Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці ў пашырэньні чутак пра радыяцыю вінаваты Рэспубліканскі гідрамэтцэнтар?


Ганна Соусь, Менск Міністар надзвычайных сытуацыяў Украіны Давід Жванія зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру і Службу бясьпекі Ўкраіны з просьбай даць ацэнку таму, што паведамленьне Беларускага гідрамэтцэнтру нібыта стала нагодай для распаўсюду чутак аб небясьпечнай сытуацыі на Чарнобыльскай АЭС. У Рэспубліканскім гідрамэтцэнтры адкідаюць такія абвінавачаньні.

Міністар надзвычайных сытуацыяў Украіны Давід Жванія заявіў, што нагодай для распаўсюду чутак аб небясьпечнай сытуацыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі стала паведамленьне Беларускага гідрамэтцэнтру.

“Ён першы паведаміў, што з боку Ўкраіны ідзе вельмі цёплае паветра, і найверагодней, што гэта нейкія непаладкі на Чарнобыльскай станцыі, — сказаў Давід Жванія. — Потым яны зрабілі папраўку, што гэта Ровенская АЭС, і яны разьбіраюцца. Далей гэтую інфармацыю падхапілі ўсе астатнія”.

Распавядае намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Украіны Алег Аляксандраў:

(Аляксандраў: ) “Ён праводзіў “гарачую тэлефонную лінію” ў кабінэце міністраў. Было вельмі шмат тэлефанаваньняў ад людзей з прычыны чутак пра тое, што на Чарнобыльсакай станцыі ўзьнікла надзвычайнае становішча. Ён абверг гэтую інфармацыю. Сапраўды, першая інфармацыя пра магчымую аварыю прыйшла зь Беларусі. Ваш Камітэт дзяржбясьпекі распачаў цяпер расьсьледаваньне гэтых чутак, паколькі гэтым была нанесеная шкода вашай нацыянальнай бясьпецы. Давід Бажанавіч зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру і Службу бясьпекі Ўкраіны з просьбай разабрацца ў дадзенай сытуацыі і даць свае ацэнкі таму, што адбылося”.

Я зьвярнулася па тлумачэньні ў Рэспубліканскі гідрамэтцэнтар. Ягоны начальнік Анатоль Паляшчук на просьбу Радыё Свабода зачытаў гэтак званае “штармавое папярэджаньне”, якое было складзенае 24 траўня дзяжурным сыноптыкам:

(Паляшчук: ) “У сувязі з вынасам цёплага паветра з Украіны чакаецца, што каля 15—17 гадзіны ва ўсходняй палове рэспублікі, у Менскай вобласьці і горадзе Менску максымальная тэмпэратура паветра дасягне +30—+31 градуса”. Штармавое папярэджаньне адлюстроўвала стан умоваў надвор’я на тэрыторыі краіны ва ўказаны пэрыяд часу. І яно было належным чынам даведзена да органаў дзяржаўнага кіраваньня, да галінаў эканомікі і СМІ, каб яны паведамілі насельніцтву пра высокую тэмпэратуру. А кожны спажывец інфармацыі — СМІ ці Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Украіны — вольныя інтэрпрэтаваць гэтую інфармацыю, як захочуць, у адпаведнасьці са сваім разуменьнем”.

Многія супрацоўнікі гідрамэтцэнтру абураныя абвінавачаньнямі ўкраінскага боку. Гаворыць Алена Кручкова:

(Кручкова: ) “Мы не прагназуем радыяцыі. Дый не было яе тады. Тое, што мы пра фон не гаварылі, гэта адназначна. І гаварыць ня будзем, бо гэта не наша вотчына”.

На мінулым тыдні Камітэт дзяржбясьпекі Беларусі пачаў высьвятляць крыніцы распаўсюду чутак аб рэзкім пагаршэньні радыяцыйнай сытуацыі ў краіне. Я папрасіла выканаўцу абавязкаў кіраўніка Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Валера Надтачаева распавесьці пра вынікі гэтага расьсьледаваньня. Але нічога пэўнага на гэты конт ён не паведаміў.
XS
SM
MD
LG