Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазыр (фота)


Ягор Маёрчык, Мазыр, Гомельшчына (эфір 30 траўня). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Замку ў Мазыры няма, але абавязкова будзе. Зьявіцца ён адмыслова да сьвята гораду. Угодкі атрымаюцца падвоеныя: 850 гадоў ад першай згадкі пра паселішча і 20 гадоў ад зьяўленьня ідэі аднавіць старажытнае збудаваньне. Праўда, драўляная фартэцыя ня будзе дакладнай копіяй сваёй папярэдніцы. Гарадзкія ўлады вырашылі адбудаваць толькі тры вежы. Астатнія дзьве абяцаюць зрабіць да наступных угодкаў Мазыра.

Аднаўленьне замку — гэта сэрыял, дзеі якога разгортваюцца на паседжаньнях суполкі краязнаўцаў, на замкавай гары і ва ўладных калідорах. Аматары даўніны пісалі пэтыцыю на адрас гарвыканкаму. А той нават ініцыяваў збор сродкаў на будаўніцтва. Гараджане ахвяравалі болей за 5 мільёнаў. Я гутару зь Сяргеем Дахаўцом — удзельнікам усіх апісаных падзеяў.

(Дахавец: ) “Сёньня відавочна, што замку няма, бо пляцоўка пустая. Але ёсьць некаторыя прыгатаваньні. З гары прыбралі танк. Людзей з дамоў, што знаходзяцца на замкавай пляцоўцы, перасялілі ў іншыя месцы. Але ў нас як робіцца? Ёсьць добрыя ідэі і памкненьні, але не хапае грошай, каб зьявілася энэргія ўсё рэалізоўваць. Хутчэй за ўсё, замак будзе. У мяне ёсьць такое спадзяваньне. Усё ж гісторыя павінна адраджацца”.



(Карэспандэнт: ) “Як мазырчукі ставяцца да ідэі зьяўленьня замку?”

(Дахавец: ) “Студэнты запытваюцца, калі адновяць замак. А сталыя мазырчукі ня ведаюць, што плянавалі аднаўленьне замку. А ён у нас быў? А дзе ён знаходзіўся?”

(Карэспандэнт: ) “Шараговы чалавек сталага веку можа запытацца: а навошта гэты замак?”

(Дахавец: ) “Каб у нас разьвіваўся турызм. Гэты замак будзе прывабнай кропачкай для эўрапейцаў”.

У працяг турыстычнай тэмы. Мазыр, якія стаіць на пагорках, вырашыў не адставаць ад Менску. Побач са сталіцай ёсьць лыжны комплекс Сілічы. Маюцца пабудаваць уласны і тут. Лёгіка такая: горад уключаны ў маршрут “Залатое кола Гомельшчыны”. Вандроўнікі будуць прыяжджаць любавацца замкам, а заадно і на лыжах змогуць пакатацца.

Пры мікрафоне супрацоўнік гарадзкога выканаўчага камітэту Аляксандар Бобр:

(Бобр: ) “Нядаўна адбылося працоўнае паседжаньне. Старшыня нашага гарвыканкаму якраз закранаў гэтае пытаньне. Наколькі мне вядома, увесь комплекс будзе каштаваць блізу 20 мільярдаў. Шалёныя грошы! Адным махам усяго не пабудуеш. Пакуль ідзе праектаваньне. Натуральна, што комплекс будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ідзе гаворка пра нейкія тэрміны? Калі ўжо спусьціцца першы лыжнік?”

(Бобр: ) “Трэба блізу двух гадоў. У гэтыя тэрміны ўкладуцца”.

А пакуль у будынку гарвыканкаму ідзе рамонт. Ня ведаю, ці будуць чыноўнікі адзначаць сканчэньне навядзеньня марафэту. А калі і так, галоўнае, каб не паўтарыліся наступствы дня народзінаў кіраўніка гораду Міхала Саўчыка. Ня так даўно ён сьвяткаваў свае 50-я ўгодкі. Пасьля грамадзкасьць даведалася пра падрабязнасьці застольля. Запіс з архіву Радыё Свабода:

(Саўчык: ) “Мой дзень народзінаў раскрытыкавалі. Нібыта я па стале бегаў і талеркі біў. Такое глупства! Старая бабуля зь вёскі тэлефануе і кажа: “У вас нібыта прыстойныя людзі былі, як вы, адукаваныя. У нас у вёсцы і тое п’яныя талеркі ня б’юць”.

У гарадзкім савеце Мазыра інтарэсы выбарцаў прадстаўляе Леанід Арлоў. Ён выкладчык тутэйшага пэдагагічнага ўнівэрсытэту і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Дамо слова дэпутату:

(Арлоў: ) “У складзе гарадзкога савету я не адчуваю сябе белай варонай. Ад пачатку была засьцярога, што ад мяне будуць шарахацца дэпутаты. Але гэтага не адбылося, бо склаліся нармалёвыя стасункі. Я за сваю дэпутацкую дзейнасьць не напісаў ніводнага дэпутацкага запыту. І вось чаму: я зразумеў, што пытаньне лягчэй вырашаць, калі яно рыхтуецца, а не на сэсіі размахваць шабляй. Я пачаў часьцей сустракацца з чыноўнікамі гарвыканкаму — такім чынам гэтыя пытаньні вырашаюцца значна хутчэй. А калі б нейкае пытаньне я паставіў на гарадзкім савеце, прагаласавалі б супраць. А так да паседжаньня яно падыходзіць у такім выглядзе, што прымаецца станоўчае рашэньне”.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод — адно зь нямногіх прадпрыемстваў Беларусі, якое замежны капітал гатовы набыць хоць цяпер. Прадукуе паліва, працуе стабільна, а нядаўна яшчэ абнавілі абсталяваньне.

Казна гораду трымаецца на адлічэньнях з заводу. Працоўныя на прадпрыемстве страціць працу баяцца. Ад таго іхная палітычная актыўнасьць пакідае жадаць лепшага. Менавіта такую выснову можна зрабіць з выказваньняў супрацоўніка НПЗ Уладзімера Рэпкі.



(Рэпка: ) “Палітычная актыўнасьць на заводзе ў вельмі змрочным стане. Ад чаго? На заводзе вельмі добры заробак. А ў нас і 300, і 400, і 500, а хто на перапрацоўчых устаноўках, там і 600 даляраў атрымліваюць. Так што людзі бубняць толькі ў сваіх курылках. Незадавальненьня шмат, але яно ўсё кухоннае”.

Яшчэ колькі гадоў таму тутэйшы пэдагагічны ўнівэрсытэт быў інстытутам і насіў імя Надзеі Крупскай. Некалі ў Мазыры праходзілі Дажынкі. На сьвяткаваньні рэктар ВНУ Валянцін Валетаў, скажам так, крыху не разьлічыў сваіх сілаў. Пасьля яго пацягнула на кантактаваньне з карэспандэнтам Радыё Свабода. Яшчэ адзін запіс з архіву:

(Валетаў: ) “Мазырскі пэдынстытут зьяўляецца цэнтрам Палесься, інфармацыйнай, тэхналягічнай і сацыяльна-палітычнай актыўнасьці... зьяўляецца Мазырскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут імя Надзеі Крупскай. У Расеі і Беларусі няма ніводнага інстытуту імя Надзеі Крупскай. А Крупская — гэта жонка нашага правадыра, які паказвае, дзе жыве Валетаў”.



Я патлумачу выказваньні вясёлага рэктара. На цэнтральным пляцы Мазыра стаіць помнік Леніну — правадыр усясьветнага пралетарыяту паказвае рукою ў бок жылых дамоў.

Што да ўнівэрсытэту, ніхто не распавядзе пра яго лепей за студэнтаў. Алесь Сушэўскі зь сябрамі хацелі наладзіць прэзэнтацыю кнігі Радыё Свабода “Дуліна ад Барадуліна”. Атрымалі ад кіраўніцтва дазвол. Вывесілі афішу. Але імпрэзу адмянілі ў самы апошні момант. Прычына: адміністрацыі падалося, што дуліна, намаляваная на плякаце, скіраваная ў бок дэканату.

