Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца віцебчукі да прысуду М.Статкевічу і П.Севярынцу?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Мінакоў на вуліцах Віцебску апытвала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Апазыцыянэрам Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу прысудзілі па тры гады “хіміі”, бо суд прызнаў іх вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску пасьля мінулага рэфэрэндуму. Ці лічыце вы справядлівым гэты прысуд?”

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта дужа суровае для іх пакараньне. Яны не зрабілі нічога такога, каб саджаць іх у турму або даваць “хімію”.

(Спадарыня: ) “Паўла Севярынца пасадзілі? Дык жа за палітыку! А за палітыку ў нас ва ўсе часы саджалі. Я думаю, што і надалей саджаць будуць!”

(Спадар: ) “Гэта няправільна, і гэтак у краіне ня мусіць быць, каб саджалі за палітыку! У нас жа павінна быць свабода слова нібыта. А ў нас людзей за тое, што выказвалі свае думкі, саджаюць або даюць “хімію”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, гэта ня нашая справа — меркаваць пра тое, даваць камусьці “хімію” або не даваць!”

(Спадар: ) “Я ўвогуле нічога ня ведаю пра гэтую справу, таму нічога не магу сказаць”.

(Дзяўчына: ) “Севярынца я памятаю: ён да нас дадому прыходзіў, калі балятаваўся ў гарсавет. І тое, што яго пасадзілі, я лічу несправядлівым: ёсьць шмат іншых, каго варта было б пасадзіць за арганізацыю беспарадкаў. У нас п’яніцы круглыя суткі ў двары скандаляць, б’юцца, дык лепш было б іх пакараць!”

(Спадар: ) “Я пра гэты прысуд нічога ня чуў. Але я ўвогуле нэгатыўна стаўлюся да таго, што суды караюць палітыкаў”.

(Спадар: ) “Палітыка, яна заўжды вымагае ахвяраў. Гэта абставіны ў нас такія, яны так складаюцца. І мы мусім працаваць у такіх умовах, якія цяпер ёсьць”.

(Хлопец: ) “Я яшчэ ня чуў пра прысуд. Кажаце, тры гады “хіміі”? Канечне, гэта несправядлівае рашэньне суду! Цяпер, з аднаго боку, Віцебску будзе вельмі бракаваць такое палітычнае постаці, як Павал Севярынец. Але з другога боку, тое, што ён — там, а мы тут будзем прэзыдэнта абіраць, дасьць нам нейкае моцы. Бо мы будзем ня толькі абіраць новага прэзыдэнта, але й вызваляць іх — Севярынца ды Статкевіча”.
XS
SM
MD
LG