзяржаўнай камісіі па продажу нафты.

На думку лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, “выступ Сярэдзіча быў вельмі аргумэнтаваны, але суд хутчэй за ўсё будзе глухі да фактаў”.

Выступаючы ў судзе, дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч заявіў, што ягоныя дзелавая рэпутацыя было моцна сапсаваныя ў выніку публікацыі ў газэце, і ён не адступіць ад сваіх патрабаваньняў – 200 мільёнаў рублёў кампэнсацыі.

Суд прызначыў грамадзкім прадстаўніком інтарэсаў "Народнай волі" юрыста Беларускага Хэльсынкскага камітэту Алега Гулака. Намесьніку старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэю Бастунцу адмовілі ў праве прадстаўляць інтарэсы "Народнай волі" з прычыны адсутнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б, што "Народная воля" зьяўляецца калектыўным сябрам БАЖ.

Гл. таксама • Галоўны рэдактар “Народнай Волі” заяўляе ў судзе, што Гайдукевіч супрацоўнічаў з Хусэйнам (поўны абноўлены тэкст)
XS
SM
MD
LG