Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як успрымаюць пратэст сваякі і сябры жодзінскіх галадоўнікаў


Алесь Дашчынскі, Менск У Жодзіне працягваецца галадоўка супраць выключэньня з навучальных установаў моладзі. Гэтая акцыя пратэсту пачалася 25 траўня. У ёй бяруць удзел шасьцёра юнакоў: Зьміцер Чарткоў, Аляксандар Вінаградаў, Яўген Валкавец, Сяржук Мурашка, Павал Каранюхін і Сяржук Марчык.

Трэці дзень трымаюць галадоўку яшчэ пяцёра актывістаў моладзевага руху, якія далучыліся да акцыі жодзінскіх актывістаў 30 траўня: Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч зь Менску, Ігар Шчэкарэвіч, які цяпер жыве ва Ўкраіне, Валер Мацкевіч з Бабруйску і сябра руху “Зубр” Міхась Кандрашоў з Барысаву.

Найперш я пагутарыў са спадаром Аляксандрам, бацькам 17-гадовага галадоўніка Сяржука Мурашкі. Яго выключылі з Жодзінскага дзяржаўнага палітэхнікума за грамадзкую дзейнасьць. Бацька Сяржука працуе інжынэрам-мэханікам у адкрытым акцыянэрным таварыстве “Белдартэхніка”. Пра галадоўку сына спадар Аляксандар ведае.

(Аляксандар: ) “Гэта крайняя мера, напэўна, ужо. Можа, гэта і ня трэба было рабіць, ня ведаю, толькі сабе здароўе губіць. Але нешта рабіць трэба".

(Карэспандэнт: ) “Чаму Вы кажаце, што гэта крайняя мера?”

(Аляксандар: ) “Таму што я зьвяртаўся ў выканакам і ў пракуратуру і адчуваю, што ўсё робіцца, як скажуць зьверху. Вышэйшыя арганізацыі пісьмовых указаньняў не даюць, а толькі вусныя ўказаньні і ўказаньні пакуль процізаконныя”. (Карэспандэнт: ) “Спадар Аляксандар, чаму Ваш сын пайшоў на гэтую крайнюю меру, у чым там прычына?”

(Аляксандар: ) “Прычына ў тым, што яго незаконна выключылі з тэхнікума. Я спрабаваў даказаць, што дырэктар тэхнікума ў дадзеным выпадку няправільна зрабіў. Усе, па рэакцыі бачу, разумеюць, але баяцца ўзяць на сябе адказнасьць. Спасылаюцца на пракуратуру, а ў пракуратуры столькі цягнуць, ня могуць даць адказу”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымоўваецца, што Вы падтрымліваеце дзеяньні свайго сына?”

(Аляксандар: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “А ў Вас не было жаданьня далучыцца да гэтай галадоўкі, пайсьці разам з сынам і галадаваць?”

(Аляксандар: ) “У мяне было іншае жаданьне: адгаварыць ад гэтага, бо я адчуваю, што яны робяць толькі сабе горш. Чаму нехта павінен цярпець з-за майго сына? Мясцовыя ўлады на гэта не рэагуюць, яны робяць выгляд, што ніякай галадоўкі ў Жодзіне няма”.

Яшчэ нашае тэлефанаваньне 23-гадоваму Аляксею, брату 19-гадовага Сяржука Марчыка, яшчэ аднаго галадоўніка ў Жодзіне. Аляксей працуе ў закрытым акцыянэрным таварыстве “Крытэрый”. Як ён ставіцца да галадоўкі свайго брата, да такога мэтаду барацьбы за справядлівасьць?

(Аляксей: ) “Ён заўсёды быў такі ідэйны таварыш. Я, у прынцыпе, падтрымліваю яго. Я, можа б, і не зрабіў так. Ён можа аддацца нейкай ідэі. Я ўвесь час ежджу па Беларусі ў камандзіроўкі і я даведаўся пра галадоўку, калі яна ўжо пачалася ”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму ён распачаў гэтую галадоўку, ці ведаеце Вы ?”

