Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павал Севярынец: “Мы – эўрапейскі народ і мы павінны зрабіць сваю рэвалюцыю аксамітна”.


Вольга Караткевіч, Прага Госьць ранішняй праграмы - Павал Севярынец, лідэр “Маладога Фронту”, асуджаны ўчора на два гады абмежаваньня волі. Павал сёньня дома, у Віцебску і адказвае на нашыя пытаньні па тэлефоне.

(Карэспандэнт: ) Павал, калі ўчора я спрабавала выказаць Вам спачуваньне з нагоды прысуду, Вы далікатна мяне спынілі і сказалі, што гэта ж ня пяць гадоў турмы... Вы - аптыміст у гэтай сытуацыі?

(Севярынец: ) “Па-першае - аптыміст, па-другое - хрысьціянін. “Шчасьлівыя тыя, хто церпіць перасьлед дзеля справядлівасьці, бо іх ёсьць Царства Нябеснае”, - сказана ў Эвангельлі паводле Мацея”.

(Карэспандэнт: ) Павал, калі раней на хімію былі асуджаныя Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч - якія былі вашыя эмоцыі? Як Вы гэта сабе ўяўлялі?

(Севярынец: ) “Мы стараліся іх падтрымаць і падчас суду, да Пашы Мажэйкі езьдзілі маладафронтаўцы. Гэта сапраўды сур''ёзная праблема, сур''ёзнае выпрабаваньне для чалавека - выкінуты з грамадзтва, адарваны ад дома, ён перажывае, скажам так... Але што тычыцца мяне... мне здаецца, з майго досьведу, удасца перанесьці гэта дастаткова спакойна”.

(Карэспандэнт: ) А Вы не баіцеся патрапіць у абсалютна іншае асяродзьдзе?

(Севярынец: ) “Будзе вельмі цікава акунуцца ў глыбіню беларускага народу, можна нават сказаць на дно, бо я прыблізна ўяўляю кантынгент, які цяпер ёсьць на хіміі. І вось пасьля леташняе кампаніі, калі давялося прайсьціся па кватэрах у ня самых фэшэнэбэльных раёнах Віцебску, я зразумеў, што чэрпаць падтрымку і сілу ў палітычнай дзейнасьці трэба якраз вось тут, у гэтых сацыяльных пластах”.

(Карэспандэнт: ) А Вы ведаеце дзе Вы будзеце адбываць пакараньне?

(Севярынец: ) “Пакуль гэта не вядома, пакуль ідзе этап абскарджаньня рашэньня суду, таму ўсё гэта вызначыць камітэт выкананьня пакараньняў”.

(Карэспандэнт: ) Як наагул можна ацаніць гэтыя апошнія дзеяньні ўладаў - адных палітыкаў на хімію, іншым - велізарныя штрафы, пасьля - канфіскацыі, забіраюць нават кніжныя паліцы, як гэта было з Марынай Багдановіч з Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі? Некаторыя называюць гэта агоніяй улады. Як бы Вы ахарактарызавалі такія захады?

(Севярынец: ) “Гэта натуральны працэс палітычнай зачысткі перад кампаніяй 2006 году. Працэс натуральны, але яны спазьніліся. Таму што ўжо вырасла пакаленьне, якое проста ня можа жыць пры гэтым рэжыме. І рана ці позна яно пераможа”.

(Карэспандэнт: ) Доўгі час Вас называлі “маладым палітыкам”. Вы асабіста адчуваеце, што на зьмену Вам прыйдуць іншыя людзі, якія падзяляюць Вашыя погляды і погляды якіх падзяляеце Вы?

(Севярынец: ) “Яны ўжо прыходзяць. Варта сказаць, што ў “Маладым Фронце” ўжо зьмянілася кіраўніцтва, і мне здаецца, што арганізацыя мае другое дыханьне. Той самы Зьміцер Дашкевіч, Сяржук Лісічонак, Артур Фінькевіч, Паша Красоўскі, тыя, хто галадае цяпер у Жодзіне - гэта сапраўдныя змагары”.

(Карэспандэнт: ) Хто ў часе Вашага зьняволеньня будзе кіраваць “Маладым Фронтам”?

(Севярынец: ) “Сустаршыні Зьміцер Дашкевіч і Сяржук Бахун. Таксама я вельмі спадзяюся на Сержука Лісічонка - намесьніка, які мае вельмі вялікі досьвед у міжнародных справах. Гэтыя людзі справяцца”.

(Карэспандэнт: ) Павал, ці можна сказаць што беларуская палітычная апазыцыя лічыцца з думкай нацыянальнай непалітычнай, культурнай эліты – я маю на ўвазе пытаньні мовы, культуры, салідарнасьці зь дзеячамі культуры, якія таксама церпяць ад цяперашняй улады?

(Севярынец: ) “Гэтае пытаньне дастаткова складанае. Мне здаецца, што і ў цэлым грамадзтва, і як фокус гэтага грамадзтва – палітычная апазыцыя – надаюць мала ўвагі такім рэчам. Не перашкодзіла б быць значна больш нацыянальна салідарнымі, не перашкодзіла б значна больш увагі надаваць беларускай мове. Але я з задавальненьнем магу сказаць, што абсалютная большасьць сёньняшніх лідэраў беларускай апазыцыі ў сваім коле размаўляе па-беларуску і стараецца гэтыя пытаньні не адсоўваць на другі плян”.

(Карэспандэнт: ) Учора ў нас была гутарка з Анатолем Лябедзькам, і ён прагназаваў разьвіцьцё палітычных падзеяў у Беларусі і сказаў, што падзеі будуць прыблізна падобныя да ўкраінскага варыянту: варыянт Януковіча – гэта Казулін, а ўсё астатняе – гэта “мы”. Нявызначанасьць з адзіным кандыдатам Вас як палітыка турбуе, або Вы лічыце, што гэта нейкая схаваная тактыка?

(Севярынец: ) “Пакуль што гэта бянтэжыць. Бянтэжыць таму, што ва Ўкраіне быў выразна вызначаны лідэр, прычым усенародна прызнаны. Зрэшты, у нас такія лідэры ня могуць вырасьці паводле вызначэньня, бо сыстэма больш жорсткая. Але тое, што ў Беларусі мусіць быць менавіта ўкраінскі варыянт, а не кіргіскі, дык тут я перакананы. Максымум – сэрбскі. Сэрбскі, грузінскі, але ні ў якім разе не крывавая рэвалюцыя. Мы – эўрапейскі народ і мы павінны зрабіць сваю рэвалюцыю аксамітна”.

(Карэспандэнт: ) Нашыя слухачы добра ведаюць Вашую палітычную дзейнасьць, мы рэгулярна пра гэта расказваем. Хацелася б пагаварыць пра Вашыя асабістыя, непалітычныя прыхільнасьці – літаратурныя, культурныя, музычныя.

(Севярынец: ) “З апошняга, што чытаў... Па-першае, працую над разважаньнямі біскупа Райла, разважаньнямі над Эвангельлямі – гэта такі семітомнік. НУ, гэта зьвязана хутчэй з кнігай, якую я цяпер пішу, патрэбная грунтоўная тэалягічная падрыхтоўка. Чытаў кнігу “Першы Ўкраінскі” расейскага журналіста Андрэя Калесьнікава пра падзеі ва Ўкраіне. “Хазарскі слоўнік”. З музыкі – слухаў песьні з Майдану, тое апошняе, што хлопцы прывозілі. Вельмі спадабалася. Хадзіў у кіно падчас суду – “Зорныя войны-ІІІ”. Трэба быць у курсе”.

(Карэспандэнт: ) Спадабалася, ці проста трэба быць у курсе?

(Севярынец: ) “Ну, трэба быць у курсе, і спэцэфэкты, вядома ж, уражваюць...”

(Карэспандэнт: ) Нейкім чынам Ваша палітычная дзейнасьць або Ваш ужо сфармаваны вобраз уплывае на Ваша асабістае жыцьцё? Ці ёсьць у Вас, напрыклад, ... прыхільніцы?

(Севярынец: ) “Ня думаю. (Сьмяецца). Ня думаю, што гэта патрэбна, і ня думаю, што гэта ёсьць. Ну а наконт ці ўплывае – безумоўна, такі лад жыцьця паглынае ўсё асабістае. Трэба ахвяраваць асабістым, каб найбольш актыўна дзейнічаць у справе”.

(Карэспандэнт: ) А што Вы кажаце на сходах “Маладога Фронту” вашым маладзейшым сябрам? Што вы ім раіце? Якую трымаць пазыцыю, жыцьцёвую лінію ў вельмі складанай беларускай сытуацыі, калі фактычна парушаная гіерархія ўсіх каштоўнасьцяў, ад узроставых да полавых, рэлігійных і г.д.?

(Севярынец: ) “Стараюся аднавіць гэтую гіерархію каштоўнасьцяў. І – хлопцы не дадуць схлусіць – найбольш часта падаю цытаты зь Бібліі. Абапіраюся на Сьвятое Пісьмо. Тут надыйшлі такія часы, калі трэба ўжываць самую моцную зброю. Самая моцная зброя, на мой погляд – гэта Біблія. Яна адказвае на ўсе пытаньні”.
XS
SM
MD
LG