Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразьвяз перажывае цяжкасьці росту – лічаць некаторыя беларускія палітыкі


Валер Каліноўскі, Менск Вынікі рэфэрэндумаў у Францыі і Нідэрляндах, падчас якіх праект новай Канстытуцыі Эўразьвязу у гэтых краінах быў адхілены, сьведчыць пра крызыс, але не спыненьне працэсу эўрапейская інтэграцыі, – лічаць беларускія палітыкі, зь якімі размаўляў наш карэспандэнт. А Ўрал Латыпаў выказаў меркаваньне, што Беларусь мае добры патэнцыял калі-небудзь далучыцца да Эўразьвязу.

Былы міністар замежных справаў Беларусі і кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Урал Латыпаў мяркуе, што крызыс, выкліканы няўдачай на рэфэрэндумах у Францыі і Нідэрляндах, сьведчыць пра цяжкасьці станаўленьня Эўразьвязу пасьля нядаўняга пашырэньня.

(Латыпаў: ) “Гэта ўсё ж розныя краіны, розныя народы, розныя мовы. Яны хочуць знайсьці правільны балянс, заставацца гаспадарамі ў сябе дома і мець выгаду ад перадачы паўнамоцтваў нейкаму цэнтру. Лёгкага шляху тут не было і няма”.

На адносіны Эўразьвязу да Беларусі гэты крызыс асабліва не паўплывае, паколькі ранейшыя паўнамоцтвы Эўразьвязу захоўваюцца, таму й палітыка ў адносінах да Беларусі не павінна зьмяніцца,– лічыць спадар Латыпаў.

Ён таксама мяркуе, што Беларусь як эўрапейская краіна можа ў пэрспэктыве прэтэндаваць на сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе.

(Латыпаў: ) “Быў час, у 1998 годзе, тыя ж немцы казалі, што, калі ўзьнікне пытаньне пра далучэньне да Эўразьвязу Ўкраіны, Расеі і Беларусі, то прасьцей за ўсё Беларусі,– таму што тут добрая інфраструктура, вельмі добры чалавечы рэсурс, пісьменнае працавітае насельніцтва, няма канфліктаў…

Я ня думаю, што гэта справа бліжэйшых дзён, аднак у любым выпадку Беларусь – гэта частка Эўропы і краіна, якая сябе сваёй працай корміць, а не жыве за кошт продажу газу і нафты ці за кошт даўгоў. Таму, калі ацэняць патэнцыял Беларусі – тады ўсё будзе нармальна”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян лічыць, што Беларусі ў прынцыпе ня трэба прэтэндаваць на сяброўства ў Эўразьвязе. Крызыс у Эўразьвязе ён называе сыстэмным:

(Касьцян: ) “Эўразьвяз патрэбен збанкрутаваным эўрапейскім палітыкам, якіх увогуле ня больш за 500 чалавек, і якія ўзурпавалі права лічыць сябе "міжнародным супольніцтвам" і выступаць ад ягонага імя. Таму лёс Эўрапейскага зьвязу недаўгавечны”.

Спадар Касьцян мяркуе, што Беларусь будзе надалей разьвіваць адносіны з тымі дзяржавамі Эўразьвязу, якія захочуць супрацоўнічаць.

Апазыцыйны палітык Аляксандар Дабравольскі ня лічыць крызыс у Эўразьвязе сыстэмным:

(Дабравольскі: ) “Гэта крызыс эўрапейскай бюракратыі. Францыя і Нідэрлянды – найбольш блізкія краіны да Брусэля, і бюракратычны падыход, які ўвесь час рос у Эўрапейскім зьвязе (прычым Брусэль хацеў кантраляваць усё), такія рэчы пазбавілі бюракратыю эўрапейскага аўтарытэту. Таму Эўразьвязу трэба задумацца, каб правесьці нейкую дэбюракратызацыю.”

Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што крызыс у Эўразьвязе можа спрычыніцца да зьмяншэньня ў Эўропе цікавасьці да беларускай тэмы.

(Дабравольскі: ) “Але ўсё ж пры ўсіх гэтых цяжкасьцях, эўраінтэграцыю спыніць нельга. Гэта працэс аб’ектыўны, ён, напэўна, у бліжэйшыя дзесяць гадоў ня можа быць наагул спынены”.
XS
SM
MD
LG