Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтка журфаку можа быць адлічаная з БДУ за грамадзкую актыўнасьць


Ігар Карней, Менск Увечары 1-га чэрвеня студэнтку журфака Белдзяржунівэрсытэту Алену Андрэеву выклікаў дзеля размовы дэкан факультэта Сяргей Дубовік. Як і прагназавала напярэдадні Андрэева, размова тычылася яе ініцыятывы ў зборы подпісаў за аднаўленьне на факультэце журналісткі газэты “Народная воля” Вольгі Класкоўскай. Андрэева, як і астатнія падпісанты, перакананая: Класкоўскую адлічылі з БДУ цалкам з палітычных прычыныў. За гэта і Андрэевай прыгразілі адлічэньнем.

Афіцыйная прычына адлічэньня студэнткі трэцяга курсу Вольгі Класкоўскай – “акадэмічная непасьпяховасьць”. Аднак яе аднакурсьнікі перакананыя, што гэтая “непаспяховасьць” створаная штучна і палітычна матываваная. Пра гэта студэнты напісалі ў заяве, якую перадалі нядаўна прызначанаму дэкану факультэту Сяргею Дубовіку.

Ініцыятарка стварэньня своеасаблівага аргкамітэту ў справе “ратаваньня Класкоўскай”, аднакурсьніца Вольгі, Алена Андрэева, за сваю актыўнасьць сёньня была выкліканая “на дыван” да дэкана. Але папярэднічалі сустрэчы, паводле Андрэевай, кансультацыі дэкана зь “людзьмі ў цывільным”.

(Андрэева: ) “Я прыйшла а шостай, а літаральна за тры мэтры ад мяне ішлі два маладыя чалавекі. Яны зайшлі да дэкана, той зачыніў дзьверы і тое, што я чула, стоячы 45 хвілінаў і чакаючы аўдыенцыі, – гэта быў перагляд маёй асабістай справы, абмеркаваньне таго, дзе я раней працавала, абмеркаваньне маіх публікацыяў, гаворка пра тое, што я нібыта падбіла сваіх калегаў надаць адлічэньню Вольгі палітычную афарбоўку. Уздымаліся пытаньні – як з гэтым змагацца: маўляў, першы “ачаг” ёсьць і невядома, ў ва што гэта выльецца”.

Калі ананімныя госьці кіраўніка факультэта журналістыкі сышлі, у кабінэце Алену Андрэеву чакалі дэкан і дзьве ягоныя намесьніцы.

(Андрэева: ) “Яны сказалі, што ў сваёй заяве я ўсё нахлусіла, а за любую хлусьню, маўляў, студэнтаў адлічваюць. Я адказала, што ў верагоднасьці падобных захадаў якраз не сумняюся... Ня ведаю, ці можна разглядаць гэта як наўпроставую пагрозу, але баюся, што гэта была ўжо не пагроза, а канстатацыя факту”.

Алена Андрэева па-ранейшаму перакананая, што ў дачыненьні да яе сяброўкі Вольгі Класкоўскай ужытыя больш жорсткія карныя захады, чым тыя, якія звычайна практыкуюцца ў выпадках акадэмічнай запазычанасьці: у прыватнасьці, ёй не далі нават магчымасьць пераздачы іспытаў. Пра гэта апавяла сама Вольга Класкоўская.

(Класкоўская: ) “Самае дзіўнае, што тэрмін мне працягнуў асабіста новы дэкан Дубовік. Сам сказаў: даю табе тэрмін. Бо сытуацыя дзіўная склалася: немагчыма было здаць гэтыя прадметы, паколькі мне не давалі накіраваньне. Але ў той жа дзень, калі дэкан працягнуў тэрмін, ён адначасна падпісаў загад на адлічэньне”.

Аднакурсьнікі Вольгі Класкоўскай сапраўднымі прычынамі адлічэньня журналісткі з факультэту лічаць яе працу ў газэце “Народная Воля”.

У сувязі з гэтым яны па-ранейшаму патрабуюць аднаўленьня Вольгі Класкоўскай на факультэце й спыненьня практыкі перасьледу студэнтаў за іх грамадзкую актыўнасьць і прафэсійную дзейнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG