Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гаворкі пра экстэрнат, пра Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, пра маладых перакладчыкаў


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск (эфір 29 траўня) Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

(Ягор Маёрчык: ) “Усім прывітаньне ў праграме “Маладыя галасы”!”

(Вольга Канапелька: ) “З вамі Вольга Канапелька і Ягор Маёрчык. У гэтым выпуску мы прадстаўляем…”

(Маёрчык: ) “Навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю здаюць экстэрнат. Каб атрымаць пасьведчаньні пра сярэднюю адукацыю, ім трэба прайсьці пятнаццаць выпрабаваньняў. Сярод адзнак пераважаюць васьмёркі, дзявяткі і дзясяткі”.

(Канапелька: ) “На сваімі зьезьдзе Задзіночаньне беларускіх студэнтаў абрала раду і старшыню. Новы кіраўнік арганізацыі адказвае на пытаньні “Маладых галасоў”.

(Маёрчык: ) “І яшчэ адна прынагодная размова, зьвязаная з грамадзкімі арганізацыямі. Цэнтар моладзевай інфармацыі й дакумэнтацыі стварае новую ініцыятыву — Згуртаваньне беларускіх перакладчыкаў”.

(Канапелька: ) “І пры канцы праграмы — анонс нумару часопісу “Студэнцкая думка”.

Гаворкі пра экстэрнат

(Канапелька: ) “Навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю здаюць экзамэны экстэрнам. У кожным раёне Менску вызначана па школе, дзе адмысловая камісія прымае іспыты за 11 клясаў”.

(Маёрчык: ) “Спадарства, вы чуеце зь якім веданьнем справы Вольга Канапелька распавядае пра іспыты. Адкрою вам таямніцу: апроч іншых талентаў у актыве маёй каляжанкі — пэдагагічная адукацыя. Каб лёс склаўся інакш, не сядзела б яна тут у студыі, а выкладала б ангельскую мову. Шчыра кажучы, язык не павернецца назваць Канапельку настаўніцай. Ну, не выглядае яна на настаўніцу. А Вольга, між іншым, не альфабэту дзяцей вучыла, а выкладала лексыкалёгію будучым пэдагогам. Я ганаруся тым, што працую разам такім гігантам лінгвістыкі!”

(Канапелька: ) “Ягор, каб лёс сапраўды склаўся інакш і ангельскую мову ў цябе выкладала я...”

(Маёрчык: ) “Які жах!”

(Канапелька: ) “Запэўніваю, што ніякай палёгкі б не было!”

(Маёрчык: ) “Гэта жах нумар два!”

(Канапелька: ) “І тады б ты так не жартаваў. І гэта жах нумар тры!”

(Маёрчык: ) “Спадзяюся, што ня будзе жаху нумар чатыры, калі ты адкажаш на пытаньне: а няўжо ты такая жорсткая, што і ліцэістаў на іспытах катавала б?”

(Канапелька: ) “Гледзячы яшчэ якіх ліцэістаў. Калі б замест грунтоўнага адказу я пачула бы нейкія жарцікі, як некаторыя маёрчыкі любяць рабіць, то мала б яму не падалося! А так паглядзі на мяне: які я монстар? Я такая лагодная, мяккая і пухнатая!”

(Маёрчык: ) “Асабліва пухнатая... Вольга Барысаўна, прабачце. У вашых голасе адчуваюцца настаўніцкія інтанацыі, і я вымушаны паабяцаць вам, што болей жартаваць ня буду”.

(Канапелька: ) “Вось зусім іншая справа, Ягор Маёрчык”.

(Маёрчык: ) “Вы толькі бацькоў маіх не выклікайце... Але гаворкі нашыя пра экстэрнат навучэнцаў гуманітарнага ліцэю. На чарзе першае інтэрвію з адзінаццаціклясьніцай Ганнай”.

(Ганна: ) “Нам патрэбна здаць усе прадметы, якія вывучаюцца ў школе, іх прыкладна пятнаццаць. У параўнаньні зь Ліцэем, гэтая колькасьць жахлівая. Самае вялікае, што мы здавалі, гэта шэсьць іспытаў, і тое было вельмі цяжкім. Апроч таго, паміж іспытамі малая колькасьць дзён, каб паўтарыць — толькі адзін-два дні”.

