Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая прэса піша пра рост рэпрэсіўнай хвалі ў Беларусі


Алена Струвэ, Менск “Рэпрэсіі ў Менску растуць”, “Лукашэнка пазбаўляецца ад ворагаў” – артыкулы пад такімі загалоўкамі надрукаваныя ў сёньняшніх уплывовых нямецкіх выданьнях "Frankfurter Rundschau" і "Frankfurter Allgemeine". Журналісты прысьвячаюць свае публікацыі чарговаму палітычнаму працэсу і называюць яго спробай Лукашэнкі прымусіць замоўкнуць сваіх канкурэнтаў.

Як піша "Frankfurter Allgemeine", без сумневу ў Беларусі пачалася падрыхтоўка да будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Сьведчаньнем таму – судовыя працэсы над патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Гэтым разам прысуд аб пазбаўленьні волі выў вынесены лідэру беларускіх сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевічу і актывісту моладзевага аб’яднаньня “Зубр” Паўлу Севярынцу.

Як піша "Frankfurter Rundschau", апошні дыктатар Эўропы надзвычай жорстка абыходзіцца з апазыцыяй. Ён імкнецца, каб ягоныя магчымыя канкурэнты на будучых выбарах замоўклі надоўга. У гэтых мэтах Лукашэнка выкарыстоўвае цалкам залежную ад яго судовую сыстэму. Апошнім часам беларуская Фэміда засудзіла лідэра гарадзенскага незалежнага зьвязу прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага і былога міністра Міхаіла Марыніча. Сваіх працэсаў чакаюць апанэнты рэжыму Андрэй Клімаў і Сяргей Скрабец.

Тым часам, піша газэта, разьлічваць, што ў Беларусі адбудзецца тое ж разьвіцьцё падзеяў, што і ва ў суседняй Украіне, нельга. Беларуская апазыцыя слабая і не кансалідаваная. Аналізуючы сытуацыю, назіральнікі ў Менску, аднак, ня выключаюць, што Лукашэнка, які з кожным днём становіцца ўсё больш нэрвовым, можа датэрмінова правесьці выбары сёлета ўвосень.

Аўтар артыкулу ў "Frankfurter Allgemeine" зьвяртае ўвагу чытачоў на апошні ўказ беларускага кіраўніка, які забараняе недзяржаўным СМІ, ужываць словы “беларускі” і “нацыянальны” ў сваіх назовах. Зусім невыпадкова, што гэты ўказ накіраваны супраць тых нямногіх апазыцыйных газэтаў, што засталіся ў Беларусі, піша нямецкая выданьне і працягвае:

“Рэжым таксама імкнецца ўзяць пад свой поўны кантроль і тыя нямногія няўрадавыя арганізацыі, якія дзейнічаюць у краіне. Напрыклад, Саюз палякаў Беларусі. Гэта не магло ня выклікаць скандалу ў Польшчы. Новыя сябры ЭЗ імкнуцца зрабіць адпаведны ўплыў на сытуацыю ў Менску, паколькі яны ведаюць, што дзеля стабільнасьці ў рэгіёне неабходнае існаваньне дэмакратычнай Беларусі”, – піша "Frankfurter Allgemeine".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG