Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія палітыкі заклапочаныя будучыняй Эўразьвязу


Алена Струвэ, Менск У палітычных колах Нямеччыны — краіны, якая стаяла ля вытокаў эўрапейскай інтэграцыі, пасьля рэфэрэндумаў у Францыі і Нідэрляндах можна пачуць самыя розныя меркаваньні адносна далейшай будучыні Эўропы.

Мой суразмоўца — сябра самай “праэўрапейскай” нямецкай партыі ХДС Вольфганг Зэндэр, не хавае свайго расчараваньня ў зьвязку з учорашнім галасаваньнем у Нідэрляндах.

(Зэндэр: ) “Гэта не зусім звыкла, што ў галяндцаў такі настрой. Паколькі спачатку яны былi аднымі з самых вялікіх прыхільнікаў і ініцыятараў Эўразьвязу. Французы і раней шмат выступалі супраць аб’яднанай Эўропы. У 1960-я, калі вяліся дыскусіі наконт эўрапейскага палітычнага зьвязу, яны гаварылі “не”. Ад французаў усе гэтага чакалі. Але тое, што нідэрляндцы — гэта вельмі кепскі знак. Але магу сказаць, што сярод нямецкага насельніцтва гэтыя галасаваньні на тле маючых адбыцца датэрміновых выбараў адышлі на задні плян, што ня добра.

Ня выключаны раскол паміж старымі эўрапейскімі краінамі, альбо прыхільнікамі “паглыбленай” Эўропы, і тымі, хто захацеў пашыранай Эўропы — Польшчай, Вялікабрытаніяй ды іншымі. Я ня бачу ў гэтым добрага разьвіцьця. Складана ў такой сытуацыі чакаць нейкіх новых імпульсаў у дачыненьні да такіх краінаў, як Украіна ці Беларусь. Канечне, многае будзе залежаць ад бліжэйшых парлямэнцкіх выбараў у эўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Нямеччыне. Што відавочна, дык тое, што эўрапейскія інтэграцыйныя працэсы пойдуць хутчэй у бок паглыбленьня, а не пашырэньня”.

Вядомы нямецкі палітык і дыплямат Ганс-Георг Вік ня згодны з тымі калегамі, якія прагназуюць раскол унутры Эўропы.

(Вік: ) “Усіх гэтых спэкуляцыяў наконт расколу паміж “праамэрыканскімі новымі” краінамі і “непраамэрыканскімі старымі” я ніяк не прымаю. Канечне, пэўны скепсіс у дачыненьні да будучыні Эўразьвязу ёсьць. Але тое, што адбылося ў Францыі і Нідэрляндах — гэта здарылася, і з гэтымі вынікамі трэба жыць. Канечне, шкада, што Эўропа стала ахвярай недаверу францускага, галяндзкага насельніцтва да ўласных урадаў і прэзыдэнтаў. Але гэта тая рэчаіснасьць, якой мы мусім глядзець у вочы. У гісторыі Эўразьвязу такія зьявы назіраліся і раней. Тым ня менш, імкненьне эўрапейцаў да інтэграцыі на гэтым ня скончылася. Іншая справа, што многія жыхары эўрапейскіх краінаў не ідэнтыфікуюць сябе як удзельнікі эўрапейскіх працэсаў. Гэта азначае, што кіраўніцтва Зьвязу мусіць быць бліжэй да народаў”.

Што да будучых стасункаў Эўрапейскага Зьвязу з новымі суседзямі — Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Расеяй, то спадар Вік не прадбачыць тут нейкага нэгатыўнага разьвіцьця. За выключэньнем таго моманту, што цяпер ЭЗ мусіць больш засяродзіцца на сваіх унутраных праблемах, а пытаньні накшалт Беларусі праўдападобна адыдуць на другі плян.

(Вік: ) “Нашая праблема — Беларусь — ужо доўгі час абмяркоўваецца на самых розных узроўнях. Было зроблена шмат заяваў. Але, на жаль, актыўнасьць эўрапейскага кіраўніцтва ў пытаньнях падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, альтэрнатыўных сілаў на выбарах не была такой высокай, як мусіла быць. Калі ўзяць Украіну, то ў гэтай краіне стварэньне незалежнай назіральнай групы на выбарах атрымала падтрымку эўрапейскіх і амэрыканскіх інстытутаў. Калі аўтарытарныя рэжымы маюць магчымасьць маніпуляваць вынікамі выбараў на карысьць кіроўных колаў, такая падтрымка неабходная”.
XS
SM
MD
LG