Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Колас: “Я стаміўся глядзець на тое, як людзі робяць памылкі...”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць ранішняй праграмы - дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, палітык Уладзімер Колас.

(Карэспандэнт: ) Уладзімер, як Вы пачынаеце сваю раніцу?

(Колас: ) “Зарадка, потым сьняданак, потым кампутар - наколькі магчыма, пакуль не пачаліся званкі і сустрэчы, праца”.

(Карэспандэнт: ) Аляксандар Лукашэнка забараніў ужываць словы “нацыянальны” і “беларускі” ў назвах арганізацыяў і газэт. Як бы Вы паступілі ў сытуацыі зь ліцэем, калі б ён працаваў афіцыйна?

(Колас: ) “Ну, калі б ён працаваў афіцыйна, я безумоўна мусіў бы падпарадкавацца загадам улады, якая ўтрымвае ліцэй”.

(Карэспандэнт: ) Як бы Вы наагул ахарактарызавалі вось гэтыя дзеяньні ўладаў, якія пазбаўляюць шыльды словаў “нацыянальны” і “беларускі”?

(Колас: ) “На мой погляд, гэта проста самадурства. Любая ўлада павінна кіравацца ў сваіх дзеяньнях воляй народу, выяўленай у грамадзкай думцы. Грамадзкую думку, як вядома, фармулюе інтэлігенцыя і даводзіць яе да ўлады празь вядомыя таксама каналы – праз сродкі масавай інфармацыі, праз сваіх прадстаўнікоў у выбарных органах улады. У нас усяго гэтага не існуе, у нас існуе такі варыянт неадукаванай і амаральнай улады”.

(Карэспандэнт: ) Кожны дзень у нашых перадачах мы гаворым аб пратэстах на вуліцах, галадоўках, затрыманьнях, штрафах, прысудах... Здаецца, што канцэнтрацыя гэтага нэгатыву некалькі гадоў таму ўжо была замоцная, але цяпер – яшчэ больш. Як гэта характарызуе стан грамадзтва і яго пэрспэктывы? Як доўга з гэтага стану трэба будзе выходзіць?

(Колас: ) “Безумоўна, гэта ўсё прыводзіць народ да такой, з аднаго боку, духоўнай дэградацыі, з другога боку, народ нават падсьвядома шукае выйсьця з гэтак сытуацыі. Таму гэта як спружына - яе можна сьціскаць да пэўнай мяжы, а потым яна павінна або зламацца, або выпрастацца. Усё тут залежыць ад таго, наколькі знойдзецца ў гэтым народзе, у нашым грамадзтве тых, хто будзе мець цьвёрдасьць і мужнасьць адстойваць тыя прынцыпы, якія павінны ляжаць у аснове духоўнасьці нашага народу і ў аснове нашае дзяржавы”.

(Карэспандэнт: ) На Трэцім зьезьдзе беларускай інтэлігенцыі, які адбыўся на мінулым тыдні на лясной паляне пад Радашкавічамі, Вас запрапанавалі ў якасьці кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Чаму Вы пайшлі ў вялікую палітыку і якія Вашыя праграмныя пункты?

(Колас: ) “Я ўжо пра гэта казаў. У прынцыпе, я, як і многія, карыстаюся прынцыпам ”Калі ня мы – то хто?”. Я лічу, што мы ўсе павінны зрабіць – кожны з нас павінен зрабіць усё, што ад яго залежыць асабіста дзеля таго, каб прывесьці краіну да тых зьменаў, якія жыцьцёва ёй неабходныя. Таму, паколькі паступіла такая прапанова – я ня буду хаваць, што даўно ўжо да мяне падыходзілі мае таварышы, мае калегі, мае сябры і прапаноўвалі дзейнічаць у такім фармаце. Я доўга думаў, асэнсоўваў гэта і ўсё ж такі вырашыў на гэта пайсьці з прычынаў, зь якіх – ну, можна, напэўна, сказаць – ведаеце, я стаміўся глядзець на тое, як людзі робяць памылкі, а потым кажуць: “Мы ведалі, што мы ўсё прайграем, але мы добра папрацавалі”. Я лічу, што трэба больш адказна ставіцца да такой справы. Я лічу, што за гэтай кандыдатурай не павінен цягнуцца шлейф пралікаў, памылак, няўдач, якіх было ўжо надта многа, і таму я лічу, што ў гэтую справу павінны прыходзіць новыя людзі”.

(Карэспандэнт: ) Валер Фралоў, які прысутнічаў на зьезьдзе інтэлігенцыі, сказаў, што гатовы адмовіцца ад сваіх амбіцыяў, скажам, на Вашую карысьць. Ці верыце Вы ў магчымасьць адзінага кандыдата ад апазыцыі?

