Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Трусаў: “Той палітык, які будзе гаварыць па-беларуску, возьме дадатковыя балы на выбарах”


Алесь Дашчынскі, Менск У Кіргізстане працягваецца перадвыбарчая кампанія, а сярод назіральнікаў і прадстаўнікі Беларусі. Кіргізія стала трэцяй краінай - былой рэспублікай Савецкага Саюзу - дзе ў выніку народных выступленьняў зьмешчана кіраўніцтва краіны. У красавіку гэтага года парлямэнт Кіргізіі прыняў адстаўку былога прэзыдэнта Аскара Акаева, які пакінуў краіну ў выніку масавых пратэстаў, і прызначыў датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары на 10 ліпеня.

Усяго на пасаду прэзыдэнта краіны былі вылучаны 22 кандыдаты. Аднак для таго, каб атрымаць афіцыйную рэгістрацыю ў Цэнтравыбаркаме, неабходна выканаць некалькі ўмоваў, да прыкладу, сабраць ня менш за 50 тысяч подпісаў выбарнікаў і прайсьці лінгвістычную камісію на веданьне дзяржаўнай мовы.

Паводле выбарчага заканадаўства Кіргізстану, прэзыдэнтам краіны можа быць абраны грамадзянін, які валодае дзяржаўнай мовай, гэта азначае, што ён павінен умець чытаць, пісаць, выкладаць свае думкі на кіргізскай мове. Адмысловая камісія па мове, якая зацьвярджаецца ў парлямэнце, правярае здольнасьці кожнага прэтэндэнта.

Прычым дзяржаўнае тэлебачаньне асьвятляе ў наўпроставым эфіры, як сказана ў выбарчым заканадаўстве, працэдуру ўстанаўленьня кандыдатамі валоданьня дзяржаўнай мовай. Падчас гэтага тэлеэкзамэна кожны кандыдат павінен пісьмова выкласьці сваю перадвыбарчую праграму аб''ёмам ня больш за тры старонкі. Таксама ён павінен цягам 15 хвілінаў распавесьці пра асноўныя палажэньні сваёй перадвыбарчай праграмы і, нарэшце, прачытаць друкаваны тэкст на трох старонках. Кожны сябра камісіі ўслых робіць выснову – валодае ці не валодае грамадзянін кіргізскай мовай. Потым адбываецца галасаваньне. Зарэгістравацца кандыдатам на пасаду прэзыдэнта можна толькі пры наяўнасьці станоўчага рашэньня моўнай камісіі.

Паводле загадчыцы інфармацыйна – аналітычнага аддзелу Цэнтравыбаркаму Кіргізіі Ніны Мухінай, 9 з 15-ці кандыдатаў ужо вытрымалі гэты экзамэн, але ў панядзелак гэтая працэдура завяршаецца.

(Мухіна: ) “Па адным з кандыдатаў галасы сяброў камісіі падзяліліся – чатыры на чатыры. Яны не прыйшлі да згоды і, нарэшце, вырашылі прызначыць гэтаму кандыдату паўторнае тэставаньне. Але на наступны дзень сам кандыдат адклікаў сваю заяву. Усе бачылі па тэлебачаньні, як ён дрэнна валодае мовай. Думаю, па гэтай прычыне ён і адклікаў сваю заяву. Справа ў тым, што ў нас у канстытуцыі запісана, што кандыдат на прэзыдэнта павінен валодаць дзяржаўнай мовай. Прэзыдэнт, які ня ведае мовы, ня можа чытаць дакумэнтаў, ня можа разумець грамадзян, то няўжо гэта добра? ”

А як ставяцца да такой нормы ў кіргізскім выбарчым заканадаўстве ў Цэнтравыбаркаме Беларусі? Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік сьцьвярджае, што гэта норма заканадаўства і таму яе Цэнтральная камісія Кіргізіі павінна выконваць.

(Лазавік: ) “Я і не адабраю, і не асуджаю. Я абсалютна нэйтральна адношуся да гэтага. У нашым заканадаўстве такой нормы няма, таму гэтае пытаньне для Цэнтравыбаркаму Беларусі не актуальнае ”.

Дарэчы, спадар Лазавік паведаміў, што Цэнтравыбаркам пакуль ня мае запрашэньняў з Кіргізіі для ўдзелу ў назіраньні за выбарамі. Аднак незалежныя назіральнікі з Беларусі ўжо рыхтуюцца ў Бішкек. А сярод міжнародных назіральнікаў, якія на днях прыступілі да доўгатэрміновага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Бішкеку, – Тацяна Равяка, каардынатар праграмаў зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна”.

(Равяка: ) “ Мне вельмі спадабалася ў законе аб выбарах у Кіргізіі – гэта абавязковае веданьне кандыдатам у прэзыдэнты дзяржаўнай мовы, а дзяржаўнай у іх лічыцца кіргізская мова, а афіцыйна яшчэ ўжываецца расейская. Там асобны артыкул ёсьць у законе аб выбарах, які называецца – праверка веданьня дзяржаўнай мовы кандыдатам у прэзыдэнты. Я лічу, што гэта вельмі правільны крок, гэты крок накіраваны на захаваньне, на разьвіцьцё і мовы, і культуры, і вельмі хацела, каб у наш выбарчы закон былі ўнесены ня толькі зьмены, якія маглі б ня толькі дэмакратызаваць выбарчы працэс, але і даць гарантыі для разьвіцьця нацыянальнай мовы ”.

А як ацэньваюць свае лінгвістычныя магчымасьці вядомыя беларускія палітыкі, якія зьбіраюцца стаць адзіным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Беларусі ад апазыцыі?

Натуральна, цяперашнія тэндэнцыі ў сьвеце вымагаюць таго, каб кіраўнік краіны валодаў ня толькі роднай мовай, але й замежнымі. Да прыкладу, прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі і прэзыдэнт Украіны Юшчанка валодаюць ангельскай мовай. Многія ў Беларусі лічаць, што будучы прэзыдэнт Беларусі таксама павінен адпавядаць такім тэндэнцыям і тут павінна быць вялікая канкурэнцыя сярод прэтэндэнтаў на першую пасаду ў краіне.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Уладзімер Колас валодае беларускай, расейскай, францускай, ангельскай і польскай, разумее і можа чытаць на італьянскай мове. Ангельскую і францускую мовы спадар Уладзімер лічыць сваімі рабочымі. Патэнцыйны кандыдат Аляксандар Мілінкевіч валодае беларускай, расейкай, свабодна гаворыць на польскай і францускай. Ангельскую мову спадар Аляксандар добра разумее, але размаўляе слаба і намерваецца яе ўдасканаліць на інтэнсіўных курсах. Патэнцыйны кандыдат Анатоль Лябедзька валодае беларускай, расейскай і францускай мовамі.

Наколькі важны гэты лінгвістычны момант для будучага кіраўніка краіны? Гэтае пытаньне да старшыні Таварыства Беларускай мовы Алега Трусава.

(Трусаў: ) “Нацыя павінна сама сябе паважаць, і кіраўнік нацыі, ня важна якой ён нацыянальнасьці, абавязаны дасканала валодаць карэннай мовай нацыі. Гэта, як кажуць, элемэнтарная рэч. Калі палітык, які ідзе ў прэзыдэнты, ня стане размаўляць па-беларуску вольна, то гэта, як кажуць, палітык другога альбо трэцяга клясу, але не першага. Юшчанка, дарэчы, таму і перамог, што ён афіцыйна ўсюды выступаў па-ўкраінску. Ні разу не дазволіў сабе выступіць па-расейску, у адрозьненьне ад Януковіча. У Беларусі сытуацыя настолькі памянялася, што той палітык, які будзе гаварыць па-беларуску, возьме дадатковыя ачкі на выбарах ”.

Гэта азначае, што мінае час палітыкаў, якія валодаюць “трасянкай”. Якія лінгвістычныя магчымасьці ў дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі?

(Трусаў: ) “Ён ніякімі мовамі не валодае, у тым ліку і расейскай. Ён валодае магілёўскім дыялектам: вёска Александрыя, Шклоўчына. Кіраўнікі дзяржавы павінны ведаць дзьве-тры мовы, а то й болей. Ён тады нюансы розныя разумее падчас перамоваў ”.
XS
SM
MD
LG