Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія навукоўцы змагаюцца з Альцгаймэрам і пасьпяхова аднаўляюць мазгавыя клеткі


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі "Навіны сучаснай мэдыцыны". У сёньняшнім выпуску пра посьпехі ў барацьбе з хваробай Альцгаймэра. Амэрыканскім вучоным удалося паўстрымаць разьвіцьцё хваробы і аднавіць працу пашкоджаных клетак мозгу.

Гэта толькі першы этап дасьледаваньняў з удзелам людзей, але можна яго назваць пераломным момантам у лячэньні хваробы Альцгаймэра. Прынамсі гэтак лічаць навукоўцы з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан Дыега. “Калі дасягнутыя намі вынікі ўдасца паўтарыць у чарговых буйнамаштабных дасьледаваньнях, пацыенты, якія дагэтуль былі бездапаможнымі, атрымаюць шанец на адносна нармальнае жыцьцё” – заяўляе Марк Тушынскі, прафэсар нэўралёгіі.

Прафэсар Тушынскі кіраваў групай вучоных, якія на працягу 16 гадоў працавалі дзеля адной мэты – устрымаць разьвіцьцё хваробы Альцгаймэра. Вынікі сваёй працы вучоныя прадставілі ў навуковым часопісе "Nature Medicine".

Нагадаем, што хвароба атрымала назоў ад прозьвішча нямецкага нэўрапатоляга Алаіза Альцгаймэра, які ў 1906 годзе ўпершыню яе апісаў. На сёньняшні дзень хвароба зьяўляецца асноўнай прычынай старэчага маразму ў сьвеце. Ацэньваецца, што ад яе пакутуе кожны дзясяты чалавек ва ўзросьце вышэй за 65 гадоў, і больш як палова з тых, каму споўнілася 85 гадоў.

Толькі ў Злучаных Шататах на яе хварэюць больш як 5 мільёнаў чалавек. Ад хваробы Альцгаймэра памёр былы прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган.

Жанчыны ў сярэднім хварэюць часьцей за мужчын. На разьвіцьцё хваробы мае ўплыў асьвета. Часьцей хварэюць малаадукаваныя людзі, а інтэлектуальная актыўнасьць запавольвае прагрэс хваробы.

Альцгаймэр выяўляецца ў тым, што хворыя паступова пачынаюць мець праблемы з самымі простымі штодзённымі функцыямі. Яны, напрыклад, забываюць, дзе паклалі нейкі прадмет, альбо ня могуць знайсьці дарогу дадому. У канчатковай стадыі Альцгаймэра хворы нават не пазнае найбліжэйшых яму людзей, ён ня ў стане хадзіць і нават самастойна глытаць ежу. Ён поўнасьцю залежны ад іншых, ад тых, хто ім займаецца. Хвароба працягваецца ад 5 да 12 гадоў. Сьмерць наступае ў выніку расстройства працы пазамозгавых органаў, пераважна ў выніку запаленьня лёгкіх.

Пакуль глыбінных прычынаў хваробы высьветліць не ўдалося. У якасьці магчымых яе прычынаў вучоныя называюць генэтычныя схільнасьці, забруджаньне навакольнага асяродзьдзя і вірусную інфэкцыю. Біёлягі з унівэрсытэтаў ў Філядэльфіі, Дэтройце і Балтымары лічаць, што хвароба можа быць зьвязная з бактэрыяй Chlamydia Pneumoniae, якая выклікае расстройства дыхальнага працэсу.

З дасьледаваньняў над хворымі добра вядома, якія зьмены хвароба Альцгаймэра выклікае ў нэрвовай сыстэме. У ключавых для нашых разумовых здольнасьцяў раёнах мозгу пачынаюць назапашвацца згусткі шкодных бялкоў-амылойдаў, а нэўроны ў гэтым месцах адміраюць. Менавіта гэты працэс спрабавалі паўстрымаць каліфарнійскія вучоныя. Яны вырашылі скарыстаць гэтак званы “фактар нэрвовага росту”, прысутны ў мозгу бялок, які ў нармальных умовах стымулюе працу нэўронаў і засьцерагае іх ад сьмерці.

У першым экспэрымэнце вырашылі ўзяць удзел 8 добраахвотнікаў, у якіх была выяўленая хвароба Альцгаймэра ў пачатковай фазе.У іх пабралі клеткі скуры, а затым іх паддалі генэтычнай апрацоўцы дзеля таго, каб яны выраблялі вялікую колькасьць бялкоў, адказных за нэрвовы рост. Пасьля гэтага наступіў асноўны этап экспэрымэнту – хірургічная апэрацыя. У тыя раёны мозгу, якія адказныя за разумовыя здольнасьці, і дзе, як меркавалася, хвароба выклікае найбольшыя зьнішчэньні, пацыентам былі прышчэпленыя імплянты з мадыфікаванымі клеткамі.

Цягам наступных месяцаў стан здароўя пацыентаў выразна палепшыўся.

Эфэкты тэрапіі пераўзышлі спадзяваньні вучоных. Псыхалягічныя тэсты, напрыклад памятаньне важных датаў са свайго жыцьця, паказалі, што характэрная для хваробы Альцгаймэра паступовая страта інтэлектуальных здольнасьцяў запаволілася ў два разы.

Вучоныя таксама праверылі, што адбываецца ў мозгу пасьля прышчапленьня імплянтаў. Яны прасачылі за працэсам перапрацоўкі глюкозы. Гэты цукар зьяўляецца “палівам” для нэрвовых клетак, а хуткасьць яго мэтабалізму зьяўляецца паказчыкам правільнай дзейнасьці нэўронаў. Пацыенты атрымалі спэцыяльна пазначаны цукар, і затым з дапамогай тамографу рабіліся здымкі тканак мозгу. Аказалася, што ў раёнах дзе былі прышчэпленыя імплянты з мадыфікаванымі клеткамі, глюкоза ператваралася хутчэй, чым да апэрацыі.

Апрача таго, у аднаго з пацыентаў, які ў міжчасьсе памёр, было праведзенае анатаміраваньне мозгу. Аказалася, што ў ахопленых хваробай частках мозгу клеткі аднавілі сваю працу. Для вучоных гэта быў доказ таго, што генная тэрапія ў выпадку хворых на хваробу Альцгаймэра аказалася эфэктыўнай.

Апісаная ў часопісе "Nature Medicine" праграма была першым этапам клінічных дасьледаваньняў, якія ў першую чаргу павінны былі пацьвердзіць, што новы мэтад бясьпечны для чалавечага здароўя. “Цяпер, калі гэта ўжо вядома, прыйшоў час на праверку эфэктыўнасьці тэрапіі на большай групе хворых” – кажа прафэсар нэўралёгіі з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Марк Тушынскі.
XS
SM
MD
LG