Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 2 чэрвеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 2 чэрвеня.

“Віцебскі пролетарый”, 1935 год. Пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) “Аб ліквідацыі дзіцячай беспрытульнасці і безнагляднасці”:

“У п.5 пастановы “Аб дзіцячай літаратуры і кінофільмах” гаворыцца: “Даручыць аддзелу культурна-асветнай работы і аддзелу друку і выдавецтваў ЦК ВКП(б), ЦК нацкомпартый і соўнаркомам саюзных рэспублік узмацніць нагляданне за дзіцячай літаратурай і кінофільмамі, не дапускаючы літаратуры і фільмаў, якія могуць мець шкодны ўплыў на дзяцей (прыгоды крымінальных злачынцаў і т.п.)”.

“Бацькаўшчына”, 1955 год:

“Вынікі пасеваў кукурузы ў мінулым годзе не пераканалі калгасьнікаў Беларусі ў яе надзвычайных каштоўных якасьцях. Калгасьнікі добра зразумелі, што ў гэтым годзе іх прымушаюць усе лепшыя землі адвесьці пад кукурузу, добра іх угнаіць мясцовым гноем, пасеяць уручную, патраціць шмат працы, каб яна вырасла, і потым скарыстаць яе на сілос. Пры гэтым, каб даць месца кукурузе, прыйдзецца адмовіцца ад пасеваў ячменю, аўса і іншых збожжавых культураў”.

“Голас Радзімы”, 1975 год:

“28 мая ў памяшканні акруговага дома афіцэраў жыхары Ленінскага раёна Мінска сустрэліся з кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР — кандыдатам у члены Палітбюро ЦК КПСС, першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Машэравым. Аб жыццёвым і працоўным шляху выбранніка народа расказаў давераная асоба кандыдата, дырэктар станкабудаўнічага завода імя Кірава В.Кебіч… У сваёй прамове П.Машэраў зрабіў дэталёвы аналіз той велізарнай работы, якую працоўныя Беларусі правялі на выкананню заданняў пяцігодкі”.
XS
SM
MD
LG