(Маёрчык: ) “Якія аб’ём інфармацыі вы перапрацоўваеце, каб падрыхтавацца да іспыту? Колькі старонак вам патрэбна прачытаць?”

(Ганна: ) “Сорак пытаньняў — гэта прыкладна 200 старонак тэксту”.

(Маёрчык: ) “Пятнаццаць на 200 — атрымліваецца, 3 тысячы старонак за экстэрнат. Якімі ўласнымі посьпехамі можаце пахваліцца?”

(Ганна: ) “Асаблівы посьпех па расейскай літаратуры. Я атрымала 10 балаў. Астатнія іспыты — 9, 8. Ва ўсіх ліцэістаў самыя высокія балы з тых, хто здае экстэрнаты”.

(Маёрчык: ) “Натуральна, вы здаяце экстэрнат не ў адзіноце. Што за людзі знаходзяцца побач з вамі?”

(Ганна: ) “Людзі там розныя. Узрост 18—30 гадоў. У кожнага зь іх свая гісторыя”.

(Маёрчык: ) “А як яны ўспрымаюць ваш аповед пра тое, што вы ліцэістка, што здаяце экстэрнат, каб атрымаць пасьведчаньне пра сярэднюю адукацыю?”

(Ганна: ) “Ад пачатку людзі вельмі зьдзіўляліся таму, што мы ўсё здаём па-беларуску. Мы ім распавялі пра Ліцэй. Некаторыя нават ня ведалі, што такое адбывалася ў нашае краіне два гады таму. Яны ў нас увесь час пытаюцца: “А вы з БНФ і “зубрамі” зьвязаныя?” А мы адказваем, што гэта нашая жыцьцёвая пазыцыя, што ў сваёй краіне мы хочам размаўляць па-беларуску”.

(Маёрчык: ) “Зь якой рэакцыяй з боку выкладчыкаў і кіраўніцтва школы сутыкаюцца ліцэісты, калі здаюць экстэрнат?”

(Ганна: ) “Ліцэісты здаюць ня першы год. У гэтай школе нашы навучэнцы былі. Калі мы прыйшлі падаваць дакумэнты, нам сказалі: “О, ліцэісты! Яны заўсёды так добра здаюць! Вы такія добрыя прыемныя дзеткі!” Стаўленьне нармалёвае”.

(Маёрчык: ) “Вы адказваеце па-беларуску. Ці не ўзьнікае ў вас часам непаразуменьняў?”

(Ганна: ) “Тое, што мы адказваем па-беларуску, — гэта своеасаблівая выгода, бо ня ўсё настаўнікі разумеюць беларускую мову. І некаторым сорамна перапытацца: “А што вы толькі што сказалі?” Таму для нас гэта толькі лепей. Ствараецца ўражаньне, што чалавек кажа разумнае, значыць, ён ведае. А гэта значыць, што яму можна паставіць самую добрую адзнаку”.

Гаворкі пра Задзіночаньне беларускіх студэнтаў

(Канапелька: ) “На зьезьдзе Задзіночаньня беларускіх студэнтаў дэлегаты абралі новае кіраўніцтва арганізацыі. Раду ачоліла студэнтка Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Алена Талапіла”.

(Маёрчык: ) “Маленькая даведка пра ЗБС. Арганізацыя паўстала 15 гадоў таму як вынік працы нефармальных студэнцкіх суполак. Сёньня гэта агульнанацыянальны зьвяз, у шэрагах якога паўтары тысячы чальцоў. Ёсьць сем рэгіянальных прадстаўніцтваў па ўсёй Беларусі і шэраг суполак у ВНУ Менску. ЗБС ставіць на мэце фармаваць новае пакаленьне беларускай інтэлігенцыі, абараняць правы й інтарэсы студэнтаў, пашыраць ужываньне беларускай мовы ў адукацыі і навуцы, а таксама падтрымліваць моладзевыя плыні ў нацыянальным культурніцкім руху”.

(Канапелька: ) “Перад зьездам зэбээсаўцы зазналі тыя самыя праблемы, што й іншыя грамадзкія арганізацыі. Ім цяжка было арандаваць памяшканьне для сходу. Урэшце дах знайшлі, і мерапрыемства адбылося. Cтаршыня Рады Алена Талапіла адказвае на пытаньні Радыё Свабода”.

(Талапіла: ) “Гэты зьезд адметны тым, што ў нас адбылася зьмена пакаленьняў. Я спадзяюся, што ЗБС здолее падтрымаць марку і здолее шмат зьдзейсьніць. Арганізацыя ня будзе зьмяняць свайго шляху кардынальна. Мы будзем разьвіваць тыя дасягненьні, якія ўжо маем, і паспрабуем зрабіць штосьці сваё. Ужо маем канкрэтныя крокі, якія трэба рэалізаваць. Збольшага мы сканцэнтруемся на праваабарончай і адукацыйнай дзейнасьці. Ужо ўлетку мы пачнём падрыхтоўку даведніка “50 адказаў і пытаньняў па правах студэнтаў”, які прынясе шмат карысьці беларускім студэнтам, якія не заўсёды ведаюць, як абараніць свае правы. Таксама мы будзем адукоўваць сваіх сябраў і старацца выходзіць на больш шырокія студэнцкія колы. Мы будзем намагацца пашырыць уплыў студэнтаў у грамадзкім жыцьці”.

(Маёрчык: ) “Усе папярэднія гады існаваньня ЗБС чальцы вашае арганізацыі так ці інакш спрычыняліся да палітычных кампаніяў. У 2006 годзе будуць чарговыя выбары прэзыдэнта. Ці рыхтуецца ЗБС да гэтай падзеі? І якім чынам вы будзеце ўдзельнічаць?”

(Талапіла: ) “Хачу падкрэсьліць, што мы непалітычная арганізацыя. У 2001 годзе мы ўдзельнічалі менавіта ў мабілізацыйнай кампаніі, а не ў агітацыі за адзінага кандыдата. І ў гэтай перадвыбарчай кампаніі мы таксама будзем удзельнічаць менавіта ў мабілізацыйнай частцы. У гэтай кампаніі ёсьць асобны кірунак — студэнцкі”.

(Маёрчык: ) “Ці прапрацоўвае ЗБС нейкія варыянты абароны сваіх сябраў на той выпадак, калі з боку ўладаў і кіраўніцтва ВНУ пачнецца цкаваньне?”

(Талапіла: ) “Праваабарончая камісія зьбіраецца заняцца прававой адукацыяй. Прыкладам, на што той жа дэкан мае права, а на што — не. Часам ведаць гэта вельмі важна. Мы таксама шукаем магчымасьцяў, каб забясьпечыць людзям навучаньне ў тым скрайнім выпадку, калі іх выключаць. Прычым мы шукаем такія магчымасьці, каб ім не прыйшлося зьяжджаць зь Беларусі, а нейкі дыстанцыйны курс навучаньня ў замежных унівэрсытэтах. Я спадзяюся, што мы сапраўды зробім вялікі ўнёсак у пабудову вольнай і дэмакратычнай Беларусі”.

Гаворкі пра маладых перакладчыкаў

(Маёрчык: ) “Цэнтар моладзевай інфармацыі і дакумэнтацыі маецца стварыць Згуртаваньне маладых беларускіх перакладчыкаў. Канапелька, ты ў нас, як вядома, гігант лексыкалёгіі і знаўца замежных моваў. А перакладчыцай стаць ніколі не хацела?”

(Канапелька: ) “Ягор, ты вырашыў ад мяне пазбавіцца?”

(Маёрчык: ) “Ні ў якім разе! Як ты магла такое падумаць? Я ўсяго толькі клапачуся пра тваю будучыню. Давай пафантазуем. Ты перакладзеш твор з ангельскай на беларускую. Дарэчы, за што б ты ўзялася?”

(Канапелька: ) “Можа быць, творчасьць Эдгара По. Жахлівыя апавяданьні гэтага пісьменьніка крыху супакоілі б цябе, калі ты прачытаеш іх па-беларуску”.

(Маёрчык: ) “Дзякуй за такі камплімэнт! А я, між іншым, працягваю клапаціцца пра тваю будучыню. Ты перакладзеш, працу тваю выдадуць мільённым накладам. І як вынік, ты станеш знакамітай і багатай”.

(Канапелька: ) “Гучыць вельмі спакусьліва. Аднак я ўстрымаюся ад таго, каб зьмяніць сваю цяперашнюю працу на перакладчыцкую дзейнасьць”.

(Маёрчык: ) “Як?! Ты ня хочаш стаць багатай і знакамітай? Ніколі ў гэта не паверу!”

(Канапелька: ) “Натуральна, хачу. Але адчуваю, што гэты занятак не па мне. Лепей буду зрэалізоўваць свае творчыя амбіцыі ў стварэньні сайтаў. Ягор, а ты ня хочаш стаць перакладчыкам?”

(Маёрчык: ) “Не-а. У мяне не атрымаецца”.

(Канапелька: ) “Чаму ты так лічыш?”

(Маёрчык: ) “Чаму-чаму... Ня ты ж мяне вучыла ангельскай мове. Адпаведна няма таго лексычнага патэнцыялу”.

(Канапелька: ) “Шаноўная грамада, мы тут высьветлілі, што ня ведаю, як зь мяне, а зь Ягора Маёрчыка перакладчыка дакладна не атрымаецца. Але калі такія задаткі ёсьць у вас, зьвярніце ўвагу на ініцыятыву Цэнтру моладзевай інфармацыі і дакумэнтацыі. Але перадусім паслухайце кіраўніка арганізацыі Андруся Клікунова”.

(Клікуноў: ) “Якія праблемы існуюць? Людзі, якія заканчваюць беларускамоўныя аддзяленьні ВНУ, часьцяком ня бачаць, дзе яны могуць скарыстаць свае перакладчыцкія веды. Зь іншага боку, гэтая моладзь асабліва і не імкнецца шукаць такіх ініцыятываў. Па сутнасьці, іхныя здольнасьці зьнікаюць у нікуды. З усіх гэтых праблемаў вынікла нашая ініцыятыва. Ёсьць людзі, зацікаўленыя ў беларускамоўным перакладзе. Чаму б не аб’яднаць гэтых людзей і не надаць імпульс да дзейнасьці?”

(Маёрчык: ) “Ці можна ўжо казаць пра нейкую стратэгію дзейнасьці? Чым вы будзеце займацца? Куды будзеце скіроўваць свае высілкі?”

(Клікуноў: ) “Першая ідэя — гэта згуртаваць народ, які займаецца беларускамоўнымі перакладамі. Гэта будзе дапамога з друкам і пошук фінансаваньня пад выданьне літаратуры, гэта прэзэнтацыя людзей. Ні для каго не сакрэт, што шмат маладых перакладчыкаў пішуць у шуфляду. Цікавыя рэчы папросту губляюцца і не даходзяць да шырокай публікі. У нас існуе ідэя стварыць зборнікі такіх перакладаў і стварыць пры нашай ініцыятыве бібліятэку, і сабраць там разнастайныя слоўнікі і даведачную літаратуру”.

(Маёрчык: ) “Якую колькасьць перакладчыкаў можа зацікавіць вашая ініцыятыва? І калі казаць пра нейкія творы, што апошнім часам пераклалі маладыя людзі?”

(Клікуноў: ) “Мы разьлічваем на ўдзел 20—30 чалавек па ўсёй Беларусі. Наколькі мне вядома, цяпер існуюць пераклады Генрыха Бёля і сучасных польскіх пісьменьнікаў. Беларускія пераклады сапраўды цікавыя і больш якасныя. Трэба браць якасьцю. Пераклады на расейскую мову робяцца вельмі хуценька — у выніку чытаеш і проста жахаесься, бо там нулявая стылістыка! Таму лічу нашае мэтай давесьці, што мы можам рабіць лепей. Нават у такіх складаных умовах мы можам выкарыстоўваць патэнцыял нашае мовы, каб больш дакладна перадаць тое, што было зроблена замежнымі пісьменьнікамі. Яшчэ хочацца зьвярнуць: існуе цэлы шэраг маладых замежных аўтараў, якіх перакладчыкі абмінаюць. Яшчэ адным кірункам нашае дзейнасьці будзе супрацоўніцтва з гэтымі аўтарамі”.

Анонс часопісу “Студэнцкая думка”

(Канапелька: ) “Раз на некалькі месяцаў рэдакцыя часопісу “Студэнцкая думка” радуе чарговым нумарам”.

(Маёрчык: ) “Вольга, памятаю, што мінулым разам зьяўленьне адмысловага выданьня, прысьвечанага адукацыі ў замежжы, нейкім дзіўным чынам супала з дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі ў справе супрацьдзеяньня гандлю людзьмі. Нагадаю, што ў дакумэнце ёсьць пункт, паводле якога “Накіраваньне грамадзянаў, якія навучаюцца ў арганізацыі сыстэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, на вучобу за мяжу ажыцьцяўляецца зь пісьмовага дазволу Міністэрства адукацыі”.

(Канапелька: ) “Да адкрыцьця новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі яшчэ год. І адно толькі спадзяваньне, што выхад у сьвет чарговай “Студэнцкай думкі”, прысьвечанай кнігам, не супадзе зь якім новым радыкальным указам ці дэкрэтам”.

(Маёрчык: ) “Зьмест нумару прадстаўляе сябра рэдакцыі Алена Шалаева”.

(Шалаева: ) “Тэма чарговага нумару часопісу “Студэнцкая думка” — La book — кніга. “Літаратура — гэта ня толькі калі ты хочаш, каб цябе чыталі. Гэта калі цябе хочуць чытаць”. Што, чаму і навошта чытаць — адказ на гэтыя і ня толькі пытаньні дае “Студэнцкая думка”. “Пазакляснае чытаньне, альбо гэта нам не задавалі” — артыкул, складзены з рэцэнзіяў 2/3 тузіна гітоў беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя — “кнігі, пра якія ня ў кожнай школе скажуць, а калі скажуць, то так, што лепш бы памаўчалі”. Ці заб’е кнігу кампутар, колазварот кніг у прыродзе, мода на кніжкі на кішэнным пэрсанальным кампутары і хто ж такая baba_bronia — у артыкуле “Кніга vs кампутар”.

Гэтая “штука” была найлепшым з мэтадаў выхаваньня “здаровай нацыі”. Цэнзура — сюжэт кнігі “Служы народу” Яня Лянькэ, які разгортваецца ў лепшыя часы культу Мао; цэнзура ў байнэце. Фэнтэзі — “чытво для завернутых” ці “чытво для ўсіх”? Разьбіраемся ў артыкуле “Ўключай фэнтазі’ю”, а пра літаратурныя прэміі — у чытве “І барабан на шыю”. Пра надпісы на шмотках — у рубрыцы “Моды”. Усе праявы нэафашызму — у артыкуле “Мода на холад. Фашызм як сталь”. У рубрыцы “Навучаньне” разьбіраемся з праблемай навучаньня за мяжой. Як гэта зрабіць і што будзе потым — у артыкуле “Мы будзем мець гэтых рабят на ўвазе”. Хто на самай справе зьяўляецца бацькам беларускага пірацтва? “Мясцовае радыё” чакае прэміі Папова, а яго заснавальнік, сьляпы дыджэй, як і раней, прадзіраецца ў радыёкропкі суседзяў, седзячы на кухні, перад саўдэпаўскім узмацняльнікам і мафонам.

Артыкул пра рэальнага беларускага пірата, а таксама размова пра радыйнае пірацтва ў сьвеце ў артыкуле “Гарылы Дэцэбільныя”. Як заўсёды — апытаньне цікавых людзей па цікавых пытаньнях у “Rolling People”.

“Калі Мая толькі прыехала ў Вялікую Брытанію, яна ведала тры словы па-ангельску: “манга”, “элефант” і “Майкл Джэксан”. Цяпер дзяўчына начытвае рэпам афігенны лексычны інгліш-запас пра выкраданьні і забойствы, кладучы словы на акруценныя рытмы, якія нават законапаслухмяныя грамадзяне рэпітам заюзваюць да дзірак”, — такі сёлета зьмест мэгаСіДзічкі. А ў разьдзеле рэцэнзіяў “СіДзічка” на гэты раз Бэк, “Fischerspooner”, M83, Наталі Імбрулія і “Post scriptum”. Чытайце “Студэнцкую думку” — такога вы больш нідзе не прачытаеце”.

(Канапелька: ) “На гэты раз усё. “Маладыя галасы” фінішуюць”.

(Маёрчык: ) “З вамі разьвітваюцца Ягор Маёрчык і Вольга Канапелька”.

(Канапелька: ) “Не губляйце “Свабоды” і да хуткае сустрэчы!”
XS
SM
MD
LG