(Аляксей: ) “У яго шмат сяброў, даволі блізкі сябра, якога выключылі з Баранавіцкага тэхнікума за гэтыя справы. Таму мой брат падтрымлівае такіх людзей. Той сябра таксама займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Ён быў сакратаром БРСМ ці БПСМ і разам з 30 ці 40 чалавекамі перайшоў з БРСМ у “Зубр”. Вось яго за гэта выключылі ”. (Карэспандэнт: ) “Бацькі ведаюць пра тое, што Сяржук галадуе?”

(Аляксей: ) “Куды ён паехаў – ведаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы падтрымліваеце дзеяньні свайго брата малодшага?”

(Аляксей: ) “У прынцыпе, так. Я ня маю магчымасьці фізычна яго падтрымаць, таму што ў яго большая свабода дзеяньняў. Зараз я прывязаны да працы, таму я маральна падтрымліваю яго ”.

Наступны званок - 19-гадоваму Барысу Бабкову, сябру яшчэ аднаго жодзінскага галадоўніка Зьміцера Чарткова. Барыс вучыцца ў Менскай музычнай вучэльні імя Глінкі.

(Карэспандэнт: ) “Як Вы ставіцеся да галадоўкі, у якой удзельнічае Ваш сябра Зьміцер Чарткоў?”

(Бабкоў: ) “Гэта проста ад безвыходнага становішча, каб хоць неяк дапамагчы хлопцам, якіх выгналі. Выходзіць з пікетамі бессэнсоўна, яшчэ і забяруць усіх, хто выйдзе на падтрымку”.

(Карэспандэнт: ) “А ў Вас не было такога жаданьня далучыцца да свайго сябра і таксама пайсьці галадаваць?”

(Бабкоў: ) “Я з вялікай ахвотай гэта зрабіў бы, але я тады не закончу сваёй вучэльні, а я хачу яе закончыць”.

(Карэспандэнт: ) “Могуць быць ужытыя нейкія санкцыі супраць Вас, калі Вы гэта зробіце?”

(Бабкоў: ) “Я думаю, што гэта было б адразу, мне б аддалі дакумэнты і выправілі ”.

(Карэспандэнт: ) “Барыс, а Вы не спрабавалі ўсё ж адгаварыць свайго сябра, каб ён ня ўдзельнічаў у гэтай акцыі, усё ж гэта галадоўка, яна прыносіць шкоду здароўю…”

(Бабкоў: ) “Не, я не спрабаваў. На самой справе гэта добра, што людзі могуць так зрабіць, выказаць такі пратэст. Хоць бы пачуюць пра іх, шум нейкі падымецца. Можа, адновяць тых, каго выгналі ”.

А вось сябра “Маладога фронту” 21-гадовы Валер Мацкевіч з Бабруйску вырашыў далучыцца да галадоўкі жодзінцаў. Ён вучыцца завочна ў філіяле прыватнага інстытута кіраваньня і прадпрымальніцтва, а працуе ў цэнтры выхаваўчай працы. Чаму Валер падтрымаў галадоўнікаў?

(Валер: ) “Выключэньне сяброў арганізацыі з навучальных устаноў, ціск – гэта праблема ня толькі Жодзіна, гэта праблема ўсіх маладафронтаўцаў па ўсёй Беларусі, і Бабруйск гэта не выключэньне. Адзін з сяброў бабруйскай арганізацыі быў выключаны ў свой час менавіта за дзейнасьць маладафронтаўскую. Таму я павінен быць разам са сваімі сябрамі ”.

(Карэспандэнт: ) “А як Вы лічыце, галадоўкі даюць нейкі вынік у Беларусі? Шмат было галадовак, і Вы зараз выкарыстоўваеце такі мэтад змаганьня за справядлівасьць. Ці будзе нейкі плён, ці верыце Вы ў гэта?”

(Валера: ) “Веру. Калі чалавек пачынае галадаваць, гэта значыць, што ён на сто адсоткаў упэўнены ў сваёй пазыцыі, гэта значыць, што ён верыць, што гэта праўда. Мы выказваем сваю бескарысьлівасьць і сваю самаадданасьць за тую справу, якую робім. А ці будзе гэта мець плён? Я думаю, што будзе”.
XS
SM
MD
LG