Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рада” судзіцца з падатковай інспэкцыяй, патрабуе адмяніць падаткі з міжнароднай дапамогі


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Менскім гаспадарчым судзе пачаўся працэс паводле скаргі Беларускага саюзу моладзевых і дзіцячых аб’яднаньняў “Рада” на дзеяньні падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну сталіцы. “Рада” патрабуе адмяніць падаткі зь міжнароднай дапамогі, якую яна атрымлівала ад Эўразьвязу і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у 2002-2003 гадах.

Працэс паводле скаргі “Рады” на дзеяньні падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну Менску вядзе судзьдзя Маргарыта Пасьлед. Падатковыя інспэктары налічылі “Радзе” штрафаў і падаткаў на 140 мільёнаў рублёў. Між тым, актывісты арганізацыі спасылаюцца на падпісаныя Беларусьсю міжнародныя дамовы, паводле якіх падаткаў з гэтак званай тэхнічнай дапамогі не бяруць.

Старшыня арганізацыі Сьвятлана Каралёва згадала пра тое, як два месяцы таму ў іх апісвалі маёмасьць:

(Каралёва: ) “Гэта быў шок. Уявіце, ў офісе знаходзяцца дванаццаць маладых людзей, прыяжджаюць дарослыя дзядзькі і пачынаюць перакульваць усю маёмасьць: кампутары, мадэмы, прынтэры, ксэракс, факсы. Гэта ўсё, што было атрымана ад ЮНІСЭФ і ТАСІS на нашыя праграмы, і цяпер яно апісана! Адказнасьць за гэта кладзецца на наш урад”.

Між тым, прадстаўнікі падатковай інспэкцыі настойваюць, што дзейнічалі паводле закону. Ад камэнтароў адносна сваёй пазыцыі яны адмовіліся.

Сьведкамі на працэсе выступілі Аляксандар Каранкевіч і Віктар Палянін, якія працавалі ў арганізацыі, калі аказвалася дапамога праз праграмы Эўразьвязу ТАСІS і дзіцячы фонд Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў ЮНІСЭФ.

Абодва сьведкі пацьвердзілі, што дапамога ня мусіла абкладаецца падаткамі. “Мы здавалі ўсе справаздачы, у тым ліку ў падатковую інспэкцыю, і ніколі да нас не было прэтэнзіяў”, — засьведчыў былы старшыня “Рады” Віктар Палянін.

Чаму ж узьніклі гэтыя прэтэнзіі?

“Рада”, якая аб’ядноўвае 15 моладзевых арганізацыяў, ёсьць адзіным партнэрам Эўрапейскага моладзевага форуму, празь які ідзе дапамога з Эўропы, даводзіць Сьвятлана Каралёва. Яна не выключае, што нішу гэтага партнэра хацела б заняць нейкая праўрадавая арганізацыя.

Сьвятлана Каралёва нагадала, што падатковы ціск на “Раду” пачаўся неўзабаве пасьля няўдалай спробы ўступіць у Эўрапейскі моладзевы форум праўрадавага Камітэту моладзевых арганізацыяў, у які ўваходзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Каардынатар Камітэту моладзевых арганізацыяў Алена Кузьмянкова пацьвердзіла Радыё Свабода, што летась КМА падаў заяву на ўступленьне ў Эўрапейскі форум, але пакуль станоўчага адказу не атрымаў. Алена Кузьмянкова абвергла сувязь гэтай гісторыі з падатковым ціскам на “Раду”.

Працэс адкладзены на няпэўны тэрмін для падрыхтоўкі неабходных дакумэнтаў.

Варта заўважыць, што 1 чэрвеня Вышэйшы гаспадарчы суд паставіў кропку ў аналягічным працэсе. Суд стаў на бок Беларускага Хэльсынскага камітэту, які аспрэчваў спагнаньне зь яго падаткаў з праграмаў Эўразьвязу. Падатковая інспэкцыя Маскоўскага раёну Менску да апошняга настойвала на тым, што з праграмаў міжнароднай дапамогі трэба браць падаткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG