Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца да галадоўкі ў навучальных установах?


Галіна Абакунчык, Менск Шасьцёра юнакоў, якія распачалі бестэрміновую галадоўку ў Жодзіне, цягам дзевяці мінулых месяцаў былі выключаныя з розных навучальных установаў краіны. У пераважнай бальшыні — зь менскіх ВНУ. Як ставіцца да акцыі пратэсту сваіх былых студэнтаў кіраўніцтва гэтых установаў, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, а таксама іншых структураў улады высьвятляла?

У пераважнай бальшыні прадстаўнікі рэктаратаў, а таксама іншых дзяржаўных установаў ад камэнтароў адмаўляюцца. Як вядома, пракуратура Жодзіна распачала разьбіральніцтва ў справе галадоўнікаў. Але паведаміць нейкія падрабязнасьці там адмаўляюцца. Вось што сказаў намесьнік пракурора Ігар Дамаронак:

(Дамаронак: ) “Я вам інфармацыі ня дам. Я вельмі заняты. У мяне няма ацэнкі гэтай сытуацыі. Ну, галадаюць…”

У навучальных установах пра сваіх былых студэнтаў таксама размаўляюць вельмі неахвотна. Да прыкладу, Алеся Смольскага звольнілі з сувораўскай вучэльні за ініцыятыву надаць гэтай установе імя Тадэвуша Касьцюшкі. Але намесьнік рэктара па вучэбнай частцы Андрэй Ярэшчанка не пажадаў згадваць гэтай гісторыі і цяперашнюю галадоўку былога навучэнца пракамэнтаваў гэтак:

(Ярэшчанка: ) “Па таварышу Алесю Смольскаму ўсе пытаньні былі закрытыя. Смольскі ўжо ня вучыцца, дзякаваць богу, цэлую чвэрць. І за ягоныя дзеяньні цяпер мы адказваць ужо ня можам”.

У пэдунівэрсытэце таксама адмаўляюцца камэнтаваць дзеяньні свайго былога студэнта Паўла Красоўскага. А ягонае адлічэньне з ВНУ ня зьвязваюць з палітычнай дзейнасьцю. Гаворыць рэктар Пётар Кухарчык:

(Кухарчык: ) “Ён ня наш студэнт, мы яго не адлічвалі паводле палітычных меркаваньняў. Мы яго адлічылі за акадэмічную непасьпяховасьць. Правы ён, левы ён, цэнтрыст — мне ўсё роўна. Але калі чалавек ня хоча вучыцца, то й надалей такіх будзем адлічваць”.

Учора прадстаўнікі палітычных партыяў перадалі ў Міністэрства адукацыі ліст пратэсту супраць палітычнага перасьледу моладзі, падпісаны шэрагам вядомых навукоўцаў, літаратараў і грамадзкіх дзеячаў. Чыноўнікі паабяцалі разабрацца, але што зроблена дакладна, ніхто зь іх не пракамэнтаваў. Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, сёньня цягам дня кіраўніцтва праводзіла тэрміновую калегію.
XS
SM
MD
LG