(Сушэўскі: ) “Нават калі мы ладзім вечарыны, нас выклікаюць за самую розную драбязу. Да прыкладу, на Дзень Волі мы чытаем абсалютна непалітычныя вершы Жыбуля і Хадановіча. А нас выклікаюць і гавораць: “Мы ж ведаем, што ты хацеў гэтым сказаць!”А ў правядзеньні вечарыны Быкава адмовілі, не тлумачачы прычынаў. Адмовілі ў дазволе на інсцэніроўку паводле твору “Дажыць да сьвітаньня”. Такі загад быў ад прарэктара. Прарэктар гэты патлумачыў загадам зьверху, а інакш ён згубіць сваю працу. На катэдры выкладчыца плакала ад бясьсільля. Яна нічога не магла зрабіць”.



(Карэспандэнт: ) “Якімі словамі студэнты адгукаюцца пра кіраўніцтва ўнівэрсытэту?”

(Сушэўскі : ) “Большая частка кіраўніцтва павагай і аўтарытэтам не карыстаецца. Да студэнтаў ставяцца вельмі непрыгожа. Студэнтаў, у якіх нячастае наведваньне, прымушаюць набываць лятарэю “Гамяльчанка”. Гэта жах!”

(Карэспандэнт: ) “А вам не прапануюць адпрацаваць — толькі набыць лятарэю?”

(Сушэўскі: ) “Так. Мне нават сёньня прапаноўвалі. У мяне цяпер дваццаць гадзінаў пропускаў”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі вы мусіце набыць лятарэйных квіткоў, каб атрымаць індульгенцыю?”

(Сушэўскі : ) “Тры квіткі”.

На чарзе запіс з архіву. Чатыры гады таму пэнсіянэрка Еўдакія Сухоцкая незаконна гандлявала цыгарэтамі на вуліцах Мазыра. Аднаго разу яна патрапіла ў міліцэйскую аблаву.

(Сухоцкая: ) “Тут нас міліцыянт за цыгарэты ганяў. А я ўжо старая і мешкаюся. Усе паўцякалі. А я бачу, на зямлі ляжаць растоптаныя мае зубы. Нехта наступіў і раздавіў іх”.

Гандляроў цыгарэтамі на вуліцах гораду можна сустрэць і цяпер. Іх па-ранейшаму штрафуюць. Аднак ніякія пакараньні пэнсіянэраў не спыняюць. Затое на мяжы вынішчэньня, як яны самі кажуць, апынуліся прадпрымальнікі. Кіраўнік тутэйшай суполкі аб’яднаньня “Пэрспэктыва” спадар Баркавец з паплечнікамі (з аднаго боку) і гарадзкія ўлады ды кантрольныя органы (зь іншага) шукаюць паразуменьня ў справе выплаты падатку на даданую вартасьць. Згоды пакуль няма.

(Баркавец: ) “Мяркую, што бліжэйшым часам жыцьцё ў прадпрымальнікаў лепшым ня стане. У прадпрымальнікаў на рынку сярэдні заробак склаў 300—500 тысяч на месяц. А штомесячны адзіны падатак — 200 тысяч, гэта прыкладна 50%. А калі дадаць яшчэ сюды ПДВ, наш заробак стане мізэрным. Таму гэты падатак зробіць прадпрымальнікаў беспрацоўнымі”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі прадпрымальнікаў у Мазыры?”

(Баркавец: ) “2215 чалавек. Зь іх 600 чалавек могуць застацца бяз працы”.

Неяк спадара Баркаўца запрасілі выступіць на паседжаньні Гомельскага аблвыканкаму. Там разглядалася сытуацыя вакол падатку на даданую вартасьць і стан прадпрымальнікаў наагул. Запрасіць запрасілі, а слова так і не далі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG