Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Астралёгія дапамагае ў каханьні?


Юлія Шарова, Менск Кожны трэці зварот да астроляга – гэта просьба скласьці гараскоп шлюбу й каханьня. Такімі назіраньнямі дзеляцца супрацоўнікі астралягічнага цэнтру “Астра”. Часьцей за ўсё такія гараскопы замаўляюць жанчыны, бо для іх найважней ведаць, як складзецца іх асабістае жыцьцё.

Кансультант астралягічнага цэнтру “Астра” Вольга Батура кажа, што ў індывідуальным гараскопе кожнага чалавека могуць вызначацца пэрыяды жыцьця, калі верагоднасьць залучэньня шлюбу падвышаецца. Аднак прадказаць дакладны ўзросты, калі такі факт у біяграфіі здарыцца. Каханьне – вялікі цуд, кажа спадарыня Батура. Вылічыць яго па зорках немагчыма.

Адзінае, што можна прадказаць па гараскопе з большай ці меншай верагоднасьцю – гэта трываласьць шлюбу. Таму найчасьцей у астралягічны цэнтар зьвяртаюцца пары, каб ім дапамаглі вызначыць, якія праблемы ў іх сям’і могуць здарыцца, улічваючы асаблівасьці гараскопу. Таксама зоркі дапамагаюць абраць найлепшы дзень для вясельля. Кажа Вольга Батура.

(Батура: ) "Калі шлюб залучаны, напрыклад, у дванаццаты месяцовы дзень, альбо ў сёмы сонечны дзень, якія паказваюць на шчасьлівы шлюб, натуральна, у гэтага шлюбу болей шансаў захавацца й перарасьці ў шчасьлівую сямейную пару. Калі шлюб залучаецца ў дзявяты, пятнаццаты ці дваццаць дзявяты месяцовы дзень, гэтыя дні лічацца сатанінскімі. То бок на эмацыйным узроўні гэтыя дні вельмі небясьпечныя. Можна адразу сказаць, што людзям, нават калі ў іх трывалыя пачуцьці, давядзецца праходзіць празь нейкія выпрабаваньні".

Псыхоляг Вольга Андрэева лічыць, што трываласьць шлюбу вызначаецца не гараскопам і ня тым днём, у які адбываецца вясельле. На яе думку, у каханьні й шлюбе найболей шанцуе людзям сьпелым, якія ня маюць сур’ёзных псыхалягічных праблемаў і таму не чакаюць ад партнэра занадта шмат. Людзі сьпелыя хутчэй знаходзяць сабе пару й дэманструюць болей гнуткасьці ў дачыненьнях, што важна для захаваньня шлюбу. Людзі ж нясьпелыя альбо занадта доўга шукаюць партнэра, альбо знаходзяць таго чалавека, які ім не пасуе, цьвердзіць спадарыня Андрэева.

(Андрэева: ) "Пасьпяховы мужчына праблемную жанчыну не шукае, каб вырашаць яе праблемы й выціраць сьлёзы. Звычайна праблемныя людзі прыцягваюць праблемных. Таму я б рэкамэндавала жанчыне навучыцца абапірацца на саму сябе, зрабіць сваю ўласную кар’еру, атрымліваць ад жыцьця задавальненьне. І, хутчэй за ўсё, само жыцьцё зьвядзе яе з пасьпяховым і жыцьцярадасным чалавекам".
XS
SM
MD
LG