Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Здаровага ладу жыцьця прытрымліваецца толькі 15% менчукоў


Галіна Жарко, Менск Недастаткова ўважлівыя адносіны да нормаў здаровага жыцьця маюць вынік, што да 60-ці гадоў дажывае толькі кожны другі сталічны жыхар. Сярэдняя працягласьць жыцьця мужчынаў складае 66 гадоў, жанчынаў – 76.

Паводле галоўнага ўрача Менскага гарадзкога цэнтра здароўя Івана Тарашкевіча, здаровага ладу жыцьця прытрымліваецца зусім невялікая колькасьць – толькі 15% менчукоў. Але людзі, быццам бы, выдатна ведаюць, што гэта такое. У гэтым я ўпэўнілася на вуліцах Менску. Вось як адказвалі людзі на пытаньне, што яны разумеюць пад словамі “здаровы лад жыцьця”.

(Спадар: ) “Спорт. Фізычная культура. Так, я займаюся спортам”.

(Спадарыня: ) “Нармальны рэжым дня. Нармальнае харчаваньне. Нармальнае сямейныя адносіны”.

(Карэспандэнт: ) “А мы маем магчымасьць весьці здаровы лад жыцьця?”

(Спадарыня: ) “Вядома. Ніякіх праблемаў”.

(Юнак: ) “Ня піць, ні курыць. Здаровае харчаваньне. Штодзённыя заняткі спортам”.

(Спадар: ) “Трэба пазбаўляцца кепскіх звычак, хоць гэта вельмі складана. У большасьці насельніцтва няма часу, каб займацца спортам”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат грошай патрэбна, каб весьці здаровы лад жыцьця?”

(Юнак: ) “На ўсё грошы трэба”.

(Спадар: ) “Хутчэй гэта залежыць ад жаданьня і свабоднага часу. Кепскія звычкі патрабуюць нашмат больш грошай, чым весьці здаровы лад жыцьця”.

Паводле старшыні Навуковага савету ў нацыянальнай справаздачы па народанасельніцтве і разьвіцьці Леаніда Заікі, апрача эканамічнага аспэкту здаровага ладу жыцьця ня варта забывацца на культуралягічны. Людзі ў некаторых краінах Усходу вядуць здаровы лад жыцьця, атрымліваючы заробак прыкладна 50 даляраў. Пры гэтым яны традыцыйна харчуюцца расьлінамі – садавіною, гароднінаю. Але яны жывуць ва ўмовах збалянсаваных адносінаў з прыродаю. Што тычыцца сытуацыі ў Беларусі, а ў вялікіх гарадах тым больш, дык намаганьням весьці здаровы лад жыцьця перашкаджаюць, у першую чаргу, стрэсавыя нагрузкі.

Рэзка зьнізілася працягласьць жыцьця, і павялічылася сьмяротнасьць менавіта у 90-я гады з прычыны павелічэньня колькасьці стрэсаў. У дадатак - пасьлячарнобыльскія праблемы. Спэцыялісты лічаць, што спалучэньне такіх неспрыяльных фактараў, як экалягічная абстаноўка плюс стрэс, і ёсьць самае небясьпечнае.

Займацца ў добра абсталяваных фітнэс-цэнтрах можа дазволіць сабе невялікая частка беларусаў, бо каштуе гэта каля 600 даляраў на год. Можна сьціпла займацца ёгаю альбо пілатэсам прыкладна за 50 тысяч на месяц. Можна, зрэшты, абсалютна бясплатна бегаць раніцаю ў двары.

А вось пра эфэктыўнасьць фізкультуры ў вырашэньні такіх значных праблемаў са здароўем, я запыталася ў старшыні Навуковага савету ў нацыянальнай справаздачы па народанасельніцтве і разьвіцьці Леаніда Заікі.

(Заіка: ) “Гэта савецкія прапановы. У духу Маякоўскага. Я катэгарычны праціўнік такога прымітыўнага падыходу. Глупства! Фізкультура добра тады, калі ў чалавека ва ўмовах нізкай фізычнай нагрузкі ёсьць патрэба “адцягнуцца”. Але гэта не для нас. Бо цягаем сумкі, у тралейбусах душымся. Там вольная і грэцкая барацьба. Мне проста сьмешна рэкамэндаваць людзям займацца спортам. Адна справа, калі немец выходзіць раніцаю і садзіцца ў свой “гольф”. Іншая справа, калі наш чалавек бяжыць за тралейбусам”.

На першым месцы ў Беларусі сьмяротнасьць ад сардэчна-сасудзістых захворваньняў. Сьмяротнасьць сярод мужчын на 12,8% вышэйшая, чым сьмяротнасьць сярод жанчын. Асабліва трывожнае павелічэньне інтэнсіўнасці сімяротнасіці за пэрыяд з 1990 да 2000 год у найбольш актыўных і працаздольных узроставых групах.
XS
SM
MD
LG