Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жодзінскія галадоўнікі дасягнулі першага посьпеху


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Жодзіне дзявятыя суткі працягваецца галадоўка супраць выключэньня з навучальных установаў дэмакратычнай моладзі. У акцыі, якая пачалася 25 траўня, бяруць удзел пяцёра юнакоў: Зьміцер Чарткоў, Аляксандар Вінаградаў, Яўген Валкавец, Сяржук Мурашка і Павал Каранюхін. Жодзінскія галадоўнікі дамагліся выкананьня аднаго з патрабаваньняў.

2 чэрвеня жодзінскія галадоўнікі, якія пратэстуюць супраць выключэньня з навучальных установаў, зьнялі адно з патрабаваньняў. Гаворыць лідэр мясцовай суполкі “Маладога фронту” Павал Красоўскі:

(Красоўскі: ) “Галадоўнікі спыняюць патрабаваньне, каб спыніць ціск на Максімаву Натальлю і Галубец Вольгу і даць ім магчымасьць давучыцца. Іх і іх настаўніцу выклікалі ў гарвыканкам: ім дырэктар Несан Алена Пятроўна гарантавала далейшае навучаньне пры ўмове пасьпяховай здачы іспытаў”.

Натальля Максімава і Вольга Галубец — навучэнкі жодзінскай Жаночай гімназіі, актывісткі моладзевага дэмакратычнага руху. Пасьля таго, як яны выступілі супраць выключэньня з жодзінскага політэхнікуму Сержука Мурашкі, іх папярэдзілі пра выключэньне з гімназіі.

Патрабаваньне галадоўнікаў пра аднаўленьне Мурашкі застаецца нявыкананым. Вось што паведаміў удзельнік акцыі Зьміцер Чарткоў:

(Чарткоў: ) “Сёньня прыяжджаў юрыст БХК Гулак, яны езьдзілі ў пракуратуру, і там ім сказалі, што два дні таму выслалі афіцыйны адказ. І ў адказе раяць зьвярнуцца ў суд. Усё, што яны разгледзелі”.

Тым часам здароўе ўдзельнікаў акцыі выклікае занепакоенасць як іх паплечнікаў, так і саміх галадоўнікаў. Учора ўвечары яны параілі вярнуцца дадому баранавіцкаму маладафронтаўцу 19-гадоваму Сержуку Марчыку, які хварэе на бранхіяльную астму:

(Марчык: ) “Я выехаў з Жодзіна і ўначы быў у Баранавічах. Сёньня наведаў лекара. Кажа, што патрэбна выходзіць з галадоўкі. У мяне болі ў грудзях, таму не хацелася, каб гэта зацягнулася. Шмат яшчэ справаў трэба рабіць і, калі я зьлягу, будзе вельмі непрыемна”.

Сяржук Марчык сёньня яшчэ трымае галадоўку, але ня выключае, што ўжо заўтра спыніць яе і пачне рэабілітацыю.

У Барысаве сёньня спыніў галадоўку актывіст руху “Зубр” 18-гадовы Міхась Кандрашоў, які распачаў яе на знак салідарнасьці з жодзінцамі 30 траўня:

(Кандрашоў: ) “Я скончыў галадоўку. Таму што вельмі цяжкі стан здароўя. Пачаліся складанасьці са страўнікам. І яшчэ таму скончыў, што ў мяне пачаліся іспыты ў школе. Я заканчваю 19-ю школу. Пасьля таго, як мяне выключылі з 85-й вучэльні, я пайшоў у школу. Цяпер вось атрымліваю сярэднюю адукацыю”.

Тым часам працягваюць трымаць галадоўку ў Менску моладзевыя актывісты Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч, у Бабруйску Валер Мацкевіч, а таксама Ігар Шчэкарэвіч, які жыве ва Ўкраіне.
XS
SM
MD
LG