Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў: дэпутат Сяргей Касьцян прапанаваў гвалтоўную стэрылізацыю


Уладзімір Глод, Менск Як і хто павінен кампэнсаваць страты, якія нясе краіна за ўтрыманьне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забесьпячэньні? Абмеркаваньне гэтай праблемы ў сьценах Палаты прадстаўнікоў вылілася ў нечаканую дыскусію. Прагучала нават прапанова прыняць закон аб гвалтоўнай стэрылізацыі асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця.

На пачатку нічога не абяцала бурнай дыскусіі. Але настрой дэпутатаў рэзка зьмяніўся пасьля таго, як міністар юстыцыі Віктар Галаванаў пачаў называць лічбы: у краіне цяпер 32 тысячы дзяцей-сіротаў. Аж 86% адсоткаў зь іх так званыя сацыяльныя сіроты, гэта значыць, дзеці, якія маюць жывых бацькоў. Міністар упэўнены: яны павінны цалкам кампэнсаваць выдаткі, які нясе дзяржава. Дзеля гэтага міністэрства і падрыхтавала адпаведны законапраект.

Калі дакумэнт пачалі абмяркоўваць, слова ўзяў дэпутат Сяргей Касьцян. І вось што ён прапанаваў:

(Касьцян: ) "Жывёлы вядуць упарадкаваны лад жыцьця. Бальшыня людзей - 99% - жывуць упарадкавана. Але 1% людзей жыве неўпарадкавана. І ад іх пладзяцца дзеці. І такім чынам мы ўвесь час ствараем умовы для дэбілізацыі грамадзтва. Ведаю, мая прапанова выкліча непаразуменьне, абурэньне. Але гэта адносіцца не да ўсяго грамадзтва, а толькі адносна асобных грамадзянаў. Я маю на ўвазе, што нам трэба прымаць закон аб гвалтоўнай стэрылізацыі".

Пасьля спадара Касьцяна выступіў толькі адзін дэпутат - Віктар Кучынскі. На ягоную думку, калі закон будзе прыняты, нейкая частка бацькоў можа спалохацца, нешта зрабіць. Але дэпутат лічыць, што такіх будзе нямнога. Але як лічыць спадар Кучынскі, вытокі складанай сытуацыі, што склалася цяпер у грамадзтве, трэба шукаць, перадусім, у эканамічнай сфэры:

(Кучынскі: ) "Мы абсалютна не вызначылі прычыны, якія спараджаюць тое, што не павінна быць - кінуць свайго дзіцёнка вельмі сур''ёзна. Гэта наагул трагічна. А якія прычыны таго, што пэўная частка грамадзтва не займаецца сваімі дзецьмі? Першая - эканамічная. Гэта - самае галоўнае. Чалавек шукае альтэрнатыву ў алькаголі, наркотыках і апускаецца на дно. Другая прычына -- нездароўе, калі чалавек ня можа займацца выхаваньнем сваіх дзяцей. І трэцяя - беспрацоўе. Гэта ня тое, што падаецца афіцыйна, а схаванае беспрацоўе. І, дарэчы, спадар міністар, я ведаю, з досьведу дэпутацкага прыёму, што многія адмаўляюцца ад дзяцей толькі таму, што ня могуць іх утрымліваць і спадзяюцца, што, калі іх дзіцё трапіць у дзіцячы дом, яно атрымае там больш, чым у сям''і".

Новы законапраект быў аднагалосна прыняты ў першым чытаньні. Без прапановы Сяргея Касьцяна. Але калі гэты дакумэнт будзе разглядацца ў другім чытаньні, дык можна чакаць і новых прапановаў. Так бы мовіць кур''ёзныя прапановы ад дэпутатаў гучаць не аднойчы. Вось некалькі прыкладаў з апошняга часу. Той жа Віктар Кучынскі прапаноўваў "заваліць гомасэксуалістаў", Васіль Хрол прапаноўваў увесьці падатак на ўладальнікаў мабільных тэлефонаў... А дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Валеры Шчукін у свой час прапанаваў вызваліць парлямэнцкі буфэт ад польскай гарчыцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG