Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ, Эўразьвяз, ЗША рэзка асуджаюць беларускія ўлады ў справе М.Статкевіча і П.Севярынца


Уладзімер Глод, Менск Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі йі бясьпекі Хаўер Саляна 1 чэрвеня выступіў з адмысловай заявай, якая тычыцца асуджэньня Міколы Статкевіча й Паўла Севярынца да трох гадоў. Сваю занепакоенасьць з гэтай нагоды выказаў таксама кіраўнік офісу АБСЭ ў Беларусі Эбэргард Гайкен. Таксама занепакоеная прысудам амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі. Тым часам прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў Беларусі сёньня зьвярнуліся да Эўразьвязу з просьбай забараніць уезд у гэтыя краіны пракурору ды судзьдзю, якія ўдзельнічалі ў працэсе над спадарамі Статкевічам і Севярынцам.

Заява Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі й бясьпекі пачынаецца словамі: "Я вельмі занепакоены прысудам спадарам Статкевічу і Севярынцу да трох гадоў папраўчых работ за дзеяньні, якія беларуская ўлада ацэньвае як "парушэньні грамадзкага парадку".

Далей спадар Саляна сьцьвярджае, што нават паводле беларускіх стандартаў гэтае пакараньне выглядае празьмерным. Мікола Статкевіч і Павал Севярынец пакараныя за тое, што было прызнана АБСЭ негвалтоўнай дэмакратычнай дзейнасьцю.

1 чэрвеня на паседжаньні кіраўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў і прадстаўнікоў шэрагу грамадзкіх арганізацыяў Беларусі быў ініцыяваны зварот да Эўразьвязу. Яго неабходнасьць тлумачыць лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Мы прынялі рашэньне хадайнічаць перад Эўрапейскім Зьвязам пра унясеньне ў сьпіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, тых, хто арганізоўваў і вёў судзілішча над Стакевічам і Севярынцам. Гэта – Вадзім Пазьняк і Леанід Ясіновіч. Гэта будзе наша хадайніцтва з тлумачэньнем і апісаньнем сытуацыі. Будзем прасіць, каб узгаданыя асобы былі ўнесеныя ў сумна вядомы сьпіс".

Кіраўнік офісу АБСЭ ў Беларусі Эбэргард Гайкен зьвяртае увагу на тое, што ён асабіста назіраў за дэманстрацыямі 18-19 кастрычніка мінулага году, за ўдзел у якіх былі асуджаныя Мікола Статкевіч і Павал Севярынец. Амбасадар Гайкен гаворыць, што ён асабіста можа засьведчыць, што гэтыя акцыі не былі ні гвалтоўнымі, ні пагрозьлівымі для грамадзкага парадку. Таму такі прысуд "у краіне, якая зьяўляецца сябрам АБСЭ, ёсьць не сувымяральным і ня можа быць апраўданым", – лічыць кіраўнік офісу АБСЭ.

"Асуджэньне Статкевіча і Севярынца другі раз за карыстаньне міжнародна прызнанымі правамі на выказваньне й сходы – гэта пародыя на правасудзьдзе ды яўнае ўжываньне судоў у палітычных мэтах", – гаворыцца ў заяве амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі.

ЗША заклікаюць беларускія ўлады неадкладна вызваліць Севярынца й Статкевіча ды спыніць грамадзянскі й крымінальны перасьлед сябраў незалежнай грамадзянскай супольнасьці.

***

Суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца да трох гадоў абмежаваньня волі. На падставе амністыю ў зьвязку з 60-годзьдзем перамогі ў Другой сусьветнай вайне тэрмін пакараньня скарочаны да двух гадоў. Статкеівч і Севярынец абвінавачваліся ў "арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх" згодна з артыкулам 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Гл. таксама • Нямецкі ХДС асуджае беларускія ўлады ў зьвязку з прысудам Статкевічу і Севярынцу • Беларусы ў Брусэлі пратэстуюць супраць прысуду Статкевічу і Севярынцу (фота) • Павал Севярынец: “Мы – эўрапейскі народ і мы павінны зрабіць сваю рэвалюцыю аксамітна”. • Жонка Статкевіча: "Некалі прыйдзе судны дзень..." • Маці Паўла Севярынца Тацяна: "Павал вытрымае, ён моцны..." • Суд абвясьціў прысуд
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG