Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візы ў Літву стануць больш таннымі


Тацяна Поклад, Вільня У блізкім часе значна зьменшацца цэны на візы для грамадзянаў Беларусі і Літвы. Двухбаковая дамоўленасьць паміж дыпляматычнымі ведамствамі краінаў-суседак у гэтым пытаньні ўжо дасягнутая.

Канчатковае рашэньне пра тое, наколькі зьменшацца цэны на візы для грамадзянаў Беларусі і Літвы, яшчэ мусіць быць зацьверджанае, але паведамляецца, што гэта будзе значнае зьмяншэньне коштаў – паводле беларускіх дыпляматаў, да 5 эўра за выдачу ўсіх кшталтаў аднаразовых і двуразовых транзытных візаў, да 25 эўра для шматразовых візаў і, паводле літоўскага МЗС, ня болей за 10 эўра для аднаразовай візы. Дамоўленасьць будзе дзейснай адразу пасьля абмену дыпляматычнымі нотамі, – як абяцаюць дыпляматы, гэта адбудзецца ў хуткім часе.

Двухбаковая дамоўленасьць сталася вынікам апошняй сустрэчы беларускіх і літоўскіх дыпляматаў у Вільні. Напрыканцы мінулага тыдню адбыліся кансультацыйныя сустрэчы дэлегацыі беларускага МЗС, якую ачольваў кіраўнік Консульскага дэпартамэнту Васіль Жлутко і дэлегацыі літоўскага МЗС, на чале з Вайдатасам Вербам. Абмяркоўваліся пытаньні ўдасканальваньня двухбаковага візавага рэжыму і магчымасьці зьменшыць зборы за выдачу візаў грамадзянам Беларусі і Літвы, а таксама асаблівасьці візавага рэжыму для памежных жыхароў, пытаньні абавязковага мэдычнага страхаваньня.

“Многія сем''і ня могуць сабе дазволіць паездку ў суседнюю краіну толькі з прычыны матэрыяльных цяжкасьцяў,” – адзначыў дырэктар консульскага дэпартамэнту літоўскага МЗС Вайдатас Вярба. Цяпер аднаразовая літоўская віза для грамадзянаў Беларусі каштуе 20 эўра (45 эўра, калі выдаецца тэрмінова – цягам 72 гадзінаў), шматразовая – 35 эўра, транзытныя візы рознага кшталту – ад 10 да 50 эўра.

Літва болей як год таму прапаноўвала Беларусі гэтак званы “ўкраінскі варыянт” візавага рэжыму – бясплатныя літоўскія візы для грамадзянаў Беларусі і адмена візавага рэжыму для грамадзянаў Літвы. Гэткая ж дамоўленасьць дзейнічае цяпер паміж Літвой і Малдовай.

Беларусь адмовілася ад той прапановы, і тады летась Літва прапанавала зьмяншэньне коштаў на візы да 5 эўра за аднаразовую і 10 эўра за шматразовую візы. Беларускі МЗС спачатку адмовіўся, і толькі цяпер перамовы далі канструктыўны вынік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG