Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 6 чэрвеня партыйныя структуры, якія не знайшлі памяшканьняў у нежылым фондзе, будуць ліквідаваныя (абноўлены)


Валер Каліноўскі, Менск У сувязі з загадам Міністэрства юстыцыі аб пераводзе да 1 чэрвеня ўсіх структураў партыяў і грамадзкіх арганізацыяў з жылога ў нежылы фонд, апазыцыйныя партыі падлічваюць страты. Без зарэгістраваных суполак апазыцыйных партыяў могуць застацца многія раёны краіны.

Сёньня скончыўся тэрмін, які быў адведзены Мін’юстам партыям і грамадзкім арганізацыям для пераводу сядзібаў першасных і рэгіянальных структураў з жылога ў нежылы фонд. Як паведаміў міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў, у адпаведнасьці з Жыльлёвым кодэксам, да 6 чэрвеня будуць ліквідаваныя партыйныя суполкі і аддзяленьні грамадзкіх аб’яднаньняў, якія ня здолелі перавесьціся ў нежылы фонд.

(Галаванаў: ) “Усе арганізацыйныя структуры, якія не прыведзеныя ў адпаведнасьць з Жыльлёвым кодэксам, будуць органамі юстыцыі на месцах зьнятыя з уліку”.

Міністар юстыцыі Галаванаў лічыць, што гэта не зьяўляецца дыскрымінацыяй апазыцыйных партыяў. Ён выказаў спадзяваньне, што ўдасца і Жыльлёвы кодэкс выканаць, і захаваць партыйныя структуры.

У палітычных партыях гавораць пра адваротнае. У прыватнасьці, у БНФ страцяць каля 80% партыйных структураў, паведаміў намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Лабковіч. У нежылы фонд удалося перавесьці адзінкавыя суполкі. На актыўнасьць сяброў БНФ гэта не паўплывае, перакананы спадар Лабковіч, аднак зьменшыць магчымасьці падчас выбарчых кампаніяў — для вылучэньня кандыдатаў, сяброў камісіяў і назіральнікаў. Акрамя таго, гэты крок уладаў — падрыхтоўка да прыняцьця больш жорсткага закону аб палітычных партыях, мяркуе спадар Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Ён прадугледжвае, што кожная партыя абавязаная мець зарэгістраваныя абласныя структуры, а для таго, каб мець абласныя — трэба мець і нізавыя. А калі ўлада стварае немагчымасьць рэгістрацыі такіх структураў, то тады гэта падстава для ліквідацыі палітычных партыяў. Думаю, што гэта можа быць наступным крокам”.

Уладзімер Лабковіч зазначае, што аспрэчваць ліквідацыю партыйных структураў фактычна немагчыма. АГП, БНФ і ПКБ сёлета прайгралі адпаведныя працэсы супраць Мін’юсту ў Вярхоўным судзе.

Міністар Галаванаў паведаміў, што ў Палату прадстаўнікоў сапраўды перададзены законапраект, згодна зь якім Мін’юст, у прыватнасьці, атрымае права прыпыненьня дзейнасьці партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч лічыць, што новы закон сапраўды можа прывесьці да ліквідацыі шэрагу партыяў. Але пра сваю партыю ён спакойны, хаця цяпер ад пераводу суполак у нежылы фонд ЛДПБ таксама значна пацерпіць — будзе зьліквідавана 40—45% партыйных структураў. Пры гэтым магчымасьці вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты будуць скарочаныя амаль на 70%, гэтак жа, як і сяброў выбарчых камісіяў:

(Гайдукевіч: ) “На 70% у Менску, у Віцебску, у Берасьці страцім саму магчымасьць вылучаць ва ўчастковыя і іншыя камісіі”.

У штаб-кватэры ПКБ паведамілі, што страцяць да 40% сваіх структураў.

Намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфер зазначыў, што ў ягонай партыі ўжо ліквідавала 25 структураў з прычыны немагчымасьці іх пераводу ў нежылы фонд. Аднак пагрозы існаваньня самой партыі пакуль няма.

(Альфер: ) “Пагрозы няма, партыя існавала і існаваць будзе, але праца будзе весьціся трошкі цяжэй”. Паводле Сяргея Альфера, амаль у палове раёнаў Беларусі цяпер ня будзе ніводнай са структураў партыяў і рухаў з так званай дзясяткі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG