Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Статкевіча: "Некалі прыйдзе судны дзень..."


Алесь Дашчынскі, Менск Як паставіліся Валянціна Статкевіч да судовага выраку Міколу Статкевічу.

Паводле старшыні віцебскай абласной арганізацыі Аляксея Гаўруцікава, гэтае пытаньне было абмеркавана ўчора на выканкаме партыі.

(Гаўруцікаў: ) “Прынялі рашэньне, што ніякіх пераменаў ня будзе. Як толькі вызначацца судовыя ўлады зь месцам адбываньня “хіміі”, мы будзем праводзіць пасяджэньні выканкаму ў гэтым населеным пункце, закон нам гэта не забараняе. Праца партыі будзе працягвацца ”.

Старшыня партыі жанчын “Надзея” Валянціна Матусевіч нагадала, што супраць Міколы Статкевіча апошнім часам рабіліся правакацыі.

(Матусевіч: ) “Я задаволена, што не здрадзілі таварышы Міколы Статкевіча, што ўсе яго паплечнікі разумеюць, што адбылося. Мікола Статкевіч вернецца не на папялішча, а ён вернецца і будзе кіраваць далей моцнай партыяй. Нават няма і гаворкі, што партыя разваліцца ”.

Першы намесьнік Міколы Статкевіча Алесь Арастовіч зважае на той факт, што цяперашні прысуд спадару Статкевічу пазбаўляе яго магчымасьці ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Практычна ён у нечым паўтарае лёс экс-прэм''ера Міхаіла Чыгіра.

(Арастовіч: ) “Мікалай Віктаравіч - лідэр партыі, партыя амбіцыйная, партыя ніколі не хавала таго, што абірае парлямэнцкі шлях да дэмакратыі і мы нават выступілі супраць байкоту выбараў. А калі мы адчулі пэўныя сілы, мы вырашылі прапанаваць беларускаму народу на пасаду прэзыдэнта ў якасьці будучага кандыдата старшыню нашай партыі. Чалавек, які вырашыў скарыстацца сваім канстытуцыйным правам і прапанаваць народу сваю кандыдатуру ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, можа апынуцца на нарах. Я думаю, што гэта распачалася звычайная барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць. Статкевіч толькі першы, так бы мовіць ”.

(Карэспандэнт: ) “Алесь, у сувязі з тым, што спадар Мікола цяпер, хутчэй за ўсё, наўрад ці зможа выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары, то ў такой сытуацыі, ці мяркуе партыя выставіць нейкую іншую кандыдатуру?”

(Арастовіч: ) “Не, мы будзем прымаць удзел так, як сплянавана “дзясяткай”. Мы ведаем, каго мы будзем падтрымліваць ”.

Як паставілася да ўчорашняга выраку суду жонка Міколы Статкевіча спадарыня Валянціна?

(Валянціна: ) “Як вы хочаце, каб жонка паставілася – добра ці кепска? Вядома, кепска. Я лічу, што гэта проста пачварна – за выступ на мітынгу, там ніякіх парушэньняў такіх не было, за што можна было б так караць. Вядома, што гэта палітычная справа, але я думаю, калі гэта прэзыдэнт спыніцца, не баіцца, як кажуць, ні Бога, нічога. Як кажуць, некалі ж прыйдзе судовы дзень. Усе ўчынкі нашага прэзыдэнта мяне проста шакуюць. Я лічу, што гэта загад зьверху. Бо калі я была на судзе, я бачыла як судзьдзя сядзеў і маляваў пальцам кружочкі на нейкай там кнізе, а пасьля яму нешта не спадабалася ці спадабаўся выступ Паўла Севярынца, ён усьміхнуўся так скептычна, маўляў, вы тут гаварыце, гаварыце, а мы пасьля ўстанем і скажам, які прысуд, - так і адбылося. Я па выразе яго твару зразумела, што нічога апраўдальнага мы сёньня не пачуем".

(Карэспандэнт: ) “Ці вытрымае спадар Мікола такі ўдар?”

(Валянціна: ) “Мікола вытрымае, ён мужны чалавек. Адзінае, вядома, што нам будзе цяжка. Мне будзе цяжка без яго і яму без мяне таксама. Але ён вытрымае. Палітыка для яго справа найважнейшая, справа жыцьця, я так думаю.”
XS
SM
MD
LG