(Колас: ) “Безумоўна. Гэта быў бы найлепшы, аптымальны варыянт. І відавочна, што шмат каму перашкаджаюць прыйсьці да яго асабістыя амбіцыі і жаданьне ўзяць рэванш, адыграцца, паказаць, што я, маўляў, меў рацыю і рабіў усё правільна. Я думаю, гэта ня той выпадак – тут надта адказная сытуацыя і надта многа пастаўлена на карту. Ад гэтай сытуацыі залежыць лёс усіх нас, таму ўсе мы павінны вельмі дакладна вызначыць – каму мы аддаем гэты бясцэнны капітал – ня толькі свае галасы, але і свае рукі, свае галовы, свае ногі і пэрспэктыву свайго жыцьця, якая будзе залежаць ня толькі ад гэтага выбару, але і ад абароны гэтага выбару, ад жаданьня людзей абараняць гэты выбар. Я таксама гатовы адмаўляцца на карысьць больш моцнага кандыдата, але калі мы ўсе пачнем так расшарквацца адзін перад адным і саступаць дарогу, то гэта таксама, думаю, да дабра не давядзе. Таму нехта павінен ісьці першым нумарам”.

(Карэспандэнт: ) Яшчэ раней, калі разглядалі Вашу асобу ў якасьці адзінага кандыдата, казалі, што Вам павінна дапамагчы такое магутнае прозьвішча, як Колас. Вы не баіцеся, што ўлада можа “пасягнуць” і на Вашае прозьвішча? Бо шэраг фільмаў зьняты пра іншых палітыкаў...

(Колас: ) “Я баюся цяпер ужо й за плошчу Якуба Коласа. Калісьці я ганарыўся тым што ліцэй, які пачалі называць ”коласаўскім” у сувязі з маім прозьвішчам, улады вырашылі назваць “імя Якуба Коласа” – ну, можа каб адвесьці ад мяне такую “славу”, вядомасьць, але такім чынам я паспрыяў увекавечаньню памяці вялікага песьняра. Цяпер можа адбыцца наадварот. Ну гэта я жартую... У прынцыпе, безумоўна, я не чакаю ніякіх камплімэнтаў і ніякай дапамогі ад уладаў, бачачы, што цяпер робіцца з маімі сябрамі, калегамі, паплечнікамі – безумоўна, трэба рыхтавацца да выпрабаваньняў”.

(Карэспандэнт: ) Як бы Вы ацанілі важнасьць расейскага фактару ў разьвіцьці палітычнай сытуацыі ў Беларусі?

(Колас: ) “Пакуль, на вялікі жаль, ён вырашальны. Я кажу ”на вялікі жаль” у сувязі з пазыцыяй, якую заняла Расея ў прызнаньні вынікаў гэтых нашых сфальсыфікаваных выбараў. І ня толькі. Гэта аб’ектыўна, гэта відавочна, але гэта – я таксама ўпэўнены – не выяўляе волю народу Расеі. Гэта выяўляе пазыцыю пэўных палітыкаў, нейкія атавізмы, якія яшчэ прысутнічаюць у расейскай палітычнай мэнтальнасьці – гэтыя імпэрскія матывы і памкненьні, якія цяпер, на вялікі жаль, пануюць сярод тых, хто складае эліту расейскай палітыкі. Але мы павінны гэта ўлічваць, ставіцца да гэтага як да аб’ектыўнай рэальнасьці і ўзьдзейнічаць на гэтую рэальнасьць, мець як мага больш кантактаў, стасункаў перадусім з расейскай інтэлігенцыяй, зь лідэрамі думкі, з тымі, хто яе фармуе і хто мае магчымасьць даводзіць яе да расейскай грамадзкасьці. Я маю на ўвазе – з тымі прадстаўнікамі літаратуры, мастацтва, культуры, якія маюць выхад на тэлебачаньне, якія маюць доступ да ўлады, якая кантактуе зь імі, у адрозьненьне ад нашых уладаў, і прыслухоўваецца да іхнай думкі. Я думаю, што тут шмат працы давядзецца яшчэ рабіць”.

(Карэспандэнт: ) Уладзімер, учора мы з Паўлам Севярынцам закраналі пытаньне ўзаемадачыненьня палітычнай апазыцыйнай эліты і нацыянальна-культурнай і Павал Севярынец быў трошкі зьбянтэжаны, што тут няма нейкай сынхранізацыі. Як бы Вы ахарактарызавалі ўзгодненасьць або няўзгодненасьць мэтаў у разьвіцьці Беларусі?

(Колас: ) “Ну, я думаю, мэты бачацца намі аднолькава. Я б сказаў, што ёсьць разыходжаньне ў бачаньні шляхоў дасягненьня гэтай мэты. І гэта, я лічу, таксама нармальна. Адзінае, што – нам трэба з большай павагай і з большай увагай прыслухоўвацца адзін да аднаго. Мэта Рады інтэлігенцыі якраз і была такой, каб прыходзілі да нас у тым ліку і партыйныя лідэры, слухалі, што ім кажуць вядомыя дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, грамадзкія дзеячы – і маталі на вус. У прынцыпе гэта давала і дае свой плён. Аднак мы ніколі ня будзем падладжваць нашыя высновы, нашыя парады, нашыя рэкамэндацыі пад нечыя інтарэсы і жаданьні. Мы прытрымваемся аб’ектыўных пазыцый, але і гэта ня ўсім падабаецца. Але ж ці не крытыкуем мы ўладу за адсутнасьць увагі і павагі да іншых пунктаў погляду? Таму нам трэба ўсім пазбаўляцца шаблёнаў у нашых падыходах адзін да аднаго”.
XS
SM
MD
LG