Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Хэльсынскі камітэт канчаткова выйграў спрэчку з падатковай службай


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі пацьвердзіў перамогу Беларускага Хэльсынскага камітэту ў спрэчцы з падатковай службай. Паводле гэтага рашэньня, з праваабаронцаў зьнятыя прэтэнзіі аб нявыплаце 70 тысяч даляраў падаткаў.

1 чэрвеня Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі зноў разгледзеў справу Беларускага Хэльсынскага камітэту і зноў стаў на бок праваабаронцаў у іхнай спрэчцы з падатковай службай. Прадстаўнік БХК у судзе Алег Гулак не хаваў, што задаволены гэтым рашэньнем.

(Гулак: ) “Для нас вельмі добра, што рашэньне засталося ў сіле. Гэта значыць, што мы можам хаця б у гэтым сэнсе спакойна працаваць далей. Таксама вельмі важна, што засталося ў сіле рэдкае для Беларусі рашэньне, якім зацьверджана вяршэнства міжнароднай дамовы ў параўнаньні з нацыянальным заканадаўствам”.

Спрэчка паміж падатковай службай Маскоўскага раёну Менску і Беларускім Хэльсынскім камітэтам разглядалася гаспадарчымі судамі розных інстанцыяў яшчэ летась. Тады прэтэнзіі падаткавікоў адносна сродкаў, якія Хэльсынскі камітэт атрымаў ад Эўразьвязу на праграмы разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, былі прызнаныя неабгрунтаванымі. Аднак у 2005 годзе ўступіў у дзеяньне новы Гаспадарча-працэсуальны кодэкс, і зьявілася новая магчымасьць абскардзіць рашэньне, якое яшчэ не ўступіла ў дзеяньне. Гэта і зрабіла падатковая служба Маскоўскага раёну, хаця новых аргумэнтаў на сваю карысьць не прывяла.

Летась супраць кіраўнікоў БХК пракуратура завяла крымінальную справу на падставе нявыплаты падаткаў з праграмаў ТАСІS у 2002—2003 гадах. Гэтая справа пазьней была закрытая, і цяпер праваабаронцы спадзяюцца, што пэрспэктываў аднавіць яе ўжо няма. Што да падаткаў з дапамогі, якая абумоўленая міжнароднымі пагадненьнямі, то з 2003 году падатковыя льготы на такую дапамогу дае асабіста кіраўнік краіны. Між тым, грошы, якія выдаткоўваюць Беларусі міжнародныя арганізацыі, да грамадзкіх арганізацыяў часам не даходзяць. Прыкладам, у 2005 годзе беларускія чыноўнікі заблякавалі атрыманьне Беларускім Хэльсынскім камітэтам гранту Эўразьвязу на дапамогу вайсковым пэнсіянэрам.

За мінулы год у Беларусі было закрыта больш за 50 грамадзкіх арганізацыяў, і гэтая тэндэнцыя захоўваецца ў 2005 годзе. Паводле актывістаў грамадзкіх арганізацыяў, беларускія ўлады ўсё часьцей ужываюць падатковыя прэтэнзіі як сродак палітычнага ціску. 2 чэрвеня ў Менскім гаспадарчым судзе будзе разгледжаная справа Саюзу моладзевых і дзіцячых арганізацыяў “Рада”, які падатковая інспэкцыя абвінавачвае ў нявыплаце падаткаў з праграмы ЮНІСЭФ Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
XS
SM
MD
LG