Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінкавічах спынена трансьляцыя ўкраінскага тэлеканалу


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Пасьля некалькіх месяцаў існаваньня ў Калінкавічах на кабэльным тэлебачаньні спынена трансьляцыя украінскага тэлеканалу “Інтэр-плюс”. Жыхары памежных раёнаў Беларусі зьвяртаюць увагу на адсутнасьць інфармацыі з Украіны.

Украінскі інфармацыйна-забаўляльны тэлеканал “Інтэр-плюс” існаваў на кабэльным тэлебачаньні ў Калінкавічах ад пачатку году. Але нядаўна, ужо пасьля правядзеньня ў Кіеве конкурсу “Эўрабачаньне”, трансьляцыя каналу была спынена.

Некаторыя жыхары райцэнтру мяркуюць, што зьвязана гэта з боязьзю беларускіх уладаў украінскай памаранчавай рэвалюцыі. А вось што распавёў на гэты конт Аляксей Разанцаў, дырэктар таварыства “Сувязь-сэвіс”, якому належыць кабэльнае тэлебачаньне:

(Разанцаў: ) “Яго, гэтага каналу, наагул ня будзе. Я не магу без дазволу яго трансьляваць. Мы нікому і не казалі, што “Інтэр-плюс” застанецца. Пускалі яго для сябе ў тэставым рэжыме. Канал “Інтэр-плюс” ды іншыя ўкраінскія каналы забаронены Міністэрствам інфармацыі для трансьляцыі на тэрыторыі Беларусі. Я кожны год падаю сьпіс каналаў для трансьляцыі, і мне ўкраінскія каналы не ўзгадняюць. “Інтэр-плюс” мы замянілі “Расейскім ілюзіёнам”. Міністэрства інфармацыі не дазволіла, няхай людзі туды тэлефануюць”.

Жыхары бліжэйшых да паўднёвай суседкі беларускіх раёнаў заўважаюць, што, нягледзячы на суседзтва ды існаваньне сучасных камунікацыяў, наўпроставую інфармацыю з Украіны атрымаць зусім няпроста. Гаворыць жыхар Турава Міхась Козел:

(Козел: ) “Мы амаль што не атрымліваем інфармацыю пра краіну-суседку. Скажам так, яе вельмі мала. Устойлівага прыёму няма: патрэбна моцная антэна. Цікавіць, канечне, як там у іх адбываецца разьвіцьцё эканомікі. Культурныя падзеі іхныя цікавяць. Шмат у каго ва Ўкраіне ёсьць сваякі, і тамтэйшыя падзеі сапраўды цікавяць”.

У Лельчыцах, Ельску ды іншых памежных раёнах людзі майструюць адмысловыя тэлеантэны — і толькі гэтак глядзяць па тэлевізіі ўкраінскія перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG