Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Сяргея Скрабца, які 19-ты дзень галадуе за кратамі, выклікалі лекараў


Уладзімер Глод, Менск Адзін з актывістаў беларускай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец ужо 19-ты дзень трымае галадоўку ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары. Пра стан здароўя галадоўніка нашаму радыё распавёў 2 чэрвеня адвакат экс-дэпутата Міхаіл Хоміч.

Міхаіл Хоміч паведаміў, што да былога парлямэнтара ўжо выклікалі мэдычную дапамогу.

Гэта зьвязана з тым, што ён працягвае галадаваць і п’е толькі ваду. Паводле адваката, які сёньня наведваў Сяргея Скрабца ў камэры сьледчага ізалятара, той пачаў скардзіцца на здароўе:

(Хоміч: ) “Мэдычную дапамогу ён атрымаў. Скаргі тыя ж самыя, што і раней: галаўны боль, пачынаюць трошкі турбаваць ныркі. Лекары прапануюць аглядаць яго штодня, але Скрабец гаворыць, што гэта не патрэбна. Калі ўжо будуць узьнікаць нейкія праблемы, дык ён пакліча”.

Сяргей Скрабец, які быў арыштаваны яшчэ 15 траўня, ад таго дня абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць абвінавачаньняў, якія ён лічыць беспадстаўнымі. Былога дэпутата абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва. Спадар Хоміч гаворыць, што былы дэпутат паводзіць сябе вельмі годна:

(Хоміч: ) “Відаць, што чалавек валявы, мэтанакіраваны. Іншы, магчыма, ужо даўно раскіс бы. А ён трымаецца”.

Я спытаў адваката, дзе цяпер трымаюць Сяргея Скрабца. Спадар Хоміч адказаў, што ў іншае памяшканьне яго не пераводзілі:

(Хоміч: ) “Так, усё ў той жа камэры. Там, Скрабец кажа, абстаноўка спакойная. Сабраліся людзі інтэлігентныя”.

Малодшага брат Сяргея Скрабца Аляксандра 31 траўня пасьля допыту выпусьцілі на волю пад падпіску пра нявыезд. З таго часу ён катэгарычна адмаўляецца размаўляць з прадстаўнікамі мэдыяў. Адвакат Хоміч тлумачыць гэта так:

(Хоміч: ) “Яму гэта катэгарычна забаранілі”.
XS
SM
MD
LG