Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома імя "Глыбокай глоткі", якая спрычынілася да адстаўкі Ніксана


Віталь Цыганкоў, Прага У аўторак было раскрытае найбольш загадкавае імя ў гісторыі амэрыканскай журналістыкі. Амэрыка і сьвет упершыню праз 30 гадоў даведалася, хто ж быў тым ананімам, вядомым у гісторыі як “Глыбокая глотка”, інфармацыя якога прывяла да Уотэргейцкага скандалу і адстаўкі прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана

У аўторак у часопісе "Vanity Fair" былы намесьнік кіраўніка ФБР Марк Фельт прызнаўся, што гэта ён быў крыніцай інфармацыі, якая ў выніку прывяла да Уотэргейту і адстаўкі Ніксана. Фельту зараз 91 год, ён жыве ў Каліфорніі, ягоны фізычны стан далёкі ад выдатнага.

Усе гэтыя гады многія журналісты і дасьледнікі спрабавалі даведацца, хто ж быў тым высокапастаўленым чыноўнікам, які выдаў сакрэтныя зьвесткі двум журналістам газэты "The Washington Post" Бобу Вудварду і Карлу Бэрнстайну. Тады, у 1973 годзе, газэта апублікавала сэрыю матэрыялаў пра спробы рэспубліканцаў усталяваць падслухоўныя жучкі ў штаб-кватэры дэмакратычнай партыі. Вудвард сустракаўся са сваім інфарматарам ў падземных паркінгах і выслухоўваў зьвесткі, што наводзілі рэпартэраў на новыя шляхі ў сваім расьсьледаваньні.

Разгарэўся, бадай, самы вялізны палітычны скандал у гісторыі ЗША. Не чакаючы пачатку працэдуры імпічмэнту, тагачасны прэзыдэнт ЗША рэспубліканец Рычард Ніксан пайшоў у адстаўку.

Уотэргейт стаў своеасаблівай легендай амэрыканскай журналістыкі. Фільм “Уся прэзыдэнцкая раць”, у якім галоўныя ролі згулялі акторы Робэрт Рэдфард і Дастын Хофман, атрымаў чатыры Оскары ў 1976 годзе і шырока паказваўся ў свой час у Савецкім Саюзе.

Вудвард і Бэрнстайн заўсёды казалі, што абнародуюць імя “Глыбокай глоткі” толькі пасьля ягонай сьмерці. Аднак Марк Фельт раскрыў сабе сам.

Ягоныя прызнаньні зноў выклікалі дыскусію ў ЗША наконт правільнасьці ўчынку “Глыбокай глоткі”. Унук Фэльта, Нік Джонс лічыць свайго дзеда героем.

(Джонс: ) “Наша сям’я верыць, што мой дзед – гэта амэрыканскі герой, які з рызыкай для сябе выйшаў за рамкі свайго абавязку, каб выратаваць краіну ад жахлівай несправядлівасьці. Мы ўсе шчыра спадзяемся, што гэтае меркаваньне падзяляе і наша краіна”.

Але гэта, відавочна, ня так, і сёньня далёка ня кожны ў Амэрыцы ухваляе паводзіны Фэльта. Пэт Б’юкэнен, былы кансэрватыўны кандыдат у прэзыдэнты ад рэспубліканцаў, нагадаў, што Марк Фэльт у свой час разьлічваў атрымаць пасаду кіраўніка ФБР, але не атрымаў гэтага прызначэньня.

(Б’юкэнен: ) “Ён зрабіў гэта паводле зламысных матываў, паколькі ён не быў прызначаны. Я ня думаю, што "глыбокая глотка" герой, я думаю, што ён здраднік”.

Іншыя адзначаюць, што Фэльт парушыў этыку сваёй прафэсіі, паколькі выдаў сакрэтную інфармацыю прэсе, а не пусьціў яе па легальных каналах. Джон О’Конар, аўтар публікацыі ў часопісе “Vanity Fair", лічыць, што Фэльт парушыў не самыя галоўныя правілы дзеля таго, каб прадухіліць большую шкоду дэмакратыі і законнасьці. З іншага боку, многія сёньня адзначаюць, што Уотэргейцкі скандал паказаў, як можа функцыянаваць дэмакратычная сыстэма – ня толькі прэса, але і юрыдычныя структуры, Сэнат ды ўсё грамадзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG