Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд “За новую Беларусь” хоча зьмяніць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь


Ігар Карней, Менск Фонд “За новую Беларусь”, старшынём апякунскай рады ў якім Васіль Лявонаў, ад сёньняшняга дня прапануе пачаць абмеркаваньне зьменаў і дадаткаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Апоўдні дакумэнт зьявіўся на сайце фонду (www.newbelarus.org). Тым часам, апанэнты Лявонава лічаць, што ў цяперашняй сытуацыі правесьці рэвізію асноўнага закону намаганьнямі апазыцыі немагчыма.

Кіраўнік фонду “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў кажа, што праект новай рэдакцыі Канстытуцыі грунтуецца на шэрагу прынцыпаў, якія вызначаюць жыцьцё цэлых пакаленьняў. Спадар Лявонаў удакладняе, што гэта не аматарская праца: сярод тых, хто распрацоўваў палажэньні альтэрнатыўнага асноўнага закону — прафэсійныя юрысты, у прыватнасьці, адвакат Гары Паганяйла і былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў.

(Лявонаў: ) “Мы павінны сумесна перапрацаваць тую грамадзкую дамову, якая мусіць быць асновай нашай дзяржавы. Форма такой дамовы ня намі прыдуманая, яна правераная гісторыяй чалавецтва — гэта канстытуцыя дзяржавы, якая павінна быць прынятая большасьцю насельніцтва. Сёньняшняя беларуская Канстытуцыя такой дамовай не зьяўляецца. Гэта набор інфармацыі пра тое, як адна пэрсона на пасадзе прэзыдэнта мае права распараджацца ўсім (у тым ліку, і намі) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Вось уся наша Канстытуцыя. Мы мусім прапанаваць грамадзянам зьмены, папраўкі, новы, палепшаны варыянт Канстытуцыі, дзе б мы вырашылі два асноўныя пытаньні: правы і абавязкі грамадзянаў на кіраваньне беларускай дзяржавай і ўсталяваньне рэальнай адказнасьці ўлады перад народам”.

Упершыню ідэя зьменаў у Канстытуцыю была агучаная спадаром Лявонавым яшчэ на пачатку году. Тады былі выказаныя меркаваньні, што такім чынам кіраўнік фонду “За новую Беларусь” ускосна заяўляе пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Аднак свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі-2006 Лявонаў абвяргае. Між тым, у шэрагах апазыцыі няма асаблівых ілюзіяў наконт рэальных вынікаў такога абмеркаваньня і, тым больш, спадзяваньняў, што нават “ухвалены” народам праект можна будзе аформіць юрыдычна. Вось што кажа выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “Якія могуць быць цяпер зьмены Канстытуцыі, заканадаўства, калі відавочна, што ўсё гэта топчацца, адкідваецца? Патрэбныя нейкія іншыя дзеяньні, трэба назваць галоўнага вінаватага ва ўсёй цяперашняй сытуацыі. Вінаватая Расейская імпэрыя, якая Лукашэнку прывяла да ўлады, якая дапамагла яму ў 1996 годзе пераварот дзяржаўны ўчыніць, якая падтрымлівае яго ва ўсіх дзеяньнях, у тым ліку, падтрымала відавочна сфальсыфікаваныя вынікі рэфэрэндуму. Пра гэта чамусьці не гаворыцца. Не заклікаецца стаць адзіным фронтам, адзінай салідарнай сілай супраць гэтай навалы; ініцыююць розныя, абсалютна непатрэбныя ініцыятывы, мэта якіх — скіраваць пратэставую энэргію, якая ў грамадзтве сапраўды вялікая, у пустэчу”.

Тым часам, кіраўніцтва фонду “За новую Беларусь” заклікае да шырокай дыскусіі ў справе абмеркаваньня праекту Канстытуцыі ў новай рэдакцыі ня толькі прадстаўнікоў апазыцыі, але і дзяржаўных чыноўнікаў, якім не абыякавая будучыня Беларусі.
XS
SM
MD
LG