Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў аўтара "Дзяцей ілжы" намесьнікам старшыні БТ


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аўтар фільму “Нянавісьць. Дзеці лжы” Юры Азаронак прызначаны намесьнікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Адпаведны указ 2 чэрвеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Раней Юры Азаронак працаваў прэсавым сакратаром Пракуратуры Беларусі.

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, якая распаўсюдзіла навіну пра новае прызначэньне Юрыя Азаронка, не паведамляе, якімі дакладна пытаньнямі будзе займацца на новай пасадзе Юрый Азаронак.

Спадар Азаронак скончыў курс рэжысуры дакумэнтальнага кіно Беларускай акадэміі мастацтваў і стаў вядомы ў сярэдзіне 1990-х гадоў як аўтар фільму “Нянавісьць. Дзеці лжы”. Фільм быў паказаны перад рэфэрэндумам аб замене дзяржаўнай сымболікі. Фільм быў скіраваны супроць Беларускага Народнага фронту і ягонага лідэра Зянона Пазьняка. У фільме выкарыстоўвалася шмат кінахронікі часоў Другой сусьветнай вайны, у тым ліку здымкі беларускіх калябарантаў. Накладаньне відэакадраў пра іх дзейнасьць на голас Зянона Пазьняка стала прычынай звароту лідэра БНФ ў суд. Пра той судовы працэс дзесяцігадовай даўніны згадаў Лявон Баршчэўскі, які ў той час быў намесьнікам старшыні БНФ.

(Баршчэўскі: ) “Памятаю, спачатку суд прызнаў, што былі непраўдзівыя факты, а потым пракурор гэта зноў адмяніў. Гэта ўсё камісарства, не журналістыка. Добры артыкул тады напісаў пра гэта рэжысэр Віктар Дашук. Ён яшчэ сказаў, што яму сорамна за такога выхаванца”.

Больш за два гады таму Юры Азаронак быў прызначаны прэсавым сакратаром рэспубліканскай пракуратуры і адначасова працягваў супрацоўнічаць зь Беларускім тэлебачаньнем. Восеньню 2004 году напярэдадні рэфэрэндуму журналісты адзначылі, што прэсавага сакратара пракуратуры стала цяжка знайсьці на працы, а неўзабаве на экраны тэлевізараў выйшаў прапагандысцкі сэрыял Азаронка “Кансьпіралёгія”, зноў прысьвечаны беларускай апазыцыі.

Вось як вядомы рэжысэр Юры Хашчавацкі пракамэнтаваў прызначэньне Юрыя Азаронка намесьнікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

(Хашчавацкі: ) “Усё паводле лёгікі. Ён жа прайшоў добрую стажыроўку у пракуратуры, а ў нас зараз тэлебачаньне будзе галоўным абвінаваўцам, гэткае пракурорскае тэлебачаньне. Ён такі вінцік-шпунцік мэханізму. Яго прызначылі на гэтае месца, а заўтра могуць ўзяць адтуль і паставіць кіраваць жалезабэтонным заводам. Зараз ў нас такі прынцып улады”.

Атрымаць камэнтар ад самога Юрыя Азаронка адносна ягонага прызначэньня не ўдалося.
XS
SM
MD
LG