Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікаў наведалі сябры Рады беларускай інтэлігенцыі (абноўлены)


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Жодзіне восьмыя суткі працягваецца галадоўка супраць выключэньня з навучальных установаў дэмакратычнай моладзі. Нагадаем, у акцыі, якая пачалася 25 траўня, бяруць удзел шасьцёра юнакоў: Зьміцер Чарткоў, Аляксандар Вінаградаў, Яўген Валкавец, Сяржук Мурашка, Павал Каранюхін і Сяржук Марчык.

Сёньня жодзінскіх галадоўнікаў наведалі сябры Рады беларускай інтэлігенцыі Лявон Баршчэўскі, Сяргей Законьнікаў, Георгі Ліхтаровіч, а таксама старшыня рады Ўладзімер Колас.

(Колас: ) “Уражаньні супярэчлівыя. З аднаго боку, вялікую сымпатыю выклікаюць гэтыя дзеці, гэтыя маладзёны, якія праявілі такую рашучасьць у адстойваньні сваіх правоў і сваіх поглядаў. А з другога боку, вельмі балюча, што дзяржава, улады, якія павінны клапаціцца і па-сапраўднаму дапамагаць моладзі, даводзяць нашых дзяцей да такога стану і да такіх учынкаў. Безумоўна, мы заклікалі іх спыніць гэтую галадоўку. Таму што, з аднаго боку, гэта пратэст, а з другога, напэўна, ня варта дзеля гэтага ахвяраваць здароўем”, — зазначыў Уладзімір Колас, якога 28 траўня Трэці зьезд беларускай інтэлігенцыі вылучыў прэтэндэнтам на адзінага кандыдата ад апазыцыі на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах.

Паводле лідэра жодзінскай суполкі “Маладога фронту” Паўла Красоўскага, да галадоўнікаў прыяжджалі і іншыя наведнікі:

(Красоўскі: ) “Сёньня прыходзілі лекары, якіх прыслаў Жодзінскі гарвыканкам і якія абсьледавалі нашых людзей. Таксама былі прадстаўнікі “Вясны”, якія таксама прывозілі з сабой лекара. Гэта быў Андрэй Вітушка, выканаўчы дырэктар Беларускай асацыяцыі мэдыкаў, які параіў, як галадаць”.

Галадоўнікі адчуваюць сябе здавальняюча. Іх здароўем цікавіцца і Жодзінскі гарвыканкам. Разам з тым, яго прадстаўнікі па-ранейшаму лічаць пратэст беспадстаўным. Гаворыць кіраўніца ідэалягічнага аддзелу Аксана Грышкевіч:

(Грышкевіч: ) “Пытаньнем адлічэньня Мурашкі займаецца пракуратура. Пытаньне пераводу ці адлічэньня дзяўчатак не паўставала і не паўстае. Я з хлопцамі размаўляла, спрабавала гэта патлумачыць. Скажу і пра здароўе: размаўляла з галоўным лекарам, іх пастаянна абсьледуе доктар”.

Тым часам, сёньня пайшоў трэці дзень галадоўкі яшчэ пяцёх актывістаў моладзевага руху, якія далучыліся да акцыі жодзінскіх удзельнікаў 30 траўня. У іх ліку 22-гадовы Валер Мацкевіч:

(Мацкевіч: ) “Улады перайшлі да актыўнага ціску на сяброў нашай арганізацыі. І гэта адбываецца ня толькі ў Жодзіне. Гэта адбываецца з усімі сябрамі арганізацыі, па ўсіх гарадах. У нас у горадзе таксама адзін чалавек быў выключаны ў свой час з Акадэміі мастацтваў. Гэта было каля году таму. Яго завуць Дзяніс Буйніцкі”.

Маладафронтавец Валер Мацкевіч трымае галадоўку ў Бабруйску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG