Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню віцебскага “Маладога фронту” таксама будуць судзіць


Браніслава Станкевіч, Віцебск Старшыню віцебскага “Маладога фронту” будуць судзіць за плякат “Свабоду палітвязьням!” на падставе газэтнага артыкулу. Гэты плякат, а дакладней, вялікая расьцяжка з тканіны, віцебскія “маладафронтаўцы” вывесілі на мосьце над Дзьвіной 5-га траўня на знак салідарнасьці з затрыманымі ў часе “Чарнобыльскага шляху” менскімі аднадумцамі.

Старшыню віцебскай суполкі “Маладога фронту” Яніса Чучмана сёньня выклікаў ў мясцовы апорны пункт аховы правапарадку ягоны ўчастковы міліцыянт Аляксандар Каваленка. Напачатку супрацоўнік міліцыі абвясьціў, што хоча правесьці прафіляктычную гутарку з актывістам моладзевай апазыцыі, але ў пастарунку высьветлілася, што галоўнай мэтаю сустрэчы было ўсё-ткі складаньне пратаколу.

На стале ў супрацоўніка міліцыі Яніс Чучман убачыў ксэракопію артыкула зь недзяржаўнай газэты “Віцебскі кур”ер”, дзе было напісана пра плякат “Свабоду палітвязьням!”, вывешаны віцебскімі “маладафронтаўцамі” на мосьце Блахіна на знак падтрымкі пакараных за удзел у акцыі “Чарнобыльскі шлях” аднадумцаў.

Паколькі ў артыкуле было згадана прозьвішча спадара Чучмана, гэты газэтны матэрыял і стаўся галоўным рэчавым доказам ягонае віны.

Яніс Чучман мяркуе, што нечаканая ўвага да “Маладога фронту” з боку міліцыі невыпадковая, асабліва неўзабаве пасьля таго, як быў асуджаны моладзевы лідэр Павал Севярынец.

(Чучман: ) "Я так думаю, што гэта зьвязана з актывізацыяй “Маладога фронту”. Вельмі шмат людзей актывізуецца напярэдадні выбараў, а ўладам трэба каб ніякага супраціву тады не было".

21-га чэрвеня Яніса Чучмана будуць судзіць у Першамайскім раённым судзе за арганізацыю несанкцыянаванае акцыі. А складаньне сёньняшняга пратаколу сталася ў Віцебску беспрэцэдэнтным выпадкам: упершыню прадстаўніка апазыцыйнага руху вінавацяць у парушэньні дзяржаўнага законадаўства паводле газэтнага артыкулу. На думку спадара Чучмана, гэткая практыка можа прывесьці да таго, што журналісты неўзабаве будуць вырашаць нялёгкую прафесыйную праблему: або ўвогуле не пісаць пра любога кшталту апазыцыйныя акцыі, каб не “падстаўляць” іхных удзельнікаў, або пісаць, але ў тым ліку і на спажыў міліцэйскім ворганам.

Зрэшты, участковы інспэктар сказаў Янісу Чучману, што сам ён газэт не чытае, а артыкул у “Віцебскім кур”еры” яму быў перададзены ад нейкага вышэйшага начальства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG